Выбрать главу

I даў мне даволі тоўсты вучнёўскі сшытак з надпісам «Кніга ташкенцкага быція». Гэта быў дзённік! Што такі ёсць, думка ў мяне ўзнікала неаднойчы, але на магчымасць зазірнуць у яго я не спадзяваўся.

Канстанцін Міхайлавіч няголасна прамовіў:

— Бяры дамоў. Але не паказвай нікому. I сам пастарайся чытаць толькі тое, што напісана пра «Адплату». А калі не ўтрываеш, дык памаўчы. Тут ёсць адна гісторыя, а ёй рана яшчэ з’яўляцца на свет.

Прызнаюся шчыра: я не ўтрываў! Прачытаў дзённік ад лаўкі да лаўкі і з радасцю пераканаўся, што, не зважаючы на той цяжкі час і шэсць дзесяткаў гадоў з гакам, сэрца Канстанціна Міхайлавіча змагло раскрыцца перад раптоўным пачуццём. Яно нарадзіла смутныя і светлыя радкі, змушала аўтара іх пісаць і самога ж насіць лісты, рабіць крук, каб хоць здалёк зірнуць на вокны адрасата, шукаць сустрэч…

Але, помнячы яго просьбу, буду расказваць толькі тое, што тычыцца паэмы.

Першы запіс, з якога пачынаецца гісторыя «Адплаты», у «Кнізе ташкенцкага быція» (будзем далей называць яе — дзённік) з’явіўся 2 красавіка 1943 года:

«Прабаваў напісаць верш. Тэма — здраднік паслужыў прычынаю вялікага гора чалавечага. Праз яго маці страціла сына. Яна плача, прычытае па ім. Здраднік праходзіць і ўсё гэта чуе. Як успрымае ён вынікі свае здрадніцкай чыннасці.

Верш не даваўся. Патрабуе выношвання. Тэма мяне займае. Напісаў некалькі строф на другую тэму, якая яшчэ зусім неакрэслена. Можа, з часам з гэтага выйдзе невялікая паэма».

Цераз два дні Канстанцін Міхайлавіч робіць запіс:

«Вечарам прабаваў пісаць на „неакрэсленую“ тэму».

Да 12 красавіка работа значна пасунулася наперад. Паэма выйшла са стадыі задумы, страціла неакрэсленасць, ужо ўпамінаецца ў запісах з азначэннем «новая» і мае назву «Адплата».

«Закончан першы раздзел — 100 радкоў», — натуе Канстанцін Міхайлавіч у дзённіку.

Звярнуўшыся да напісанага, мы можам зрабіць некалькі вывадаў. Пачаты верш аб здрадніку, а магчыма, толькі задума яго, зліліся з накідамі «неакрэсленай» паэмы, паслужылі стрыжнем першага раздзела «Адплаты». Туды ж увайшло і галошанне маці па страчаным сыне (трэці падраздзел).

13 красавіка «…работа не надта паддавалася», зазначае Колас і назаўтра дадае: «…з напісанага ўчора амаль не ўзяў нічога, апроч адной страфы». Затое 17-га, адзначаючы працу па перапісцы і праўцы зробленага, аўтар мог спадзявацца: «Можа, вечарам скончу другі раздзел».

Трэба думаць, што гэта ўдалося, бо назаўтра Канстанцін Міхайлавіч даў сабе адпачынак. Наступны дзень прайшоў у турботах: выклікалі на 3-ці Усеславянскі мітынг. 20-га з раніцы быў на прыёме ў СНК Узбекістана, а «ўвесь вечар прасядзеў каля акна», любаваўся навальніцай. Толькі 21-га ўспамінаецца пра паэму. Раніцай яму нядужылася: «у вачах з’явіліся плямы», але ўдзень усё ж «прысеў за работу». Відаць, гэты дзень быў плённы, бо запіс ад 22-га гаворыць: «Раніцою скончыў раздзел — пахаванне».

Паводле нумарацыі раздзелаў у канчатковым варыянце гэта быў трэці раздзел, але няпоўны, толькі дзве яго часткі, дзе апісваецца пахаванне Івана. Нататка ад 25 красавіка сведчыць аб намерах больш падрабязна звярнуцца да вобраза Цімоха. Як відаць, гэта і было зроблена ў дзвюх частках, што завяршылі раздзел.

Выезд у Маскву і хвароба прымусілі адкласці работу аж да 2 чэрвеня. Аб гэтым дазваляе меркаваць запіс, зроблены 3-га таго ж месяца:

«Зараз трэба зрабіць праўку напісанага ўчора». I ніжэй: «Работа наткнулася на труднае месца. Справа ідзе аб здрадніку. Здраднік не ў поўнай меры. Хістаецца».

Адсюль можна здагадацца, што Колас пачаў работу над чацвёртым раздзелам, дзе хісткаму Цімоху супрацьстаўляецца Жыгун, «фашысцкі прыслужнік заўзяты».

На гэтым і замарозілася пісанне амаль на тры тыдні. Перш за ўсё стрымлівала руку складанасць задачы: тут Колас падышоў да стрыжнявой думкі. Адцягненая задума павінна была пераліцца ў чалавечы характар. Як на тое, назбірвалася мноства рознага клопату. Пісаў верш пра Купалу, рыхтаваў уступнае слова да купалаўскага вечара. Гэта быў абавязак сэрца. Сярод іншых абавязкаў даводзілася быць у доме і гаспадаром і гаспадыняю — хварэла Марыя Дзмітраўна.

Толькі праз тры тыдні, 25 чэрвеня, Канстанцін Міхайлавіч мог даць сабе справаздачу:

«Напісаў чатыры страфы. Раздзел гэты адказны. Трэба шмат прадумаць».

Як відаць, запіс адносіцца ўсё да таго ж чацвёртага раздзела. Але вось мінае зусім небагата часу, і Канстанцін Міхайлавіч 3 ліпеня адзначае: «Трохі пісаў пачатак шостага раздзела». Значыць, за нейкіх восем дзён былі закончаны аж два раздзелы! Чацвёрты — адказны — аб здрадніку і пяты апісанне побыту разбуранай фашыстамі вёскі.