Выбрать главу

Я трапіў, як гаворыцца, на разгрэбіны падзей. Канстанцін Міхайлавіч хваляваўся, не мог даць рады рухам і гаварыў жорсткія словы.

Ён ідзе ад дому пад вяз. Сядае, бярэцца за свежую газету. Але не чытае, скубе паперу і качае ў пальцах галачкі.

— Цяпер ягоны застой у пісанні мне з іншага боку паказваецца. Няма ў чалавека духоўнага апірышча. Таму і ў побыце брыдасць. Артыкулаў на гэта ў грамадзянскім кодэксе няма, а ў жыццёвым знойдуцца. Прыкра руку надаваць такому. Дый, здаецца, сам слізкі. Не веру я такім людзям, не веру. Затоеная злосць у іх праступае цераз скуру. I не кажы мне нічога пра талент. Талент нікуды не дзенеш — ёсць. I вастравокі. А вось таленту — быць чалавекам — не хапае.

Некалькі год запар на акне, проста перад пісьмовым сталом Канстанціна Міхайлавіча, стаіць бутэлька рудаватай вадкасці з надпісам: «Якубу Коласу ад унукаў дзеда Талаша». Надпіс — мнагазначны і ў першую чаргу паказвае, адкуль і чаму з’явіўся гэты падарунак. Унукі старэйшыны палескіх партызанаў і самі партызаны, адстаяўшы сваю зямлю ад шматлікіх навал, паглыбіліся ў яе нетры і хоць трымаюць зброю напагатове, але знаймуюць сабой прыход пакалення, якое мае сур’ёзны намер назаўсёды разлічыцца з войнамі.

Для найбольш пачэсных і блізкіх наведвальнікаў дома корак у бутэльцы адтыкаецца.

— Панюхай, якая яна, наша беларуская нафта! — запрашае Колас, і твар яго аж свеціцца ад задавальнення. — Я думаю, што, добра пашукаўшы, у нашай зямлі і не гэта можна выкапаць.

У ім прачынаецца памкненне вандроўніка і гаспадара: пабыць на тым месцы, дзе вырваўся з-пад зямлі гэты казачны струмень, займеўшы які краіны могуць лічыць сябе багатымі. Трэба дазнацца: ці добрая нафта, ці выгадна яе здабываць. Гэта, праўда, ён ведае: далажылі як віцэ-прэзідэнту Акадэміі. А хоча пабыць на Палессі, на той зямлі, дзе пачынаў свядомае жыццё, каб… Ён гаворыць аб гэтым расчулена:

— Здаецца, гляну і яшчэ больш палюблю нашу краіну. За тое, што прыбаўляе дзіваў і багаццяў чалавеку… Мала, мала ездзіў я ў свой час… А цяпер цяжэй выбрацца…

I мы ўспамінаем наша першае супольнае падарожжа…

Калматы рахманы канёк на хвіліну прыкінуўся порсткім стаеннікам і, зрабіўшы выгляд, што вельмі ўжо знудзіўся пераступаць з нагі на нагу каля вакзальнага пад’езда, пакруціў галавою, крыху пагрыз напятыя цуглі, нарэшце ўдарыў перснямі ў хамут і прывычным рухам ірвануў з месца зімовы вазок. Усе гэтыя нескладаныя конскія махінацыі прарабляліся абавязкова перад кожным новым седаком і ўваходзілі ў праграму дзеянняў гаматна апранутага ў кажух і бурку рамізніка: на жвавага каня хутчэй клявалі пасажыры дый лягчэй вытаргоўвалася лішняя залатоўка.

Ад нечаканага рыўка два юнакі, што змясціліся за неабдымнай рамізнікавай спінаю, адкінуліся назад і голасна зарагаталі. Але конік, упэўніўшыся, што седакоў ужо ніхто не перахопіць і такім чынам гарнец аўса забяспечаны, паклыпаў ляною трухою і зусім паволі павёз нас за пярэднім вазком.

Пасля вагоннай сухой, натыхаўшай карболкаю гарачыні востры маразок працягнуў таркаю па шчоках, пабяліў бровы і вытыркшыя з-пад шапак чубы. Мы схавалі вушы ў каўняры і пачалі падтыкаць пад сябе пацягнутую сукном аўчынную запону, якую рамізнікі фарсіста называлі вільчурай, хоць ніводнага воўчага воласа ў ёй і не начавала.

Горад з нятоптаным і няезджаным на шмат якіх вуліцах і плошчах снегам пакрысе заліваўся рэдзенькім зімовым змрокам, падобным да жыжкі ў вялікіх блакітных шарах, што таямніча адсвечвалі ў прапахшым эфірам і мятаю паветры аптэкі. Пакуль мы ехалі, змрок добра загус, вызірнуў месяц і пад палазамі пачаў іскрыцца снег, як быццам зоры перасыпаліся з цёмнай сіняй посцілкі неба на выбеленую шэранню і тонка подсіненую святлом ліхтароў зямлю.

Да прыемнага пазвоньвання рамізніцкіх шамкоў далучаецца больш і менш урачыстая размова званоў — чыстая і са шчарбінаю — з усіх шматлікіх сабораў, цэркваў і цэрквачак, якімі здавён славіцца Полацк, дзе, паводле летапісца, былі «первіі насельніцы — крывічы». Гэта бадай і ўсё, што маглі мы сказаць аб гісторыі горада, які, перабыўшы доўгую пару заняпаду, толькі пасля Кастрычніка стаў акруговым цэнтрам, пагнаў па Дзвіне лес, гукнуў першым прамысловым гудком.

Мы прыехалі сюды адзначыць дзесяць год работы нашага выдавецтва. Мы — гэта Якуб Колас, затым прадстаўнік выдавецтва, з пісьменнікаў Мікола Нікановіч, я і яшчэ нехта малады, не ўспомню хто.

Можна здзівіцца, чаму адзначалася такая малапрыкметная дата? Вельмі проста: тады больш выдатнай і надарыцца не магло. Рэспубліка, усе яе ўстановы і ўсе яе работнікі былі вельмі маладыя. Толькі Купала і Колас мелі за плячыма па дваццаць пяць год работы.