Выбрать главу

Такім надвор’ем цяжка ўседзець у хаце, і мы паехалі ў Каралішчавічы. Канстанцін Міхайлавіч пахадзіў па не рушаным ніводным полазам, не топтаным ніводнаю нагою снезе. Потым пастукаў у нейчы пакой, і туды адразу ж сышліся ўсе зімовыя жыхары дома творчасці.

— Даволі, хлопцы, тварыць, пасядзім, пагаворым, — кажа Канстанцін Міхайлавіч. — Адарву вас ад работы.

Хтосьці кідае дзяжурны жарт, што ад гэтага літаратура толькі выйграе. Робіцца весела, але Канстанцін Міхайлавіч раптоўна выключаецца з гаворкі. Ён маўчыць, паглядаючы, як за акном шпарка цямнее, і ад гэтага, здаецца, бліжэй і хмурней падступаюцца пад дом спічастыя яліны.

— Вузкае ўспомнілася, — растлумачыў ён мне назаўтра.

Вузкае — гэта падмаскоўны санаторый, дзе Канстанцін Міхайлавіч адпачываў у канцы 1944 г. Там мы — П. Броўка, Даніла Канстанцінавіч і я — віншавалі яго з днём нараджэння. Ехалі цераз усю Маскву трамваем да апошняга прыпынку. Потым даволі доўга ішлі палявой дарогаю, па хмызняках на вострым сіверы. Добра такі памерзлі…

У пакоі, дзе жылі Канстанцін Міхайлавіч і Марыя Дзмітраўна, на акне паміж рамамі была зроблена кармушка для птушак.

— Харчуюцца па маім раскладзе, — тлумачыў Канстанцін Міхайлавіч, пакуль мы распраналіся і хукалі на рукі. — Дакладна пільнуюцца санаторнага раскладу. Ведаюць, калі нас кормяць.

Сапраўды, як толькі надышоў час абеду, зляцелася неверагодная колькасць сініц. Ім паміж дубэльтамі, нам з гаспадарамі ў маленькім пакойчыку было цеснавата, але затое не нудна. Сініцы ціўкалі, дзеўбучы крошкі, мы агалошвалі тосты за новы творчы год, за сустрэчу ў Мінску, адкуль не так даўно папрыязджалі. Пасля вызвалення ў сталіцы не быў толькі Канстанцін Міхайлавіч, дый ён, як кажуць, сядзеў ужо на спакаваных чамаданах.

Галоўны пачастунак чакаў нас пасля абеду. Канстанцін Міхайлавіч скончыў паэму «Адплата» і абяцаў пачытаць. Аднак ён падняўся і запрапанаваў спачатку прайсціся ў парк.

Так Колас пазнаёміў нас з дубамі, пазнаёміў літаральна, бо кожнае дрэва мела чалавечае імя. Канстанцін Міхайлавіч ахрысціў іх так трапна, што, калі называў чарговае імя, здавалася, перад намі не дуб, а сапраўдны Рыгор, вясковы дзядзька ў лапціках і шапцы-аблавушцы. Наймагутнейшы і найстарэйшы ў гэтай сям’і называўся Сымон-дзядзя. Ён замацаваўся на жыццё ў Коласавым вершы «Вузкае». Падставы для пашаны і далікатнага абыходжання з дрэвам, безумоўна, былі. Мы паспрабавалі абняць Сымона: не ставала рук. Да нас далучыўся Канстанцін Міхайлавіч. Ён пачаў клікаць у гурт і Марыю Дзмітраўну.

— Хопіць і вас, самі добрыя дубы, — ласкава пасміхнулася яна.

— Не надта ўжо і дубы, — падхапіў жарт Броўка, — калі ўпяцёх аднаго не абдымем.

Канстанцін Міхайлавіч абіваў з паліто прыстаўшыя пад час «абдымкаў» парушынкі.

— З добрым чалавекам, хлопцы, — абазваўся ён, — ніколі не пашкодзіць абняцца. Вось вы і змацавалі дружбу з Сымонам-дзядзькам.

I павёў нас па прыцярушаных сняжком лясных сцежках, дзе хадзіў сам кожную раніцу і вечар, каб і мы пасябравалі з нагледжанымі і дапушчанымі ў сэрца мясцінамі.

Краявід быў падобны да беларускага. Тут Коласу лягчэй было ператрываць апошнія дні расстання з радзімаю. А ён нецярпліва рыхтаваўся да сустрэчы.

Вось і зараз, калі спыніліся мы на ўзлеску, як за магнітнаю стрэлкай, Колас павярнуўся ў бок Беларусі, нібыта мог разглядзець яе абрысы за плячыма вялізнага сусветнага горада, што, дыхаючы камінамі, запальваў перад намі вячэрнія агні.

— Баюся, сэрца разарвецца, калі ўбачу дом…

Сказаў і скінуў шапку. I болей не аказаўся. Сціхлі і мы, каб не парушаць яго размовы з тым, што было далёка і ў той жа час поруч, з чым ён быў разлучаны доўгія гады вайны і аглядаў кожную хвіліну, што магутна і ўладна ўваходзіла з яго істоты ў нашы і, хоць мы маўчалі, само вымаўляла сваё светлае імя — бацькаўшчына.

Вярнуўшыся ў санаторый, мы атрымалі па дубовым кійку, якія Канстанцін Міхайлавіч уласнаручна выразаў у бліжэйшых гайках, а потым загінаў на цяпельцы кульбы.

Ён узяў рукапіс і гартаў яго, выбіраючы раздзелы для чытання. На нечым, нарэшце, спыніўся.

— Гэта я для абароны пакінуў, — прамовіў, падсоўваючы да сябе замашны, як бічык, кій. — Калі вельмі нападаць пачняце…

Канстанцін Міхайлавіч прачытаў нам тады амаль усе лірычныя адступленні. Зрабіў гэта, відаць, знарок, бо сюжэтныя раздзелы, будучы выхаплены з цэласці, патрабавалі б растлумачэнняў. А можа, проста хацеў паказаць самае лепшае.

«Успомню я лес Беларусі», — пачулася ў пакоі. У горле цёпла заказытала горкая жальба па знішчаным лясным харастве, і зараз жа прачнулася радасная падзяка родным барам. За тое, што ўстоялі, што далі прытулак чалавеку ў чорныя дні.