Тут няма перабольшання. Можа, нават і тры дзесяткі скідаў з плячэй Канстанцін Міхайлавіч на сваіх вечарынах. Ён перасягаў маладзейшых і ў жартах, і ў экспромтах, і ва ўдалых тостах. Не дазваляў рана падымацца з-за стала.
— Сядзіце, хлопцы. Сёння пісаць усё роўна не будзеце, дзеці вашы без вас не пажэняцца.
I заключаў прымаўкай:
— А розуму мы не прап’ём, бо яго ў нас няма.
I сіваватыя «хлопцы» з вялікай ахвотай заставаліся дапазна, зноў пачыналі спяваць песні, расказваць смешныя здарэнні. Бо і самі былі рады пасядзець даўжэй, а пайсці намерваліся толькі праз далікатнасць, каб лішне не зморваць яго. А ён тады не ведаў зморы. I ад гэтага яшчэ нязмушаней, прытульней, весялей рабілася ў доме.
Зрэдку на такіх вечарах прысутнічаў… хіба так і назавём яго — Шматкроп’е. Прысутнічаў, бо запрашалі яго, калі нельга было абмінуць, калі нагадваў пра сябе тэлефонным віншаваннем. Асоба — не сказаць каб далёкая ад літаратуры, але і не блізкая з прычыны даволі меркантыльных адносін да пісьменніцкай работы. Не сказаць каб без прыроджанага розуму быў гэты чалавек, але адзнакі такту меў мізэрныя, «сляды», як гавораць хімікі пра нязначныя дамешкі серы ці фосфару ў даследаваным метале.
Аднойчы нейк асабліва добра гаварылася і гасцявалася ў Канстанціна Міхайлавіча. Хтосьці, жадаючы «нараджэнніку» здароўя, напамянуў яму пра астрожныя гады… I тут начуўся востры паўшапаток. Шматкроп’е нахіліўся да суседкі і хіхікнуў:
— А сядзеў ён праз сваё глупства… За кагосьці… Чужую віну прыняў.
Гэта гаварылася пра лістоўку, аўтарства якой было прыпісана Коласу і паслужыла фармальнай прычынай для зняволення яго ў крэпасці. Напісаў жа тую адозву настаўнік Жук.
З’едлівыя слоўцы даляцелі да Канстанціна Міхайлавіча. Толькі на момант падціснуліся ў яго губы, але і выгляду не падаў, што чуе. Кінуў нават жарт, засмяяўся, як быццам нічога і не здарылася.
Аднак пакрыўдзіўся, больш не за сябе, а за чалавека, што мімаволі і непаглядна раскрыў сваю істоту. I не забыўся назаўтра:
— Чуў, як гэты слімак сказаў? А я так мяркую. Лепш тры гады праз дурноту ў турме адседзець, чым хвіліну на волі падлюгам быць. Што ж я мусіў зрабіць? Выказаць таварыша, на здраду пайсці? І сам Шматкроп’е, быўшы на маім месцы, не кінуўся б на такую рэч.
Не стрымліваюся, гавару нешта рэзкае. Чаго чакаць ад чалавека, калі ён разважае гэтак груба і цынічна.
Але Канстанцін Міхайлавіч не хоча думаць блага ні аб кім і паўтарае ці раз выказванае ім правіла, якога сам стала прытрымліваецца:
— Не спяшайся асуджаць людзей. Не будзь ім пракурорам, старайся быць абаронцам. Ведаеш, як рабілі некалі пракуроры?
Судзіла нас выязная сесія Віленскай судовай палаты. У тым самым доме, дзе быў музей на пляцы Волі. Лістоўку бралі на экспертызу двойчы. Першы раз эксперты далі патрэбныя суду весткі. Другі раз прызналі, што рука не мая. Пракурор як усхопіцца! I давай: «З прычыны разыходжанняў у поглядах экспертаў, гаспада суддзі, патрабую Міцкевіча „асудзіць“».
Так што ў іх усё было вырашана загадзя. Не ўдавалася пасадзіць за падабенства почырку, дык пасадзілі за разыходжанні паміж экспертамі. Ці саву аб пень, ці пнём аб саву.
Наш настаўніцкі з’езд муляў вочы ўладам. Як гэта можа быць? Збіраюцца нейкія настаўнікі, варушацца, падымаюць галаву. Ды яшчэ «на заходняй ускраіне»! Крымінал.
Да таго ж мы прынялі палітычную платформу, меліся працаваць нелегальна. Так і дамовіліся на паляне ў Прыстаньцы каля Нёмана. А ў адозве, за якую мяне ўпяклі, гаварылася аб скліканні шырэйшага з’езду ў канцы года. Вось паліцыя і ўстрывожылася. Трэба пачынаць следства, хацелі злавіць з доказамі. Да іншых лістовак я такі сапраўды прычыніўся. Мы іх выпускалі саматужным спосабам, ад рукі.
Смак да такой літаратуры пачуў я з часоў настаўніцтва ў Люсіне. Даставаў яе ў земляка, ніяк прозвішча не ўспомню. Гэта быў стаўбцоўскі яўрэй, займаўся сталяркаю…
Рыхтавалі мы свае пракламацыі ўдзень, а разносілі па вёсках сярод ночы. Пісалі там пра цара, пра паноў. Сялян агітавалі, заклікалі плытнікаў і рабочых з майстэрань баставаць, каб стварыць новы ўрад. Які ўрад — добра самі не ведалі, але пісалі «свой», не панскі.
Паліцыя вынюхвала, адкуль дым ідзе. Як толькі знойдзе лістоўку, зараз жа прылятае ў вёску. Але сяляне стаялі за нас гарою, папярэджвалі, памагалі хавацца. Мы начавалі ў лесе, пад кусцікамі на сенажаці, адседжваліся ў гумнах і скляпах. Пакуль было цёпла, трымаліся разам. Неўзабаве надышлі халады. Мы раз’ехаліся ва ўсе бакі. Працы не пакідалі, але дзейнічалі паасобку…