Выбрать главу

Ён скончыў чытанне і ўсё яшчэ ўслухоўваецца ў выдыхнутую патоку прарочых слоў і музыкі.

— Можаш сабе не паверыць, але прысвячэнне да «Сымона» я напісаў, не выязджаючы з Мінска, калі яшчэ не ведаў гэтага. Заключэнне — іншая рэч. Там уплыў выразны. Не саромеюся, хоць гавару першы раз. I з якіх бакоў ні браліся за майго «Музыку», ніхто не злавіў мяне за руку, не дайшоў, куды яна акунулася. А цяпер, можа, і пабаліць твая кніжная душа, будзем лічыць, што ты падараваў мне «Калевалу».

«Калевала» перайшла ва ўладанне Канстанціна Міхайлавіча. Пераехаўшы ў Мінск, пралежала з месяц на пісьмовым стале. У самым блізкім суседстве з «Сымонам-музыкам», адкуль вытыркалі закладкі. Мяне непакоіла толькі адна з даволі загадкавымі запісамі: «Дух творчасці» і «Лірычныя адступленні». Але неўзабаве абедзве кнігі перабраліся ў шафу. Заставалася зноў чакаць шчаслівага выпадку, які памог бы адгадаць: а што ж меў на ўвазе Канстанцін Міхайлавіч.

Пабрацімства

Прыхільнік таленту А. Твардоўскага. Паэт і аграном. Дзверы для музы. «Дазвольце вашы дакументы». Твардоўскі чытае паэму. «А ці скора будзе тая даль, мілы вецер?»

У клуб імя Дзяржынскага не даступіцца. Ідзе пісьменніцкі з’езд, першы пасляваенны.

Аляксандр Твардоўскі гаворыць аб нашай літаратуры. З добрай увагаю, мерае творы вялікаю мераю: не на дзень, не на тыдзень хады, а на ўвесь поступ народа. I ні ў чым не адступаецца ад свайго строгага густу. Па прыклады лепшага і горшага не трэба далёка хадзіць, — ён рэдагуе анталогію нашай паэзіі і зазірнуў у яе аблічча зблізку.

Такая гаворка не можа не абудзіць, хоць бы яно і прыснýла ў каго, добрага нездавальнення сваёю работай.

Відаць па ўсім, гэта падабаецца Коласу. Калі прамоўца вяртаецца на месца, Канстанцін Міхайлавіч перасаджваецца бліжэй і цісне яму руку, дзякуе.

Назаўтра Колас спыніў мяне каля ўваходу ў залу:

— Не бачыў Аляксандра Трыфанавіча?

У руках у яго зборнік вершаў паэта, мусіць, толькі што купіў у кіёску.

На гэтыя словы якраз і нахваціўся той, каго шукалі. Павітаўшыся, Колас падае кніжку:

— Падпішыце яшчэ аднаму прыхільніку вашага таленту.

Твардоўскі крыху сумеўся.

— Выбачайце, Канстанцін Міхайлавіч. Не маю права падпісваць вам на хаду. Дазвольце ўзяць з сабою.

Звініць званок на пачатак пасяджэння.

Нарэшце адгаварыліся прамовы, выказаліся ўсе наказы і пажаданні, агаласіліся ўсе дружбацкія тосты — дэлегаты і госці пачынаюць раз’язджацца.

Канстанцін Міхайлавіч вырашыў і сабе даць спачын, паблукаць па лесе. Як і заўсёды перад дарогай, пачынае збірацца загадзя. Тупаючы па садзе, вызначае гадзіну ад’езду. Далей абмяркоўваецца праграма наведвання ўлюбёнай мясціны, дзе спыніцца на дарозе, з кім сустрэцца.

Клічуць да тэлефона. Канстанцін Міхайлавіч вяртаецца здаволены.

— Аляксандр Трыфанавіч! Гаворыць: «Хацеў бы пабачыцца, развітацца. А калі ўвалюся не адзін?» Збірайце, кажу, усіх, хто вам па сэрцу… Рагоча ў трубку: «Галоўнае, каб вам да сэрца былі».

Канстанцін Міхайлавіч усміхаецца сам сабе:

— Мусіць, не забыўся-такі пра абяцанае.

Неўзабаве прыехалі Твардоўскі, Андрэй Малышка і Аркадзь Куляшоў. Проста каля брамы Аляксандр Трыфанавіч перадае гаспадару некалькі сваіх кніжак.

— Гэта ўсё, што знайшлося тут. — I стараецца папярэдзіць словы падзякі: — А тая, на якую вы патраціліся, хай застанецца ў мяне. На памяць. Як навочны ўрок павагі да старэйшых. Вы — умелы педагог, Канстанцін Міхайлавіч.

Колас перш за ўсё вядзе да клумбы з жытам. Участак засяваецца штогод, і па ўраджаі з яго гаспадар мяркуе, як зародзіць збожжа сёлета.

Твардоўскі робіцца вельмі ўважлівы і хвіліну як бы адсутнічае, відаць, замацоўвае штосьці ў памяці. Потым вяртаецца ў размову з жартам:

— У Беларусі ніколі не ўгадаеш, што цябе чакае: вось ехаў да паэта, а трапіў яшчэ і да агранома. Па-мойму, такою справаю не грэх бы і ўсёй Акадэміі заняцца, не толькі віцэ-прэзідэнту.

Твардоўскаму тут усё падабаецца, а найболей, што сядзіба з высокімі хваінамі, рабінкамі і кустамі арэшніку нагадвае нячэпаны лясны куток.

Каля ягадных градак ён спыняецца і называе трускалкі суніцамі.

— Сапраўдныя садаводы толькі так і гавораць, ніколі не памыляцца. Таксама крыху маю дачыненне да гэтага племені. У мяне пад Масквою шпаковенька. Можа, завітаеце калі?