Успамінаецца Міцкевіч — яго сэрца назаўсёды прываражыла Свіцязь:
Канстанцін Міхайлавіч глядзіць, нібыта ўгадвае праз парушаны зімовы сон возера недалёкае зыбанне хваль.
А вілаватыя ручаі і рэчкі ўсё старанней ломяць лёд і, збягаючы з навагрудскіх узгор’яў, будзяць, трывожаць Нёман.
Колас зноў у мясцінах, звязаных з роднай ракой, якая дала яму некалі песню. Зыначыўся час, пачаў новае жыццё Нёман, і з новым словам прыйшоў паэт да шклавараў, жней і лесарубаў.
Выбаршчыкі чакаюць з нецярплівасцю. Сама больш нецярплівіцца маладым грамадзянам, каму не хапае гадкоў да выбарчага ўзросту і таму асабліва хочацца трапіць на гэтую сустрэчу. Вучні стаяць у дзве сцяны па дарозе ў клуб шклозавода. Паспрабуй знайдзі дзе прыткнуцца там, хоць да дванаццаці цэлых паўгадзіны.
Давераную асобу часта перапыняюць воплескамі, падахвочваюць выгукамі. Хай сабе знаёмае ўспамінаецца, усё роўна ўцешна паслухаць. Не так даўно стаяў разбураны шклозавод. Унравіліся, паднялі. Сталі вырабляць цікавыя навінкі. З жытлом палепшала, смачнейшая луста на стале. І так на ўсім раёне. 20 лютага, у дзень рэгістрацыі кандыдатаў, у вёсцы Паручын арганізаваўся калгас. Маладую гаспадарку назвалі іменем свайго кандыдата Якуба Коласа.
На сходзе прысутнічае яшчэ адзін кандыдат — у дэпутаты Савета Нацыянальнасцей. Калі пачалася Айчынная вайна, гэтая жанчына з усёй сям’ёй пайшла ў партызаны. Цяпер яна старшыня калгаса імя Кірава, невялікага, але з заслужанай славай. На працадзень прыпала па 3 кіло збожжа, 6 кіло бульбы, 6 кіло фуражу і рубель грашыма.
— Нічога асаблівага я не зрабіла, — сарамяжліва гаворыць кандыдатка. — Стараюся, каб лепш было.
Прамоўцы, а разам з імі і ўся зала ўспамінаюць шлях Коласа. Чалавек сталага веку чытае заклік паэта да ўзброенага змагання з самаўладствам: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» Малады выбаршчык дзякуе за радкі, што ваявалі супраць нямецкіх захопнікаў.
Канстанцін Міхайлавіч адкладае ўбок акуляры. Не чытаць жа яму прамову! Ён гаворыць і раіцца, ён жа ў добрай і шчырай сям’і. Каб толькі не хвалявацца! Спачатку гэта не ўдаецца, але голас пакрысе гучнее:
— Перажылася цяжкая пара. Перабылі яе, бо сілу маем. Савецкая ўлада — гэта мы з вамі, усе нашы поспехі і здабыткі. Будзем умацоўваць нашу савецкую ўладу. Будзем змагацца за мір. У заходніх абласцях, тут у вас, робіць агідную справу ксяндзоўства. Гэта агентура рымскага папы, ён найпершы падпальшчык вайны. Пасылайце вы ўсіх ксяндзоў, а разам і рымскага папу к чортавай бабе.
Узлятае дружны смех, гучна працуюць далоні.
Дзяўчаты выносяць на падмосткі падносы са шклянымі вырабамі. На сцэну выплывае каравай, вялізны, як утрымаць у руках. Калгаснікі арцелі «Нёман» вітаюць кандыдата хлебам і соллю.
З клуба ніхто не рушыцца. Скончыўся сход, але не аціхлі размовы. Да Коласа падыходзяць усё новыя і новыя людзі. Хто напамінае пра колішняе знаёмства, хто пытае парады, а хто проста хоча зірнуць на яго зблізку, паціснуць руку.
Удыхнуўшы гэтага паветра, дзе добра слову і лёгка кроку, можа, упершыню пачынаеш разумець, што гэта за яна народная любоў!
Канстанцін Міхайлавіч ходзіць каля дому па пасыпанай пяском сцяжынцы і часта нагінаецца: адкідае ўбок каменьчыкі, падбірае збітыя ветрам хваёвыя сучкі. Патрэба ў такой «прыборцы» з’яўляецца заўсёды, калі гаспадар нездаволены чым-небудзь і хвалюецца.
— Што ў вас там нарабілася?
Я збянтэжыўся, падумаўшы, што пытанне накіравана да мяне асабіста. Пачаў гаварыць напаўжартам нічога ніякага, дома ўсё ціха, з суседзямі не сварыўся і наогул прыгод на маёй вуліцы не прыкмячалася.
Гэта яшчэ больш насцярожвае Канстанціна Міхайлавіча. Ён падымае недаверлівыя вочы.
— Ці ты сапраўды нічога не ведаеш і, значыць, не цікавішся тым, каму руку падаеш, ці… — Ён спыняецца і пасля маўчанкі гаворыць павальней: — Ці засланяеш плячыма таварыша, утойваеш праўду… А мы, здаецца, дамовіліся…
Нагадаўшы пра нашу ўмову — не пакідаць нічога недаказанага, ён пакрыўджана змаўкае. Надоўга. Толькі пасля шматлікіх намаганняў «разгаварыць» яго Канстанцін Міхайлавіч расказаў сумную, а больш прыкрую гісторыю.
Перад маім прыходам яму пазванілі па тэлефоне пра паводзіны маладога літаратара.
Па горадзе ліпкім снегавым камяком пакаціліся дзейкі аб пісьменніцкіх поравах. Далажылі і Коласу.