Бяседа была пры канцы, паэма даўно праслухана і, відаць, дружна пахвалена, але неўтаймоўны аўтар захацеў участаваць ёю і тых, што спазніліся. Астатнім давялося слухаць другі раз.
Крыху асалавелы празаік, з кім мы прыперліся сесці на нейкай калодачцы, раз-поразу штурхаў мяне пад бок:
— Моцна напісана, нічога не скажаш, моцна!
Захоплены сваім тварэннем, паэт чытаў з дрыготкаю ў голасе і, падбадзёрваючыся ўхвальнымі позіркамі прысутных, набіраў усё больш гарачнасці.
Напачатку Твардоўскі быў выказаў крыху цікавасці, але хутка зрабіўся безудзельным і сядзеў, пакручваючы ў руках трохзубы відэлец.
— Ну, як, добра? — з выглядам пераможцы спытаў аўтар, тым самым рыхтуючы сабе пахвальны водгук.
У такіх выпадках лягчэй за ўсё сказаць малазначнае слоўца ці зрабіць прыхільны рух. Твардоўскі маўчаў. Быццам не чуў пахвал, што сыпалі, падмацаваўшыся, госці. Пасля нягучна прамовіў:
— Я лічу твор добрым, калі магу ў ім хоць чаму пазайздросціць. А зараз, даруйце мне…
Кампанію апанавала збянтэжанне, і, як ні дзіўна, пярэчанняў не пачулася. Толькі крыху ацвярожаны гаспадар пачаў нешта не вельмі далікатнае…
Твардоўскі падняўся.
— Прашу прабачэння. Я выпадкова трапіў сюды. Прыйшоў дзяркач на неба, дзе месці не трэба. (Літаральна была ўжыта ідыёма «Не каждому топору быть ко двору».) Значыць, бывайце здаровы, таварышы!
Следам за Твардоўскім выйшаў Куляшоў. Падняўся і я — не праз каго ж іншага здарылася непрыемнасць. Кінуліся на раздабыткі па горадзе: трэба закончыць вячэру і знайсці начлег.
Прачытаная рэч мне падабалася, мала таго, яе хвалілі Якуб Колас і Кузьма Чорны. Тады хто памыліўся? А можа, яны рабілі гэта па сяброўскай прыхільнасці, каб заахвоціць да далейшай работы?
У нейчай пустой кватэры пачалі, чым маглі, выпраўляць становішча, найбольш тым, што не закраналі ў гаворцы здарэння. Твардоўскі, здавалася, не прыняў нічога да сэрца і неўзабаве ўжо чытаў раздзелы з яшчэ незавершанай паэмы «Дом пры дарозе».
…Тут растлумачылася шмат чаго. Магчыма, у іншы час Твардоўскі быў бы мякчэйшы да нашага аўтара. Але патрабавальны майстар жыў у сваім творы, дзесьці спрачаўся сам з сабою, папраўляў і ўдакладняў сам сябе, не даруючы найменшае прамашкі і паспешнасці.
Усё гэта адчулася ў чытанні, калі паэт правяраў на нас, сваіх першых ці няпершых слухачах, што ўдалося, а што яшчэ і яшчэ трэба пускаць у пераплаўку. Чаго ж дзівіцца, калі ён патрабуе такой работы і ад іншых!
Пачаліся гаворкі. Добра было б апублікаваць хоць урывак з гэтай рэчы ў нас! Упершыню, не чакаючы маскоўскіх выданняў. Твардоўскі завагаўся і нечакана даў згоду.
Калі было пагашана святло, паэт прамовіў, умошчваючыся на мулкай канапе: «Но если по дороге — куст встает…» Я ведаў гэтыя радкі Марыны Цвятаевай і ў думках дакончыў: «Особенно — рябина». Няцяжка было здагадацца: паэт занудзіўся па доме і цяпер, едучы туды, радуецца недалёкай сустрэчы з роднай Смаленшчынай…
Раніцаю паехалі ў Дом друку, пазнаёмілі Твардоўскага з адным работнікам рэдакцыі. Дамовіліся хутка, паэма ідзе ў бліжэйшы нумар, з бухгалтэрыі прынеслі невялікі аванс.
Твардоўскі падняўся ісці дыктаваць урывак машыністцы і раптам спыніўся, відаць, праз далікатнасць:
— Давайце, пачытаю спачатку вам. А можа, не ўпадабаецца, нашто тады машынку ганяць.
Ходзячы ўздоўж сцяны, ён добрыя паўгадзіны чытаў на памяць напісанае. Гаспадар кабінета сядзеў у паставе каменнага ідала, нарэшце літасціва пасміхнуўся:
— Надрукуем.
— Тады, каб не траціць часу, я не буду дыктаваць зараз. Куляшоў перадасць вам рукапіс, блакнот у яго на кватэры.
Не ацаніўшы гэтага добразычлівага кроку — да права першай публікацыі дадаваўся яшчэ і аўтограф, — супрацоўнік насцярожыўся: ці не даў ён якое прамашкі? Падняўся з крэсла і працадзіў:
— А ўсё ж, таварыш Твардоўскі, дазвольце вашы дакументы.
Мы ўкамянелі.
Твардоўскі змяніўся з твару і абвёў нас вачыма:
— Ваша праўда, безумоўна, і ваша права!
Не выпускаючы з рук, ён паказаў рэдактару ваеннае пасведчанне, паклаў на стол аванс і хутка выйшаў.
Тут ужо не вытрымалі мы. Такі паэт робіць табе ласку, дае выдатную рэч, а ты! Пад гарачую руку нагаварылі многа чаго.
Ён ні кроплі не пакрыўдзіўся, толькі ляніва адмахнуўся рукою.
— Адкуль я ведаю, мала розных прайдзісветаў цяпер валочыцца? Трэба правяраць.
Не сваімі нагамі выходзілі мы на вуліцу, думаючы, што Твардоўскага ўжо следу няма. Нічога падобнага! Аляксандр Трыфанавіч стаяў пры «газіку» і весела расказваў пра здарэнне свайму шафёру.
— Шанцуе мне ў вас! Сустрэчы — на ўсё жыццё. Каб хто расказаў, дык хоць бажыся і кляніся ён, не даў бы веры.