Нецярплівыя маладыя людзі, сяк-так залапіўшы прарэху ў часе паміж апублікаваннем першага і амаль такой жа якасці апошняга вершыка, даволі шумна гулялі ў Доме пісьменніка свае дзесяцігадовыя юбілеі. Пад канец адной з такіх урачыстасцей К. Крапіва, так і не ўзняўшы віншавальнага голасу, чокнуўся са мною і прамовіў: «А ты чуеш, што скажуць пра ўсё гэта цераз дзесяць гадоў?» У Крапівы не было намеру жартаваць, ён памераў з’яву маштабамі часу і, мусіць, упершыню ўбачыў свайго, ненапісанага яшчэ Гарлахвацкага…
…У той зімовы адвячорак нас замест гасцініцы прывезлі ў акруговы Дом селяніна. Выдзелілі самы большы, самы святлейшы — вокны з абодвух бакоў — і, пэўна ж, самы халодны пакой з шарэнгамі жалезных ложкаў уздоўж сцен. Найбольш зацішнае — далей ад дзвярэй, на покуці — месца было аддадзена Канстанціну Міхайлавічу. Ён адразу ж разуўся і прылёг, як быў, у верхняй вопратцы. Ляжаў, залажыўшы рукі за галаву і не заплюшчваючы вачэй.
Мы дзяліліся скупымі ўражаннямі аб Полацку, уладжваліся на ложках і наглядалі на Коласа, стараючыся не рабіць лішняга шуму. А ён і не думаў спачываць: адразу ж прычыніўся да гаворкі. Спрэчку аб тым, якія рамізнікі лепшыя: мінскія ці полацкія, ён вырашыў кароткаю заўвагаю:
— Відаць, полацкія. Тут ім сена больш, бо па колькасці коней акруга на другім адзаду месцы ў краіне.
I, на наша здзіўленне, пачаў называць дакладныя лічбы: у Мазыршчыне 35 тысяч коней, а тут каля 44. Першае ж месца па конях трымае Магілёўшчына.
Наогул жа ўсе весткі, якімі дзяліўся з намі Канстанцін Міхайлавіч, здзіўлялі нейкай асаблівай важкасцю і значнасцю. Нехта з нас кінуў, што Полаччына — акруга невялікая, мала тут насельніцтва, значыць, мала і худобы. Колас прыўзняўся на сваім ложку і дадаў: у акрузе дзевяць раёнаў, на тысячу чалавек жыхароў прыходзіцца 19 рабочых, адсюль вывозіцца за мяжу лён і драўніна, нават ёсць спецыяльная экспартная кантора Дзвіналес…
Першы наш вечар — агульнагарадскі — быў размахнуты занадта ўрачыста: даклад, прывітанні ад гарадскіх арганізацый, нашы выступленні з абавязковым тушам ваеннага аркестра пасля абвяшчэння кожнага прозвішча. Атрымлівалася пампезна, доўга і аднастайна. Перш за ўсё зацягнуў прамову дакладчык, стараючыся, каб хаця не абмінуць якую заслугу выдавецтва перад народам. Ад дакладчыка не асталіся мясцовыя прамоўцы: хвалячы выдавецтва, яны няма-няма ды закідалі слоўца пра поспехі акругі…
Час ішоў, зала ўсё больш зморвалася.
Нарэшце абвяшчаецца доўгачаканы Колас. Як быццам даўжэй, галасней і навей грыміць стаўшы крыху абвыклым для вушэй туш. І сама сабою ўзгараецца авацыя, шчырая, несутрымная, як бывае, калі недзе нехта адзін, не вытрымаўшы, расцісне ў далонях надзьмуты папяровы мяшэчак цішыні і, даўшы грудзям палёгку, пад скляпенні залы ўзляціць шумны і гарачы гром воплескаў. Сэрцы многіх раптоўна акажуцца злучанымі з сэрцам аднаго, і невідочныя ніці гэтай сувязі, пачаўшыся ў далонях і пальцах мноства нечаканых сваякоў па духу, яшчэ шчыльней прывяжуць яго зваротнай любоўю да жыцця, да жывога…
Так стаяў гэты адзін перад трыбунай, выхвачаны падстольным і як бы падняты прыземным святлом, невысокі, яшчэ хударлявы тады чалавек з пазападаўшымі шчокамі і доўга не мог загаварыць ад узаемнага з залай хвалявання.
Чамусьці Канстанцін Міхайлавіч выбраў для чытання раздзелы з паэмы «На шляхах волі». Чытаў ён глухавата, пакашліваючы, але як добры настаўнік, выразна падкрэсліваў патрэбныя мясціны. Аднак урыўкі, а яны ніколі не даюць цэльнага ўспрымання, змора аўдыторыі перашкодзілі з’яўленню той слаўнай цеплыні, якая надоўга разварушвае душу пры падобных сустрэчах, дадае ўпэўненасці, памагае не хадзіць, а крыху падлятаць над зямлёю. Заўважыў гэта і Канстанцін Міхайлавіч, заўважыў і пакрыўдзіўся. Чаму была прынята з халадком рэч, якую ён нёс слухачу ў падарунак як самае лепшае, навейшае з усяго, чым зараз валодаў?
Не ведаючы, з чаго пачаць размову, вярнуліся мы ў сваё часовае жытло. Колас зноў прыпёрся на ложак, найбольш гаспадарлівыя з нас пачалі старацца вячэры. Наладзілі яе ў сваім пакоі і пашкадавалі: Канстанцін Міхайлавіч спаслаўся на нядужасць і да стала не пайшоў. Тым часам прачыніліся дзверы, увайшла буфетчыца:
— А для вашага дыэтніка я ўсмажыла рыбкі.
Канстанціну Міхайлавічу давялося ўстаць, ён папрасіў сабе адну на ўвесь вечар чарку зуброўкі, трохі пакалупаў прынесеную для яго рыбу. А ў гаворку ўключыўся зараз жа і вельмі актыўна. Гаварылі мы, як усе і ўсюды ў тую пару, пра калгасы, як цяжка яны ўзнікалі і з якой лёгкасцю спынялі існаванне, якія поспехі і няўдачы сустракаліся ў маладых гаспадарках.