Выбрать главу

Трэба сказаць, што нараканні на сябе былі не вельмі абгрунтаваныя. Калі супаставіць запіс ад 10 лютага «…прадоўжваў XVI раздзел…» з папярэднім, дзе гаворыцца аб працы над XIV раздзелам, няцяжка заўважыць: Колас не траціў марна часу. Але таго, што за тры месяцы перавёў на паперу ўсяго два раздзелы (XIV і XV), дараваць сабе не мог.

Ушчункі дапамаглі. На другія два раздзелы (XVI і XVII) спатрэбілася два тыдні, і 25 лютага Канстанцін Міхайлавіч мог пахваліцца: «Сёння прыступіў да ўступу да XVIII раздзела». I ўслед жа: «Пішу: „Над полем, дзе спелі жыты і пшаніца“».

З 27 лютага сляды работы над паэмай губляюцца. Прычына немалаважная — у Нова-Беліцы, ужо на роднай зямлі, збіраецца сесія Вярхоўнага Савета БССР!

Толькі 28 красавіка ўдалося занатаваць: «Дапісаў апошнюю страфу падраздзела XVIII».

Праз увесь май і чэрвень у запісах чаргуюцца дзве работы: над паэмай і над карчамі, прычым час ад часу перавага аддаецца выварочванню і пілаванню карчоў. 13 чэрвеня не без усмешкі запісана: «Сядзеў дома. Болей завіхаўся каля карча, чым каля паэмы. Напісаў усяго 12 радкоў».

З гэтым іранічным запісам суседзіць яшчэ адзін, такі ж самы: «Работа не ідзе, праўда, не браўся».

Шчыра кажучы, цяжка было і ўзяцца. Салют грымеў за салютам, наша армія падыходзіла пад Мінск. Хацелася рвануцца ўслед, але прыходзілася цярпліва чакаць, без асаблівай ахвоты пісаць артыкулы, водгукі для перыёдыкі. А паэма карцела, была ўжо відна ўся, да апошняга радка.

«Ціхая раніца, свежая, — чытаем запіс 4 чэрвеня. — Перапісваў XIX раздзел, закончаны ўчора. Мяркую канец паэмы ўкласці ў адзін XX раздзел. У паэме перайду да Цімоха. У лесе мяркую правесці сустрэчу з Жыгуном. Хочацца прадпаслаць апошняму раздзелу ўводную часць. У ёй хацеў бы правесці думку, як народ ставіцца да здрадніка. Нічога не прыпомню з народнай творчасці. Можа, самому прыдумаць казку-легенду аб асіне?»

Завяршэнне паэмы не магло не адцягнуцца. Поруч з гэтай рабілася яшчэ з дзесятак работ, і немаленькіх.

«Думаю пра верш, — размаўляе сам з сабою Колас, — які трэба напісаць з поваду мінскіх падзеяў. Пад Мінскам многа загубілі немцы народу. Калі ж канец кату-Гітлеру!»

Перад вачыма ўставала пякельнае вогнішча Трасцянца, страшныя магільныя равы ў Масюкоўшчыне і Уруччы.

Гэта быў невыгойны боль народа. А калі балела народу, балела і яго першаму пісьменніку. Хіба Колас мог заставацца спакойным! Гаварыць, расказваць свету аб чорным злачынстве! Як мага хутчэй! Як мага галасней! Калі трэба, можна адкласці ўбок і паэму.

А задума яе пачынае разрастацца…

«Сёння, што б там ні стала, — піша Канстанцін Міхайлавіч 10 верасня, — скончу XXI раздзел. Астанецца яшчэ два, а можа, тры. Хочацца давесці паэму да 24 раздзелаў».

Узяўшы сябе ў такія шорсткія рукавіцы, Колас набірае сур’ёзныя тэмпы пісання. 11 верасня перапісваў закончаны раздзел, дадаў яшчэ адну страфу.

12-га ўжо мог сцвярджаць: «Пачаў XXII раздзел паэмы. Напісаў сем строф і гэтулькі ж адпілаваў тоўстых калодак, памагала Маруся».

Але аптымістычны прагноз, зроблены назаўтра: «Дапісваюцца фінальныя радкі…», не спраўдзіўся. Толькі 16 лістапада, ужо ў Вузкім, з’яўляецца апошні запіс:

«Паэму скончыў. Засталося напісаць эпілог. Напісаў яго 9.ХІ… 12.XI чытаў адпачываючым урыўкі з паэмы. 14.XI напісаў верш „Вузкае“».

Так было заўсёды! Канчаў адну работу і, не даўшы сабе ні хвіліны спачынку, адразу ж за другую. Таму, што ў працы бачыў сэнс жыцця. Іначай навошта яно, не напоўненае радасцю ствараць, радасцю ведаць, што створанае прыдаецца і другому чалавеку на добрую карысць.

I вось тады, у няскончанасці ваенных падзей, не ступіўшы яшчэ на родныя прыскі, не ведаючы, дзе і як будзе жыцца ў Мінску, пачынае Колас думаць пра новы твор. Заварушыўся клопат аб «Рыбаковай хаце», балазе захаваўся сшытак з пачаткам паэмы.

Зразумела, чаму агарнула яго такая рупасць. Прыгадвалася падабенства лёсаў сям’і героя і свае ўласнае: яны хочуць яднання з усім народам. Даніла марыць сысціся пад адным дахам з савецкімі братамі. Колас насумаваўся ў змушаным расстанні з роднаю зямлёю, сніць і бачыць яе. Пара варочацца і весці з сабою героя.

Але яшчэ многа смутнага давядзецца перажыць Коласу, яшчэ не так хутка асядзе ён настала ў Мінску і возьмецца за пачатае…

Яшчэ давядзецца не раз пагартаць і тую самую «Адплату», а перагляд і пераробка яе адбіралі ці мала часу, не дазвалялі, калі адчувалася самому недавершанае і недасканалае, пераходзіць да новых радкоў.