Але быў у мяне наконт вайны і яшчэ адзін прагноз. Немцы пачалі прасоўвацца на Белгарадскім кірунку, а падавалі справу так, нібыта наступаем мы. Які разлік у гэтым? Я зразумеў так. Калі наступленне праваліцца, яны здолеюць сказаць: мы ўтрымліваем свае пазіцыі. Вось ці не адсюль, як кажуць, пачатак канца нямецкай авантуры. Бо няўпэўненасць — родная сястра слабасці…
Дык я табе не ўсё скончыў пра свае ваенныя сны. Часцей за ўсё ў сне нападаў на мяне чалавек з адным вокам. Я заўважыў, што ён сніўся, калі я пісаў што-небудзь пра Гітлера.
Пра што думаеш, тое і сніш. Я некалі вельмі чакаў пісем ад аднаго чалавека. I прысніў яго. Здаецца, кажа мне: «Я пісаў і апускаў у скрынку, толькі яны падалі ўсё міма, міма…» Або бачыў раз, што далі мне танк, каб ехаў біць немцаў. Набраўся клопату, не ведаў, як управіцца з тым танкам.
— Хаты тае, дзе я нарадзіўся, няма. Але на тым жа месцы пабудавана амаль такая самая. Там жыў адзін час ляснік. А леснікова пасада была перанесена з Акінчыц у Альбуць.
Паслухай толькі, якія прыгожыя назвы ў нашых мясцінах: Негарэлае, Коласава, Стоўбцы, Адцэда, Арцюхі, Акінчыцы, Шацілаўка, Свержанскія маргі, Свержанская града, Альбуць, Мікалаўшчына. Любата! I ў кожнай назве свой сэнс прытоены. Стоўбцы могуць паходзіць і ад слупа і ад стаўпца ў граблях. Пра Акінчыцы яшчэ мудрэй можна прыдумаць. Ці не чуцён тут дзеяслоў — акінуць, значыць — глухі куток, акінуты богам і людзьмі. Ты мне расказваў пра Крычаў, быццам там крычма крычалі татары, загнаныя ў тупік.
Я адказаў, што, мусібыць, аб гэтым гаворыцца ў IX томе Сямёнава.
— Э, не, выбачай! У Сямёнава іншае сказана: горад калісьці быў заснаваны крывічамі і вось таму называўся Крывічоў.
Канстанцін Міхайлавіч узяў даволі старую кнігу «Список населенных мест Минской губернии» і доўга смяяўся, што назваю Лахвá занята больш за дзве старонкі дробнага друку.
— Няўжо ў тых мясцінах нашаму брату была такая лафа? Усе гэтыя Лахвы не так далёка ад Лунінца. Там жа тулілася і першае месца майго настаўніцтва — Люсіна. А я не сказаў бы, што там вялікая лафа.
Хвіліну падумаў, загаварыў зноў:
— Можа, мы няправільна робім націск. Калі казаць Лáхва, дык і сэнс будзе іншы. На Віцебшчыне слова «лахаць», азначае «шукаць», а часамі яго ўжываюць у сэнсе — здзекліва смяяцца. Ну, здаецца, мы залезлі ў мовазнаўчыя нетры. Пакінем іх нашым акадэмікам. Я прыгадаў мікалаўскія назвы, бо некалі з іх вельмі цешыўся дзядзька Антось.
— Дзядзькоў у мяне было трое: Антось, Пятрусь і Яхім. Апошнія два жылі сваімі дамамі, а дзядзька Антось і звекаваў з намі нежанаты. Без яго ўся гаспадарка падупала б.
Я любіў заходзіць да дзядзькі Яхіма ў Мікалаўшчыну. I Пятрусь быў дружбацкі чалавек, употайкі даваў мне малому закурваць. Добра граматны, ён служыў у салдатах. Іхняя часць стаяла ў Адэсе, і дзядзька быў там пісарам. Вярнуўшыся з войска, ён жыў з намі ў Ластку і расказваў пра вялікі партовы горад. Ад яго я ўпершыню пачуў, што такое мора. Дзядзька прынёс з салдатаў вялікую спакусу — скрынку з арэхавага дрэва. Прыгожая — вачэй не адарваць. Там у яго ляжалі розныя дробязі, каляровыя паштоўкі, некалькі ракавін. Закурыць, задумаецца дзядзька над сваёю скрынкаю і сядзіць нерухома. I я пры ім, усё роўна як на прывязі. Нарэшце ён зверне на мяне ўвагу, нахіліць маю галаву да вечка і пытае: «Чуеш, як мора шуміць?» I мне здавалася — шуміць і нібыта пясок ці сухое збожжа перасыпаецца.
Аднойчы дзядзька раздобрыўся, а можа, гарэлкі нюхнуў, і падараваў мне сваю скрынку. Я быў на сёмым небе і пачаў валачыцца за ім след у след, як абнаджаны шчанюк.
Дзядзька Пятрусь любіў кнігі, меў «Месіяду» Клапштока. Навучыўшыся чытаць, я многа разоў браўся за гэтую кнігу, але нічога ў ёй не мог зразумець.
Была ў нас адна жанчына, Луцэя. Мусіць, любіла дзядзьку Петруся, а ён і ў той бок не глядзеў, асабліва на людзях, адварочваўся.
Пазней Пятрусь ажаніўся і пабудаваў сабе хату ў Мікалаўшчыне. На вяселлі ў яго ад духаты ў хаце пагасла лямпа ці, можа, пагасіў хто знарок. Мне стала вельмі страшна, бо ўсе гаманілі і спявалі і раптам сціхлі, нібы чакаючы бяды. Здалося, што зараз упадзе столь, абернуцца сцены і падушаць людзей, а хата была паўнюткая. Я расплакаўся, і маці доўга не магла суцешыць мяне. Потым казала, што з тыдзень я ўсё трывожыўся, уздрыгваў і крычаў праз сон.
У дзядзькі Петруся было дзве дачкі — Кася і Аміля. Потым яны жылі ў Мінску. Моцна сварыліся з сваім бацькам.