Бацюшкі слухалі мяне і ківалі галовамі ў знак згоды. Тады я пытаў: а калі ён быў бог і мог усё зрабіць сам, нашто было пасылаць анёла, каб адсунуў той камень? I чаму ўваскрошанне адбывалася патайна? Апосталы прыйшлі, а грабніца пустая.
А як ён уваскрос? Употай ад вучняў, а сведкамі гэтага цуду была салдацкая варта пры труне. Мала што можа здацца вартаўніку з п’яных вачэй! Вось апосталы і не паверылі. Прыйшлося даводзіць, з’яўляцца перад імі. Апостал Хама, яго так і клікалі — Няверны, сумняваўся. Пасылаў усіх к чорту, пакуль Хрыстос не дазволіў яму памацаць раны. А адкуль ва ўваскросшага, ужо бясплотнага, узяліся раны?
Блытаніны колькі хочаш. Няйначай, пісары складалі гэтае свяшчэннае пісанне пад мухаю. От і не ўзгаднілі супярэчнасці розных рэлігій: іудзейскай, паганскай і хрысціянскай.
Вось куды мы з табою ад кажуха і святога духа заехалі. Некаторыя папы, з кім даводзілася сустракацца, верылі ў бога не больш за мяне. Айцец Уладзімір, я ў аповесці нічога не прылажыў, прыводзіў народ да прысягі па кнізе Пушкіна.
— Мужык ніколі не давяраў папу. А калі папу, значыць, і богу. I меркаваў, каб як спрытней ашукаць і аднаго і другога.
У гэтай справе ў яўрэяў многа розных спосабаў практыкавалі. Субота ў іх святкавалася вельмі строга: нельга было нічога рабіць. Гасіць свечкі і то наймалі чалавека. Забаранялася ездзіць, нават па чыгунцы, толькі вадою можна. Дык пры пільнай патрэбе паехаць бралі бутэльку вады і падкладалі пад сябе на возе ці ў вагоне. Закон выкананы, і інтэрас не прайграў.
Пераносчыкамі атэізму былі розныя старцы і жабракі. Навыпрошваюць у імя божае хлеба і скораму, а то і адзежыны. Памяняюць усё ў карчме на гарэлку, панапіваюцца і ў лужынах мызу мачаюць. Потым схопяцца біцца. Забудуцца, што прыкідваліся калекамі, пакідаюць мыліцы і месяць адзін аднаго. Сляпы, аказваецца, вельмі добра бачыць, куды ўцякаць, калі ў яго папусцяць дручком, а кульгавы ляціць мудрэй за стаеннага жарабца. Лаянка стаіць такая моцная «ў бога» і «ў багародзіцу», проста вушы вянуць.
Сярод гэтых валацуг былі свае арыстакраты, можна сказаць — паэты. Ім аддавалася асаблівая пашана. Я кажу пра лірнікаў.
Не помню, дзе я першы раз такога бачыў. Пэўна, у Стоўбцах ці ў Нясвіжы. Сядзеў ён пры царкоўнай агароджы. Бельмы закочаны, перабірае струны і цягне на адной ноце песню пра святую Дароту. А шапка — поблізу. Лірніка саромеліся падарыць кавалкам хлеба. Давалі грошы: хто — капейку, а хто і тры. Медзякі сыплюцца, а сляпы цягне сабе пад нос:
Гэта кароль-цыган Дароту ўпадабаў, а дзяўчына ўпарцілася. Вось ён і пачаў здзекавацца, мучыў і марыў яе голадам. Песня мяне на слёзы пашыбала.
Дзядзька Антось толькі падсмейваецца: «Ты, дурань, плачаш, думаеш, можа, і лірнік святы, як тая Дарота. Да яго ж за гоні падступіцца нельга. З рота так патыхае, нібы там крама гарэлкі з сядзельцам і пітухамі. Дароту ён для жаласлівых баб заводзіць. А калі натоўпу няма ды яшчэ хто корак з кішэні пакажа, ён, брат, такое пачне…»
Дзядзька вельмі смешна перадражніў гугнявы голас лірніка і хрыплы тон яго інструмента:
Канстанцін Міхайлавіч тонкім голасам перадаў спевы дзядзькі Антося пад лірніка.
— Мне стала смешна, — сказаў ён, — але песні пра Дароту я не забыў і са здавальненнем потым прачытаў недзе ў беларускім календары.
У Мінску быў цікавы лірнік. Сядзеў ён найчасцей каля мураванай сцяны, што ішла ад тэхнікума ўверх па Савецкай. На самым пад’ёме вуліцы. I ў гэтым, як мне здаецца, быў разлік. Людзі ідуць угору павальней, зморваюцца. Пакуль хто дойдзе да яго, абавязкова спыніцца. Спеў паслухае і надорыць капейчынай.
Маляўнічы дзед гэта быў. Як быццам з Купалавага «Кургана» выйшаў. Твар, як з абраза, сумны, выразны, барада вялікая. Яго фота ў часопісах давалі. А самога, здаецца, у Маскву на выстаўку вазілі. Дэманстраваў там ігру на сваім інструменце.
Зімою і летам, у дождж і ў мароз сядзеў каля педтэхнікума, з голай галавой. Ідзеш, бывала, ліра тромкае, голас чуваць нягромкі, шчымлівы крыху. Потым ён перайшоў на чыста беларускі рэпертуар. Спяваў не духоўныя вершы, а «Чаму ж мне не пець» і «Чарнаморца». Відаць, наслухаўся, як тэхнікумскі хор на спеўках заводзіў. Далятала туды цераз адчыненыя вокны…
Другі такі мастак хадзіў па рынках. Вельмі ж удала свістаў салаўём. У 30-я гады яны абодва раптам зніклі. Гаварылі, што англійскія шпіёны былі… Бядуля, небарак, усё трывожыўся: «А нам нічога не будзе, што мы іх слухалі?» Дзядоў, вядома, шкада. Але ўсё забываецца. Вось нават і я ўжо амаль забыў вобраз той галечы і бяды ў краіне, які неслі ў сабе ўсе гэтыя старцы і лірнікі.