З’явілася гэтая адзежына ў яго даўно, калі яшчэ на месцы цяперашняй камяніцы стаяў драўляны дамок. Там было холадна, і Канстанцін Міхайлавіч ускідаў кажух на плечы, сядаючы пісаць або выходзячы на паветра. А то і прыкрываўся паўзверх коўдры. Пасля перабудовы дома, калі паставілі паравое ацяпленне, Канстанцін Міхайлавіч усё ж не здрадзіў сваёй прывычцы. Яго цёплы сябар пераехаў на другі паверх і ляжаў у спальні, як гаворыцца, напашэве. З кажуха кпілі хатнія, пасмейваўся і сам уласнік, але разлучацца з ім ніяк не хацеў.
— Я ў ім падобен да дзядзькі Антося, — казаў ён. — Няхай будзе. Некалі ў сям’і абавязкова быў доўгі кажух. Яго па чарзе апраналі ў вялікі мароз, збіраючыся ў далёкую дарогу.
У кажусе Канстанцін Міхайлавіч і праўда выглядаў зусім па-сялянску. Здаваўся дзядзькам, што, устаўшы на досвітку, паснедаў гарачым на цэлы дзень, надзейна апрануўся і зараз пойдзе запрагаць каня, каб паехаць у лес ці па сена.
Калі сябры пачыналі асабліва нападаць на «адрыжку старога побыту» і сыны мерыліся прыхаваць ад вачэй упадабаную вопратку, Канстанцін Міхайлавіч даставаў з шуфляды мой верш.
За вершам было растлумачэнне:
— I больш не наставайце, хлопцы. Паслухалі оду, і даволі. Шкада, не сам напісаў. Гэта Максім пад мяне падрабіўся.
Канстанцін Міхайлавіч прапануе:
— Давай крыху патупаем па Мінску.
«Патупаем» — гэта значыць зробім падарожжа ў думках. Наладжваецца яно ў хвіліны адпачынку або калі ён адчувае сябе не вельмі здаровым. Матэрыялам для такіх вандровак служаць папярэднія паездкі па горадзе, амаль штодзённыя агледзіны, як разбудоўваецца сталіца, якімі навінамі цешыць яна сваіх жыхароў.
Канстанцін Міхайлавіч любіць заязджаць у тыя мясціны, што паднялі на сваіх плячах новы Мінск, — раёны трактарнага і аўтамабільнага заводаў. На Коласавай памяці тут былі пусткі, большыя і меншыя ляскі. Адно ўрочышча называлася Чырвонае, другое — Антонава. Даваенная гарадская мяжа крок за крокам перасоўвалася наперад па Магілёўскай шашы. Пакінула ззаду чыгуначны пераезд, захапіла мясціну з шматабяцаўшай падарожніку назвай «Тры карчмы» і перабегла за вялізнае аўтазаводскае паселішча.
I колькі ні бываў тут Колас, не стамляўся дзівіцца і пачынаў заўсёды гаворку амаль аднолькава:
— Нічога ж тут не было, і здавалася, не будзе.
Праўда, у дарозе ён больш маўчаў. I толькі праз некалькі дзён пачынала ператварацца ў слова патока зрокавых вобразаў, якая ўлілася ў яго неспакойнае вока.
…Кран браў пад пахі маладую ліпу і асцярожна пераносіў яе ў скрынцы з зямлёю на падрыхтаваную пасцелю ў грунце.
…У заводскіх варотах паказвалі зеленаватыя грудзі «зубры». Толькі саступіўшы з канвеера, яны падавалі голас, выказвалі ахвоту ісці па якіх хочаш дарогах і рабіць якую загадаеш работу.
…Каля свежапабудаванага дома разгружаліся машыны, даставіўшы ў новае жытло новыя, палыскаваўшыя люстрамі, светлым лакам, нікеляванымі шарыкамі рэчы ўсмешлівых, узбуджаных навасёлаў.
Кожнаму з іх Колас хацеў зазірнуць у вочы, пачуць ад кожнага хоць адно, але самае дарагое слоўца. Можа, і гэтага зусім даволі мастаку для карціны, вобразу, характару? Можа, толькі адной маленькай рысы не ставала яму для дзівоснага палатна, бо душа ж даверху поўная самай вялікай з чалавечых перамог — вольна будаваць вольны свет… Свой і ўсіхны.
Пяць дзесяткаў гадоў гаварыў Колас з людзьмі ў сваіх кнігах. I мог гаварыць яшчэ столькі, бо не вычарпаў і палавіны назапашанага. Творчага запасу было не купляць, пісьменнік не шчадзіў яго, а толькі павялічваў дзень у дзень.
Зараз Канстанціну Міхайлавічу сказалі асцерагчыся, не выходзіць з дому. А быць без руху ён не можа, не дазваляе сабе і кліча «патупаць», хоча паразважаць: што было, што будзе…
Помніш, калі пасярод Савецкай вуліцы вялікая гара была? I конка хадзіла, здаецца, да 28 года. Пад’ём круты, на рагу Пралетарскай трэцяга каня прыпрагалі. Ён памагаў узвалачы вагончык на горку. Насупраць сквера рабіўся прыпынак. Коначны вазніца адпрагаў каня, закладаў яму пастронкі на набедрыкі. Той сам варочаўся на старое месца і чакаў, пакуль падыдзе наступны вагон.