Канстанцін Міхайлавіч працягвае вандраванне па Мінску і па рэспубліцы, па палях, якія яму хочацца найхутчэй вызваліць ад камення, аб чым ён гаварыў на партыйным з’ездзе. Гэта абуджае ў памяці дарагое яму падарожжа…
…Вясна падхапілася дружна, і ў полі снегу ўжо зусім няма. Набрынялыя чорныя камякі, наскрозь папранізваныя праменнямі сонца, засталіся толькі ў кюветах. Усюды чутна цуркатлівая вада.
Пагоркі Міншчыны засталіся ззаду. Як можна абняць вокам жаўцеюць рана скінуўшыя зімовую апону руні. Гэта — вядомая сваёй урадлівасцю слуцкая даліна, чарназём, суглінкі. Канстанцін Міхайлавіч паказвае на гумны ў прыдарожных паселішчах. Прасторныя, з высокімі стрэхамі.
— Будавалі людзі з разлікам. Ведалі, чаго можна ад гэтай зямлі чакаць.
Даўнейшыя разгатыя прысады ўздоўж сіняўскай гравійкі змяняюцца стройнымі таполямі і лінамі. На даляглядзе цямнее яшчэ па-зімоваму рудаваты хвойнік.
Мы кіруемся ў Баранавічы. Ужо другі раз працоўныя вобласці вылучаюць кандыдатуру народнага паэта, свайго земляка, у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР.
— Добра было б за адну кнігу ўзяцца, — гаворыць Канстанцін Міхайлавіч. — З маладосці рупіць мне гэта. У першыя гады настаўніцтва я збіраў грошы на фотаапарат. Куплю, думалася, і пайду на ўсё лета па Беларусі. А назбіраецца запісаў, здымкаў — складу даведнічак… Цяпер ён яшчэ больш трэба. Добрае ілюстраванае апісанне краіны, з гістарычнымі весткамі, з цікавымі падзеямі ў нашым жыцці, каб праца народа была чутна. Расказаць пра ўсіх, з кім пачыналася рэспубліка, хто цяпер ёй стаўляе дамы і сее лён. А то возьмеш старое выданне, чытаеш, напрыклад, пра Слуцак. I што ж дазнаўся? Захоўваюцца мошчы нейкага мучаніка, і ўсё. Добра, калі пра слуцкія бэры будзе ўспамянута. А мы ж пражылі больш за 30 год у новым ладзе. Што зрабілі, на што мерымся? Пра гэта трэба. Ды не забыць прыроду: добрыя азёры і лясы. Асабліва тыя, дзе баравікоў многа, — падсмейваецца ён са свае прыхільнасці.
За шараватай імглою і не заўважылася, як наперадзе выраслі Баранавічы. Адзін з першых нашых гарадоў, над якім, нібы разрэзаўшы драцяною сеткай прастору паміж небам і зямлёю, разляглося чужое, варожае завыванне матора. I людзі, прывыкшыя за многа год спакойна пазіраць угору — ці высока сонца? — глядзелі на неба з жахам — куды бегчы?
— Такія раны адразу не гояцца, — кажа Канстанцін Міхайлавіч. — Але ўжо добра жыццём пахне. Не гэтак, як у сорак шостым. Я быў тады. I раўняць нельга.
Сярод сцен, абваленых да падмуркаў, незабудаваных пляцоў, паўсыхаўшых ад агню дрэў — аглядаецца адміністрацыйны будынак: ці хутка стане поруч такі ж светлы шматпавярховы паплечнік. Ажыўленасці спрыяе вялікі чыгуначны вузел. Ад яго ў горадзе прыбывае руху, клопату, людзей, грузаў. Рэпрадуктары на скрыжаваннях дзеляцца маскоўскімі і мінскімі навінамі, афішы кінатэатраў клічуць на тыя ж фільмы, што ідуць у сталіцы.
Знаёмячыся з жыццём горада, Канстанцін Міхайлавіч дазнаецца, колькі і чаго вырабляецца тут. Сапраўды, шмат чаму можна парадавацца.
— Відаць, не ўсё гэтак, як расказваеце, — усміхаецца ён гаспадарам. — Вам толькі хочацца, каб так было.
На падмацаванне слоў з’яўляюцца планы і лічбы.
— Нашто яны, — кажа Канстанцін Міхайлавіч. — Я ж бачыў тавар на прылаўках, значыць, ёсць і на складах дабро.
Аднак не толькі цікавіцца планамі, а і запамінае. У абкомаўскім пакоі пачынаецца самая гарачая гаворка пра догляд зямлі, пра блізкія веснавыя работы.
Мінае гадзіна, другая. Дамоўлена, куды і як ехаць заўтра. Нарэшце, не без збянтэжання, выносіцца прапанова: схадзіць у лазню. Адмовіцца ад такой спакусы цяжка. Гэта — установа невялічкая, але з крутой парай. Канстанцін Міхайлавіч выбірае ёмкі, замашны венік:
— Мы-то сцёбаем сябе шкадуючы. Выбаршчыкі павінны мацней усыпаць…
…Раніцай выязджаем у раёны. Першая сустрэча з выбаршчыкамі мае адбыцца на шклозаводзе «Нёман».
Чырванаватая нітка брукаванага тракту паблісквае вільгаццю. Лес робіцца гусцейшым. I вось за тоўстымі камлямі ў глыбокім котлішчы адкрываецца прастора рыхлага вясновага лёду.
Свіцязь! Чорныя дубы ледзь варушаць галлём пры самым беразе. Крыху адбегшыся ўбок, купка бярэзін падхарошваецца ў праменні, чакаючы, калі можна будзе паправіць зялёныя косы над люстэркам вады.