У голасе Твардоўскага не чуваць нават маленькага засмучэння: падхапіў каларытны выпадак і цешыцца ім як мастак — смешна і цікава, ёсць што людзям расказаць, а каму якая справа, з кім гэта здарылася.
Нам робіцца многа лягчей. Просім даць урывак — перакладзём і надрукуем.
Тут усіх апаноўвае смех. Несутрымны, раскацісты, калі рагоча ўся істота, высмейваючы з сябе няёмкасць ці ўяўную трывогу, як толькі павернецца яна другім, нечаканым і таму вясёлым бокам.
Мы рагочам у машыне, рагочам у магазіне. Зірнуўшы на нас, пачынае смяяцца прадаўшчыца і пытае, як у дуроннікаў-падлеткаў:
— А што вы смешнае з’елі, ці не жабу?
— Была такая закуска, — кідае нехта з нас.
Гэта дае новую спажыву весялосці. Дабіраемся ў драўляны дамок на ўскраіне, там наразаюцца скваркі і пячэцца вялізная патэльня яечні. Гаворка плыве ў трывалых берагах франтавое і ўсякай іншай турботы.
Неўзаметку перайшло за паўдня: трэба развітвацца, віднага часу толькі-толькі стане даехаць да Смаленска. Твардоўскі помніць абяцанне і перадае старонкі з запісной кніжкі — невялічкія, у клетку, густа запісаныя ліловым атрамантам, яны ад таго часу перахоўваюцца ў мяне.
Гэта гісторыя стала крылатай. Не паспее хто-небудзь прачытаць новы верш сябрам, як адразу чуецца: «А дазвольце вашы дакументы».
У той вечар Канстанцін Міхайлавіч давяршае нявыдуманую навелу нявыдуманай канцоўкай:
— Гэты работнік неўзабаве апынуўся на Палессі, здаецца, у зямельным аддзеле.
— Давай яму бог, — заўважае Твардоўскі, — чалавеку ніколі не пашкодзіць пакланіцца зямлі.
— Так, калі зямля яму што-небудзь дала. Але, магчыма, і гэты навучыцца пазнаваць, дзе авёс, дзе бульба. Па праўдзе сказаць, рэдакцыйнае крэсла даўно ўжо сумавала па іншым чалавеку. Граматы меў мала. Казалі, дадуць яму гранкі, дык ён, бядак, сядзіць-сядзіць з чырвоным алоўкам, а потым кліча суседа: «Ідзі сюды! Я, ліха матары, зноў забыў, як гэту закрутку ў мяккім знаку ставіць: у правы бок ці ў левы?»
— Такую рэч, Канстанцін Міхайлавіч, вы маглі б і Ляскову падараваць.
— Падабаеце яго? — Колас не чакае адказу. — Па-мойму, нельга не любіць. Са словам цуды рабіў, а гумар! Для яго ў Беларусі знайшлося б не адно цікавае здарэнне з духоўным саслоўем. Некалі мне расказвалі, вось. Прыехаў у адзін павет, у глыбінку, архірэй, суровага звычаю чалавек. Сабраў сваіх даўгакосых і даўгакрысых і пачаў: пастоў не трымаецеся, у карты рэжаце, злога духа цешыце. А наперадзе самае страшнае: трэба падыходзіць пад благаславенне. Папы дрыжаць: благаславіць ці не, чаго добрага, наложыць епіцім’ю, а там і сан страціш. Але грозны пастыр быў у добрым настроі, і ўсё абышлося лёгкім ушчункам. Дайшла чарга да дзячка, ён не вытыкаўся на вочы і больш за ўсіх перакалаціўся, стоячы ў кутку, баяўся, каб не выгналі за чарку. Нідзе не дзенешся, ступіў наперад, злажыў далоні накрыж, схіліў над ім галаву:
— Благаславі, уладыка!
Той глянуў і адвярнуўся: што ж гэта за свяшчэннаслужыцель, брудны, абшарпаны, учарашняй гары не выдыхаў, уся бяда па носе відаць.
— Ваша прэасвяшчэнства! — узмаліўся няшчаснік. — Злітуйцеся! Успомніце, мы з вамі ў бурсе на адной лаўцы сядзелі.
— Не помню, не помню.
— Ваша прэасвяшчэнства, вы ж у мяне задачкі спісвалі…
— Не помню, не помню.
— Ваша прэасвяшчэнства, — дзячок зашаптаў, выкладаючы апошні козыр: — А як цераз сцяну лазілі, поначы, да малочніцы Насці?..
— Багаяўленскі! Ах! — ва ўладыкі вырвалася бурсацкае слоўца. — Помню, помню! Благаслаўляю і дарую. Ідзі з мірам!
Апавядальніку робіцца смешна самому. Перадыхнуўшы, ён дадае:
— Папы зрабілі выгляд, нібыта зусім нічога не пачулі, але архірэю ўсё ж давялося перабрацца ў другую епархію.
— Ваша апавяданне, — кажа Твардоўскі, — Ляскоў у чыстым выглядзе. Магу прапанаваць штосьці падобнае. Праваслаўе заўсёды асіміліравала іншыя рэлігіі… Так і цяпер, дакладней, зусім нядаўна…
Мы слухаем новую гісторыю. Попік з далёкага раёна прыехаў да ўладыкі са скаргай: прыход бедны, сям’я вялікая, а ён атрымлівае харчовую картачку літар Б.
Архірэй зняў тэлефонную трубку:
— Аддзел забеспячэння? Да вас бацюшка прыйдзе. Айцец Сулейман, дай яму літар А.
Канстанцін Міхайлавіч прыняў усю бяседу на сябе, успомніў яшчэ тое-сёе і вымагае ад кожнага расказаць што-небудзь «ляскоўскае».
— Хіба што і я ўспомню, — згаджаецца ўкраінскі госць, — але з бліжэйшага часу.
Андрэй Малышка маляўніча расказвае, як да іх прыехаў архірэй не архірэй, аднак асоба высокая. Сабраў пісьменнікаў, вылажыў праграму: што ў літаратуры — пад неба, а што — пад зямлю. Гаворкі не атрымлівалася. Тады пачаў падкідаць ліслівыя слоўцы, звяртацца да кожнага паасобку, называць паймённа: «Што ж вы маўчыце? Я ж вас яшчэ з камсамола помню». Зноў цішыня. Толькі чуваць, як ён пастуквае пальцамі па стале і кулакі пачынае камячыць. Слухайце і разумейце! Дый гэта не дапамагло. Давялося яму таксама змяніць епархію.