Выбрать главу

Прабылі мы ў тым палку каля месяца. Хацелі нас залічыць у 240-ю рабочую брыгаду і раптам адпусцілі. Дрэнна расчыталі цыркуляр міністра асветы. Ну, лепей бы і не пускалі. Я толькі паспеў дадому заскочыць.

На станцыі прыкмеціў я дзеда, так гадоў пад семдзесят. Але крэпкі, прысадзісты, румяны. Нос, праўда, меў бураковага колеру, што сведчыць аб прыхільнасці да ўцех бога Бахуса. Падыходзіць дзед да мяне і просіць закурыць. Прысеў на лавачцы, пусціў дым цераз ноздры дый кажа:

— Па ўсім бачу, малады чалавек, што вы на прызвы едзеце.

Я кіўнуў яму, каб адчапіцца.

— Не трэба вешаць галавы! Ваенная служба аздабляе і ўмацоўвае чалавека. Я ўсё жыццё насіў ваенную форму, і вось бачыце: мне 72 гады, а яшчэ, як кажуць, вераб’і з мяне пуху не скубуць.

— А ў якіх войсках вы служылі?

— У корпусе жандараў.

От, думаю, трасца тваёй галаве! Пашанцавала на знаёмства. Але, памеркаваўшы, вырашыў: ты, падла, ужо стары і не павінен шкоды зрабіць. Дай секану яму ў вочы!

— Вам, — кажу, — не даводзілася грудзі пад кулі падстаўляць, ваша справа была, так сказаць, унутраных ворагаў вынюхваць.

— Дарэмна так думаеце! Маё жыццё не раз пад пагрозаю было. I я не шкадаваў яго. А праз гэтую рызыку зрабіў непапраўнае глупства. Я мог папярэдзіць вайну.

Я зірнуў на яго не сказаць каб недаверліва, а проста лічачы, што стары вярзе абы-што. Аднак цікавасць перамагла мае развагі.

— Дык, можа, цяпер не позна?

— Позна, вельмі позна, — ён пакруціў галавою. — Я мог бы расказаць…

Зірк яго палагоднеў, у голасе адчулася просьба:

— За бутэлечкай піўца…

Я памацаў сваю худзенькую кішэню, і хоць амаль не сумняваўся, што маю справу з манюкам і падарэйкам, згадзіўся.

Селі за столік у прыстанцыйнай крамцы, ён апаражніў шклянку і загаварыў:

— Давайце пазнаёмімся: Юрчык, Павел Міронавіч (ці Міхайлавіч — не помню, як сказаў). Народжан у 1842 годзе, сам з Баранавіч. А як вас дазволіце велічаць?

На ўсякі выпадак я сапраўднага прозвішча не сказаў, а назваў першы свой псеўданім — Лапаць.

— Жартуеце? — не паверыў стары, але, зірнуўшы на нячэпаную пляшку піва, махнуў рукою: — Ну, усё роўна, як хочаце, гаспадзін Лапаць.

Я наліў піва. Мой суразмоўнік заліў у бяздонную пашчу зноў поўную шклянку.

— Так. У лютым 1886 года на станцыю Гарадзея прыбыў нямецкі прынц Вільгельм. Спадзяюся, вы разумееце, што гэта цяперашні кайзер. Начальнік Мінскага жандарскага ўпраўлення гаспадзін Мілер паведаміў мне аб гэтым і абавязаў пад асабістую адказнасць не адлучацца ад высокага госця. Быць пры ім, ахоўваць і, так сказаць, наглядаць… А прынц меў на мэце заняцца паляваннем у Радзівілаўскіх лясах. Падужацца з рускім мядзведзем.

Юрчык вымавіў апошнія словы з націскам, даючы зразумець, што яму вядома гэта абразлівая мянушка, якую ўжываў заходні друк у дачыненні да Расіі.

— А выйшла — не з мядзведзем, а з мядзведзіцай. Прынца паставілі супраць берлагу. Мядзведзіца паднялася, ён стрэліў, параніў. Звер раўнуў і на яго. Каб я, заўважце, рызыкуючы жыццём, не адцягнуў прынца, зараз у германскай імперыі быў бы іншы глава. А калі так, дык, магчыма, і вайна б не ўсчалася.

— Выходзіць, я дарма вас півам частую.

Юрчык зарагатаў.

— О, каб мне ўдалося адхіліць ваенныя падзеі, вы б мне і «мярзаўчыка» не пашкадавалі… А можа, зараз? — і ў вачах зноў засвяцілася сабачая просьба.

Сядаць за гарэлку з жандарам, хай сабе і былым, я не меў ахвоты, дый не было пэўнасці, што ён не брэша. Так і дасюль не ведаю, праўду казаў ці не. Што Вільгельм прыязджаў у нашы месцы, мне даводзілася чуць ад нейкіх падарожных, яны начавалі раз у альбуцкай хаце. Але ні бацька, ні дзядзька Антось не ўспаміналі такога выпадку. Так што, ці абдымаўся будучы германскі імператар з беларускай мядзведзіцай, давесці цяжка…

— Другі раз, калі было выяўлена памылковае тлумачэнне цыркуляра, я прызываўся ў Вільні. Тут таксама нядоўга патрымалі. Не паспелі яшчэ залічыць у часць. А якраз ваенны міністр даў загад звальняць настаўнікаў, не прыпісаных да часцей. Так што з год я настаўнічаў. Але адчуваў сябе дрэнна, трывожыўся, хварэў душою. Я сяджу дома, а людзі сунуць галаву ў пашчу богу Малоху. Асабліва непамысна рабілася, калі ўбачу дзе воінскі эшалон.

— Пачалося цяжкое для краіны бежанства. Падняліся і мы з Марыяй Дзмітраўнай. Брат яе прыслаў пісьмо: перабірайцеся ў Маскоўскую губерню. Там мы і ўладзіліся абое ў Старыкаўскай школе. I гэта свята было кароткае. Дзён пяць я толькі пранастаўнічаў.

На пачатку верасня мабілізавалі і залічылі ў 55-ты пяхотны батальён, у самой Маскве. Батальён быў запасны. Нашы казармы знаходзіліся ў Замаскварэччы. Хадзіў спачатку на палявыя заняткі. Потым узводны вызваліў. Пасадзіў складаць і бясконца перапісваць спісы асабовага складу. Так і гнуўся я над рознымі «формамі», пакуль не камандзіравалі ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча.