Выбрать главу

Яны сустракаліся з Твардоўскім не так часта і не так блізка, каб умацаваліся тыя чалавечыя адносіны, што звычайна называюць дружбай. Але, пабачыўшыся, гэтыя два, вельмі стрыманыя на выяўленне пачуццяў, чалавекі былі заўсёды рады. Ім лёгка гаварылася, часам маглі дазволіць сабе і памаўчаць.

Шараватая снежаньская раніца ніяк не можа разгуляцца і асвятліць гасцінічны нумар. Перададліжны змрок нервуе Канстанціна Міхайлавіча.

Тэлефонны званок: «Ёсць патрэба параіцца!» — кажа Твардоўскі.

— Вось і добра, а то вельмі павольна час ідзе. — Колас задаволены з магчымасці адарвацца ад клопату. — Пагамонім з чалавекам. А ты куды збіраешся?

Адгаворваюся справамі: мала якая ў іх можа быць рада, хай застаюцца лепш вока на вока.

Вяртаюся, калі госць і гаспадар паспелі паснедаць, гавораць пра юбілейны вечар.

— Хочаце паслухаць маё выступленне?

Як звычайна, Твардоўскі чытае па памяці. Колас адказвае тым жа. Некаторы час трывае цішыня, відаць, яны моўчкі раяцца між сабою. Потым увагу Аляксандра Трыфанавіча прыцягвае вялікая сашчэпка, якая змацоўвае дзве старонкі Коласавага верша.

— А гэта нашто?

— Усё здараецца… Возьме падхопіцца вецер і панясе… — нібыта сур’ёзна тлумачыць Колас.

— Вецер, у Вялікім тэатры? — таксама нібыта сур’ёзна здзіўляецца Твардоўскі. — Наўрад ці ён будзе туды дапушчаны.

— Я не спадзяваўся б на памяць, Аляксандр Трыфанавіч. А што, калі раптам выйдзеце на трыбуну і забудзеце?

— Тады мне ўжо ніякая сіла не дапаможа.

Твардоўскі апранаецца, яму да твару ладны балгарскі кажух. Канстанцін Міхайлавіч шкадуе, што не ўзяў свайго кажушка.

— Можна было б куды-небудзь разам па дровы паехаць.

— У лес трэба ватовачку прызапашваць. Заўтра пабачымся!

Была і ў лесе сустрэча, як хацелася Канстанціну Міхайлавічу. Твардоўскі прыехаў у наш загарадны дом творчасці разам з А. Куляшовым. Не заходзячы ў пакоі, яны пакіраваліся па лясной сцежцы і надоўга зніклі.

Па абедзе я выпадкам напаткаў іх каля жытняга поля. Ішлі, праз колькі крокаў спыняліся пастаяць, як быццам нешта даводзілі адзін аднаму: відаць, вілася даўно пачатая, толькі ім зразумелая размова.

Хутка ўсё растлумачылася: Твардоўскі піша новую рэч і пазнаёміў сябра з пачаткам работы.

— Ёсць прапанова пачытаць, — сказаў Аркадзь. — Колас вярнуўся з Мінска?

Мы пасядзелі крыху каля дома, Колас такою парою звычайна далучаўся да размоў пры вячорным вогнішчы. Далі знаць таму-сяму з насельнікаў дома, папрасіліся паслухаць і нашы жанкі.

Канстанцін Міхайлавіч запрасіў усіх да сябе, у крайні, аблюбаваны ім пакой. Туды паказвала дарогу шарэнга бронзавых хвой, — выйшлі з лесу і пасталі ўздоўж грудавой сцежкі: смялейшая наперадзе, здаецца, зробіць яшчэ крок і апынецца на ганку, а за ёю адразу ж падступяцца бліжэй і астатнія таварышкі.

— I зайсці не заходзяць, — сумнавата ўсміхаецца Колас, — і назад не вяртаюцца. Вось і разбяры, чаго яны хочуць. Ніяк не дапытаюся, мусіць, з сабою клічуць… Вось гэтыя лапатухі, — ён адчыняе фортку, адхінаючы рукою галлё маладых асінак, — праз цікаўнасць у хату плішчацца. Цікнýць у шыбіну і — чулі не чулі, бачылі не бачылі, давай раззвоньваць па ўсім лесе: «На свае вушы чулі, на свае вочы бачылі, так яно ўсё чысценька і было».

Колас вельмі падобна падрабляецца пад жаночую скорагаворку. Ад гэтага бяскрыўдныя дрэўцы за шыбамі веранды, дзе мы сядзім, на нейкі момант і сапраўды пачынаюць здавацца падобнымі да вясковых кумак-таечак, што аж млеюць дазнацца што-небудзь патайнае.

Прачытаны «Дзве кузні» і «Сем тысяч рэк». Нам робіцца хораша і святочна і трохі боязна, каб не спудзіла настрой лішняе слова. Усе маўчаць. Аднымі вачыма ўсміхаецца Куляшоў, нібыта гаворачы: «А што?»

— Калі альпініст падымаецца на які-небудзь пік, не трэба, мусіць, ні падпіхаць, ні цягнуць за пяты ўніз. Сам узыдзе. Вось і мы скажам: шчасліва, на самую вяршыню. — Колас паціскае руку госцю. — Многа трэба сказаць вам, Аляксандр Трыфанавіч, за адзін раз не ўправішся.

I сапраўды, Канстанцін Міхайлавіч яшчэ вярнуўся да гэтага чытання. Яму запомніўся хлопчык, на чыіх вачах адбываўся цуд ператварэння метала ў прылады працы: чалавек рабіўся тварцом. I ва ўмельстве «тым жа малатком кавальскім скаваць падобны малаток» бачыўся ўжо зародак майстэрства паэтычнага.