Колас расказваў аб калектывізацыі на Полаччыне. Сюды ў свой час, пасля рэформы 1861 года, хлынула, ратуючыся ад яшчэ горшага ўціску, хваля перасяленцаў з Латвіі. Адны з іх куплялі зямлю, другія бралі ў арэнду дробныя фальваркі мясцовых землеўласнікаў. Складаліся зямельныя таварыствы. Так Вацлаўскі маёнтак быў куплены 79 латышскімі гаспадарамі, яны падзяліліся потым на буйныя і дробныя хутары…
У такой значнай колькасці заможных хутаранцаў Колас бачыў немалую перашкоду калектывізацыі. З другога боку, яго радавала, што беларусы жылі з латышамі параўнаўча дружна, пераймалі ад іх смак да садоўніцтва і шматполля.
І зноў жа даводзілася слухаць Коласа з цікавасцю і здзіўленнем. Ён ведаў не толькі, што існуе нацыянальны латышскі сельсавет — Вацлаўскі, а расказаў пра лепшы калгас гэтага сельсавета — «Будаўніцтва», дзе на 100 дзесяцін зямлі прыходзілася 28 кароў і 13 коней.
Усе весткі падаваліся з добрым веданнем справы, як быццам гутарыў з намі не паэт, а вучоны аграном. Але гэта было тое веданне жыцця, што вылучае паэта сапраўды народнага паміж знаўцаў і спачувальнікаў якой-небудзь справы. Ніколі не быўшы на Полаччыне, Колас мог даць жывы малюнак, як жывецца-можацца, што тут было і чаго можна чакаць у бліжэйшыя часы.
— Ці ведаеце вы, хлопцы, на якую меру жывёлу прадаюць? — запытаў, пасміхаючыся, Колас.
Пакуль мы адказвалі, што гэтая аперацыя робіцца на галовы або на пуды, ён, адмаўляючы, пакручваў галавою і расказаў вось які выпадак.
— Нейкі ашуканец узяў у арэнду маёнтак. Лобава, калі не памыляюся. Тут гэта было ці, здаецца, на Магілёўшчыне. Адным словам, аддалі ў карыстанне будынкі, інвентар і жывёлу. I запісалі: я, такі і такі, перадаю такому і такому 200 аршын кароў, 150 аршын коней, 300 аршын свіней і авечак. Як бачыце, лічылі не па галовах, а мералі па даўжыні спіннога хрыбта. Тое, што прыбудзе за час арэнды, калі з цяляці вырасце карова, дамовіліся дзяліць папалам.
Але той падла-арандатар і не думаў аб прыбаўленні статка. Наадварот, большую частку жывёлы паспродваў. Гаспадар падаў у суд. Пачалася цяганіна. Арандатар падпаіў следчых, тыя перамералі жывёлу і знайшлі, што яе значна прыбавілася. А чаму? Бо, мераючы другі раз, да хрыбта прылічвалі яшчэ і хвост…
Назаўтра ідзём выступаць да студэнтаў. Канстанціна Міхайлавіча сустракаюць горача і сардэчна, ён чытае доўга і многа, на жаль, зноў тыя ўрыўкі з паэмы. Нам, маладым, пасля Коласа вытыкацца боязна. Мікола Нікановіч штурхае мяне пад бок:
— Ты прачытай з адзін верш, а я з прозаю і вылазіць не буду.
Аднак у афішах пералічаны прозвішчы ўсіх прысутных — адмаўляцца не даводзіцца. I мы чытаем, не паспяваем сесці на месца, як выклікаюць зноў і зноў. Няўмелыя, але маладыя радкі знаходзяць у моладзі водгук, прыпадаюць да сэрца. Міколавы апавяданні пра каханне ў спалучэнні з сімпатычным тварам аўтара і яго сакрушальнай франтаватасцю літаральна заварожваюць дзявочую палавіну аўдыторыі. Пачынаюць прыбываць запіскі: «Пачытайце яшчэ!», «Калі вы нарадзіліся?», «Ці кахалі вы да Кастрычніцкай рэвалюцыі?»
Нарэшце прачытана ўсё, што мы захапілі з сабою. Гадзіннік паказвае на дванаццаць. Заўтра ў нашых слухачоў лекцыі, а мы праз некаторы час выязджаем на Віцебск і Смаленск, дамоў.
Канстанцін Міхайлавіч час ад часу пазірае на ўсіх нас. Яго вусны і вочы добра ўсміхаюцца. Ужо ў вагоне, сеўшы ў зацішным цемнаватым купэ, ён не можа ўтрымацца і жартуе, паглядаючы на Нікановіча:
— Як я заўважаю, тут глядзяць не на твор, а на твар.
I яшчэ раз, ужо на пероне Смаленскага вакзала, дзе мы чакаем цягніка на Мінск, варочаецца да гэтага ж. Цяпер — без жарту, з лёгкай гаркотаю. Ён робіць некалькі крокаў у бок паднятай рукі семафора, дзе памахваюць ліхтарамі стрэлачнікі, бразгаюць буферы і коратка гукаюць фарміровачныя цягнікі. Колас спыняецца пад ліхтаром. Абсыпаны адліжнай крупкаю, ён выглядае быццам незнаёмы.
— Як хутка адно пакаленне саступае месца другому, — ціха кажа ён. — Я ўжо ніколі не знайду такой простай мовы з маладымі, як вы, равеснікі. А і мне ж — усяго нейкіх з чатыры дзесяткі… Здаецца, не быў, не жыў…
Ён зноў, гэтак жа, як і ў Полацку, сумнавата і разумеючы ўсміхаецца. Усміхаемся і мы. Не разумеючы. Зразумець яго праўду і стаць перад сваім засмучэннем па адляцеўшай маладосці давялося значна пазней.
«На ростанях»
Як падахвоціць руку да работы? Методыка пісання. Чалавек і сонца. Умова гаварыць праўду. «Лыка не аддам». Колас правіць трылогію. Канферэнцыя герояў. Прататыпы, іх сапраўдныя прозвішчы. Валаамава асліца і князь Мяшчэрскі.