Выбрать главу

Такім чынам, сталае следства па нашай справе пачалося з ранняй вясны 1908 года. Дзякуй, што і да гэтага часу далі пагуляць.

У «Нашай долі» адбыліся мае літаратурныя хрэсьбіны, стаў называцца Коласам. I паспеў тое-сёе надрукаваць з вершаў і допісаў. Пісаў пра мову, пра лёс настаўніцтва. Па-мойму, удала атрымалася адна перапіска. Ураднік Нагайкін піша прыставу Кулачынскаму, што зрабіў вобыск і «арыштаваў» пяць рублёў золатам.

Тады мяне па ўсім свеце кідала. Жыў у Смольні ў брата, там прыватную школу арганізаваў. Патрохі складаў «Другое чытанне». Гасціў у Беларучы, у «дарэктара», разы тры ў Вільню з’ездзіў. Працаваў у «Нашай ніве», толькі доўга затрымлівацца не давалі. Я там пісаў сваё, правіў допісы, перакладаў тое-сёе.

У самой рэдакцыі жыў, там і газету пакаваў, і падлогу падмятаў. Усё добра было б, хоць на тых заработках духі падводзіла, але паліцыя выганяла з горада. Потым дастаў дазвол на пражыванне і быў пры рэдакцыі, пакуль не прыйшло пісьмо ад памешчыка Гардзялкоўскага. Ён хацеў арганізаваць беларускую школу і прасіў параіць настаўніка.

Паехаў я тады ў вёску Сані, на Магілёўшчыну. Дацягнуць да канца года не ўдалося: усчыналася следчая справа. Гардзялкоўскі, хоць і не дабыў я тэрміну, разлічыўся цалкам, заплаціў мне залатымі пяцёркамі.

Пасля суда мы дазналіся, што правоў не пазбаўляемся, толькі нас нельга выбіраць у Дзяржаўную думу. Каб большага клопату не мець! Ліха з ёю, з той думай. Як быццам нехта збіраўся балаціравацца туды. Гэта ўжо ў семнаццатым годзе маю кандыдатуру меліся выпхнуць ва Устаноўчы сейм. Нічога з гэтага не выйшла, дый згоды мае не было.

— Арыштавалі мяне на судзе. На лаву падсудных не саджалі, я даваў паказанні і мог выходзіць з залы. У перапынку паміж пасяджэннямі нават схадзіў пагуляў па горадзе, крыху падмацаваўся. Мог, вядома, і ўцячы. А куды? Я ведаў, што адзін з удзельнікаў з’езда, Алесь Сянкевіч, падаўся ў Амерыку. Нават пісаў аб гэтым у «Нашай ніве». Але ён выбраўся ў часе. Я ўжо быў заціснуты ў кола. Схопяць, як толькі ступіш цераз мяжу. Дый, галоўнае, таварышаў судзяць, як жа я магу пакінуць іх? Думалася, што ўжо само наша асуджэнне дасць нейкі штуршок далейшаму настаўніцкаму руху. Рознае ўяўлялася…

А тут прысуд, і Кабека, старшыня суда, загадвае ўзяць мяне пад варту. Акалодачны, смаркач, зусім зялёны, хоп мяне за рукаў. «Чаго ты скачаш, як певень? Не хапай, сам пайду!» — помню, сказаў я і адапхнуў яго рукою.

— Камер за час адседкі давялося змяніць некалькі. Сядзеў у кутняй, каля вежы, № 1. Потым перакінулі насупраць, здаецца, у пятую.

Трапіў на час на Дабрамысленскі завулак. Там трымалі кароткатэрміновых. А пасля зноў пераехаў назад, у «Пішчалінскі замак». Пішчалін — гэта архітэктар, які будаваў мінскую турму. Апраўдаў сваё прозвішча. Пішчалі людзі там. Дый мне давялося сербануць гора.

За адмову ўставаць на паверках замкнулі ў карцэр. Мы там сядзелі з завязанымі вачамі, каб не папсаваць зроку.

Карцэр цёмны, смярдзючы. А тут яшчэ наглядчыкі здзекуюцца. Адзін быў да Мураўёва-вешальніка падобны. Прачыніць дзверы і дражніцца: «А надвор’іца слаўнае! Цудоўнае надвор’е». Мы думаем: «Каб цябе скула задавіла!» — і прыгінаемся: а можа, удасца зірнуць на неба цераз шчыліну.

Потым рэжым стаў лягчэйшы. Дазволілі пісаць лісты. Мелі мы нават паперу і чарніла. Але пісанне сваё я ўсё роўна хаваў. Пад час вобыскаў нашы «вольнасці» ляцелі к чорту. Наглядчыкі забіралі што ні трапіць на вока.

— Месяцы з чатыры быў я ў турме кухарам. На кожную душу адпускалася па 10 капеек на дзень. Грошы ішлі ў агульны кацёл. Купляліся крупы, сала, капуста. I самі мы гатавалі па чарзе. Мае абеды хлопцы заўсёды хвалілі. Казалі: «Ты, Костусь, мусіць, з свае кішэні дакладаеш». А я аджартоўваўся: «Я, кажу, прыняў на харчы начальніка турмы. Дык гэта ён паўрубля дабаўляе».

Пасля давялося мне крыху пабыць і турэмным бібліятэкарам. Гэта было нудна. Літаратура дазвалялася выхаваўча-паліцэйскага кірунку.

А кухаварства спатрэбілася пазней, у Ташкенце. Пачалося з таго, што, едучы туды з Масквы, купіў я каля Аральскага мора падвяленую рыбіну. Дома наварыў юшкі. Сяргей Гарадзецкі, на што ўжо гастраном, і той аблізваўся.

Рабіў таксама верашчаку, удавалася ў мяне і прэсная страва. Схаджу на Алайскі рынак, куплю свежай капусты, морквы, кропу. I ўсё гэта — у чыгунчык. А пасля клічу Сяргея на дэгустацыю. Маруся смяялася: «У цябе, мусіць, сам чыгунок варыць. Мне ніколі не ўдаецца так смачна згатаваць…»