Выбрать главу

Гэты квартал увесь быў архірэйскі. Каля сквера, дзе зараз Дом афіцэраў, стаялі дом мінскага архірэя і архірэйская царква. Па схіле гары збягаў вялізны сад, які належаў той самай персоне.

Сад перайшоў да прафсаюза работнікаў асветы, а Архірэйскі завулак перахрысцілі на імя Луначарскага. Мусібыць, таму, што Анатолій Васільевіч сваімі прамовамі мог закасаваць якога хочаш з духоўных красамоўцаў. Ён такі багата спрачаўся з імі аб існаванні бога, аб дагматах праваслаўнай царквы.

Канстанцін Міхайлавіч хавае хворыя рукі пад кажух і нацягвае яго амаль да падбароддзя. У пакоі свежа, хвоі, стоячы каля самых вокан, не дапускаюць у дом лішняга сонца.

— Да святога духа, — успамінае ён прыказку, — не спускай з плячэй кажуха, а па святым дусе — таксама ў кажусе. Пра які «святы дух» тут гаворыцца?

— Нейкае свята, відаць.

— Не нейкае, а тройца. Я мог бы Луначарскаму цікавы доказ падказаць для спрэчак з царкоўнікамі. Але каб не забыць здарэння з святым духам. Вясковы хлапчук усё не мог зразумець, як гэта бог адзін, але ў трох асобах: айцец, сын і дух святы. Праўду кажучы, тут і даросламу не вытлумачыш.

Маці рашыла дапамагчы сынку: прышыла ў світачку тры драўляныя гузікі-біркі. Малы браўся за першую і ўспамінаў, што гэта — бог-айцец, а далей па парадку. Прыехаў поп у школу правяраць, як вучаць «закону божаму».

Справа была пад вечар, дзяцей з дому склікала старожка. Для такога здарэння дала маці хлопчыку чыстыя порткі. Як на бяду, вырваўся гузік і закаціўся пад лаву. Жанчына, хапаючыся, зрэзала ніжнюю бірку са світкі і ўшыла яе ў нагавічкі. Як на тое, выклікаў хлопца поп і спытаўся: колькі асоб у божай постаці?

— Тры.

— А якія?

Хлопец памацаў верхнюю бірку:

— Бог-айцец.

Пасля ўзяўся за другую:

— Бог-сын…

І забыўся: трэцяй біркі не было.

— Ну, ну! — кажа здаволены поп. — Дзве. А дзе трэцяя?

— А-а! — успамянуў хлопчык. — Бог-дух! Ён у мяне ў портках.

Канстанцін Міхайлавіч даў час пасмяяцца.

— Дык вось пра свята тройцы, аб трох асобах божых. Наогул, лік «тры» ў хрысціян сімвалічны. На трэці дзень нібыта ўваскрос Хрыстос. Калі кіт глынуў прарока Іёну, дык тры дні не мог ператравіць яго і быў вымушаны выплюнуць. Тройцу святкуюць на 50-ты дзень пасля вялікадня. Часамі так і кажуць — пяцідзесятніца, ці, яшчэ, сёмуха, бо мінаецца сем тыдняў па ўваскрошанні Ісуса Хрыста.

— Мне падабаецца назва «вялікадзень». Трэба разумець гэта слова літаральна: вясна кіруецца на лета, дзень робіцца вялікі. А што гаворыць «пасха»? Па-яўрэйску «пэйсах» — значыць пераход, як тлумачылася ў «законе божым», ад смерці да вечнага жыцця.

Тут недзе закладзена разуменне, падобнае да майго: пераход прыроды ад зімовага здранцвення да цвету і выспявання. Так што бог да гэтага свята мае такія ж адносіны, як я да ўтварэння Палескай нізіны.

Але паколькі людзі святкуюць, прымем падставы іх святкавання за нейкую ісціну. Я у семінарыі вучыў, што Хрыстос, уваскросшы, зрабіў некалькі візітаў апосталам, каб даць ім пэўнасць у сваім вечным існаванні. На саракавы дзень ён паказаўся народу і адбыў у нябесныя апартаменты. Як бачыш: саракавы дзень, пасля пяцідзесяты, а пэўнае лічбы для свят няма. Бо і вялікдзень у розныя гады прыпадае на розны час. Аднак заўсёды ў тых самых межах. Паміж 25 сакавіка і 25 красавіка па старым стылі.

У царкоўнікаў ёсць адмысловыя табліцы. Яны на многа год распрацаваны, там паказаны графік вялікадняў. Графік, не раўнуючы як у вытворчасці, рухомы. Але ёсць адна абавязковая ўмова: вялікдзень павінен прыпадаць на першую маладзіковую нядзелю пасля вясновага раўнадзенства. Тут з хрысціянствам сутыкнуліся рэшткі паганства, вера ў аднаўленне вясновай сілы бога-сонца.

Вось і памяркуем. Каб той Хрыстос сапраўды існаваў, дык як можна, спісаўшы яго шлях ад калыскі да крыжа, забыцца на дату смерці? А то ўсё вядома: нарадзіўся — 25 снежня, хрысціўся — 6 студзеня, а калі памёр — справа цёмная. Вось і соваецца вялікдзень з дня на дзень на працягу месяца.

Гэтым доказам, ён бы і Луначарскаму прыдаўся, я збіваў з капылоў не аднаго палескага бацюшку. Праўда, некаторыя з іх казалі, што Хрыстос хоць і меў выгляд чалавека, але заставаўся богам, а таму не мог і памерці. А я жартаваў: «Дык што ж, выходзіць, ён прыкідваўся мёртвым? У свяшчэнным пісанні расказваецца, як яго здымалі з крыжа, абвіналі плашчаніцаю, бальзаміравалі і потым паклалі ў грабніцу, заваліўшы ўваход каменнем».