Выбрать главу

— Абавязкова, — хітравата дзякуе Колас, — для абмену вопытам. Напэўна ж, прыехаўшы да паэта, траплю і да садоўніка. — Размова робіцца яшчэ прастарнейшая і пераходзіць у дом.

Пасядзеўшы ў рабочым пакоі, госці заглядаюць і ў Коласаву спаленьку, дзе толькі і мэблі, што просты ложак і столік з прыёмнікам.

— Строга жывяце, Канстанцін Міхайлавіч, з усмешкай кажа Твардоўскі, — чыстая манашая келля.

Раптам ён заўважае, што са спальні ёсць другія дзверы (тады яны не былі замурованы), проста на сходы.

— Ага, разумею, — Твардоўскі паказвае на запасны выхад, — гэта для музы. Якую, так сказаць, пры выпадку і абняць можна. Што ж, усё акурат у духу манастырскіх традыцый.

Весялей за ўсіх смяецца Колас.

— Маладое вока! А я ўсё не мог ладу дабраць, каб гэтыя дзверы не гулялі.

Ён запрашае за стол.

— Не адмаўляцца! Да цягніка далёка. Вы першы раз у мяне дома, гэта адно, а другое — чаму б нам не пагаварыць, працягнуць учарашні вечар.

Учора была сяброўская вечарына ў гонар гасцей і дэлегатаў з’езда. Недзе ў сярэдзіне бяседы прапанавалі пачытаць вершы, балазе сабраліся паэты амаль з усіх братніх рэспублік.

Твардоўскі размаўляў з заслужаным ваенным. Перад гэтым паэта доўга не адпускала вялікая аўдыторыя ў Доме афіцэраў, — ён, відаць, змарыўся і цяпер разлічваў правесці вечар без клопату. А тут зноў выклікалі на чытанне.

Твардоўскі падняўся бледны. Ці то ад нечаканасці, ці то не ўспаміналіся патрэбныя радкі, але ён маўчаў. Гамана аціхла, усе вочы скіраваліся на яго. Паўза відавочна зацягвалася.

Колас нахіліўся да суседа:

— Нічога, зацішак бывае перад добрым дажджом.

Сказана гэта было напаўголасу, але Твардоўскі пачуў, пасміхнуўся Канстанціну Міхайлавічу аднымі вачыма.

— «Пераправа», — абвясціў ён.

Цэлы раздзел з «Васіля Цёркіна»! Ці не рызыкоўны крыху выбар для банкетнай залы?

Мне пашчасціла слухаць Качалава і Яхантава, па цэлым тыдні я хадзіў пад уражаннем вершаў Маякоўскага, пачутых з яго вуснаў.

Тут было нешта зусім адменнае. Паэма не чыталася, а як бы імправізавалася на нашых вачах. Уладаю таленту паэт зноў выклікаў сваё першапачатковае перажыванне, уключыў у яго слухачоў. Доўгі стол пад беласнежным абрусам, застаўлены кветкамі, што яшчэ дыхалі сонцам, раптоўна змяніў выгляд, стаў свінцоваю плынню асенняй ракі. І ў ёй — рускія хлопцы, стрыжаныя, — як поўна і горка ўдарыла гэта слова стратай непражытай маладосці. Бо каб былі нястрыжаныя, дык аралі б поле ці танцавалі на вечарынках. А так «цёплыя, жывыя ішлі на дно, на дно, на дно»…

Уздыхнулася ўсім нядаўнім салдатам, спыніўся на момант і чытальнік. Прыглушыў хваляванне ў голасе і павёў нас далей. Чорная кропка на рацэ, што вось-вось схваціцца лёдам, і трывожныя здагадкі дазорных: можа, разведчык ці ўсплыў хто-небудзь з тых, са дна?.. А кропка вырасла ў байца, і адубелы Цёркін вылазіць на бераг. Яму няёмка крыху: за што такі клопат — кладуць на ложак, расціраюць спіртам. Ці не лепш ужыць уратоўчую кроплю па простым прызначэнні?

Уважылі: глынуў і адразу ж акрыяў. Далажыў, як і што, і гатоў вяртацца назад, цераз тую самую сцюдзёную глыбіню, ад аднаго позірку на якую ў чалавека замлявае сэрца. А калі ўжо хваліце салдата, дык ці нельга паўтарыць порцыю агравальнага, не «таму, што маладзец», дарога ж у два канцы!

Бой выйграў не адзін герой. Напэўна, у такіх выпадках старажытныя вянчалі паэтаў лаўрамі. А мы, узрушаныя, доўга не наважваліся ўдарыць у далоні, а калі ўдарылі, не маглі спыніцца.

— Ваенная паэма, а ваюе супраць вайны! — гаворыць хтосьці поруч.

Мяне турбуе іншае. Не, няма, мусібыць, большай магутнасці за гэту чартоўскую магутнасць, сотні разоў адмоўленую і тысячы разоў сцверджаную — натхненне! Вось зараз яна выхапіла з рэальнага існавання, з шумнай бяседы, дзесяткі розных інтарэсаў і характараў, прыхільнікаў і непрыхільнікаў, зрабіла іх суадчувальнікамі і перанесла няма знаць куды, не скажу ў зусім нябытае, у бытае, але такое, што ніколі б не ўявілася гэтак поўна, не сфармавалася б у жывы свет без яго, паэтавага, сэрца, без яго, паэтавай, рукі.

Недзе чыталася, што Адам Міцкевіч пасля сваіх натхнёных імправізацый ледзь не падаў у непрытомнасці. А як жа той, хто вось зараз не проста даваў адчуць дотык ледзяной хвалі, а бязлітасна акунаў нас у забіваўшую духі халадэчу, аж пачыналі паляскваць зубы, і потым шчодра абаграваў паходнаю стопкай, як жа ён?

Ён ужо не быў голасам пачуцця ў постаці высокага бледнага чалавека, які меў сілу на цуд ператварэння попелу ў залаты пясок і нядужых — у асілкаў. Ён стаў такім, як усе наўкола, трохі падвяселеным, такім, як быў нейкіх паўгадзіны таму, Аляксандрам Трыфанавічам са знаёмай усмешкай у вачах.