Выбрать главу

Здаўна павялося так, што дакладна а дзесятай уранні Канстанцін Міхайлавіч з’яўляўся на работу ў Акадэмію. Працаваў прыкладна да другой гадзіны і пасля ехаў куды-небудзь на зялёную мясціну па Маскоўскай шашы.

Маршруты былі розныя: даўжэйшы — за Уручча, на адзінаццаты кіламетр, а часцей за ўсё — у малады хвойнік насупраць новых гарадскіх могілак або ў большы лес каля Сляпянкі.

Пахадзіўшы з паўгадзіны за горадам, вяртаўся дамоў. Абедаў у кабінеце адзін, калі ж адчуваў сябе не вельмі змораным — у агульнай сталовай, разам з сям’ёю.

Часіну адпачынку праводзіў на панадворку, пад хвоямі. Тупаў каля дому, аглядаў сад, пасля садзіўся на лаву каля дашчанага хлеўчука, пад вязам. Яго цешыла, што гэтае дрэва ўвачавідкі разрасталася і давала надзейны цень у спёку і спрат ад дажджу. Тут абдумваліся далейшыя старонкі «На ростанях», прыкідваліся планы на заўтра: выступленні на сходах, артыкулы для газет.

Перад шараю гадзінай, з такім разлікам, каб управіцца дацямна, ён падымаўся ў кабінет і перабельваў — надзвычай акуратна, без памарак і выкрэсліванняў — напісанае з раніцы.

— Працаваць проста так сябе не прымусіш, — неаднойчы гаварыў Канстанцін Міхайлавіч. — Чалавек — гультай, таму даводзіцца ашукваць уласную ляноту. Трэба хоць чым падахвочваць руку. Я ніколі не перапісваю гатовы раздзел увесь адразу, да канца. Невялічкі хвосцік пакідаю на заўтра. Бывае, і сам не агледзішся, як пахіне на працяг. Так неўзаметку дзве-тры старонкі новыя маханеш.

Гэтая практыка некалькі парушалася. Часамі ён намагаўся завяршыць пэўны раздзел трылогіі ў той самы дзень, калі пачынаў. Тады адпачынак адмяняўся ці пераносіўся на пазнейшы час. Канстанцін Міхайлавіч не выходзіў з пакоя, пакуль чарнавы накід не быў зроблены да апошняга радка.

Раніцай пачыналася перабельванне. Ён абавязкова падгадваў, каб чарнавік не зводзіўся: стаўляў на чыстым аркушы нумар чарговага раздзела і запісваў некалькі пачатковых сказаў. Гэта быў таксама «хвосцік», ён рупеў і патрабаваў далейшага разгортвання падзей.

— Перапыняць пісанне трэба на самым цікавым месцы. Каб самому карцела дазнацца: а што ж будзе далей?

Да так званага запойнага пісання, днём і ўночы, некалькі тыдняў запар, не ўстаючы з крэсла, Канстанцін Міхайлавіч ставіўся няўхвальна:

— Ну, і які толк, што чалавек сядзіць, як ачмурэлы, нікуды не вылазячы? Думка робіцца непаваротная, на праўкі потым удвая больш часу трэба. Лепш развейвацца, выходзіць на людзі. Стрэнецца што-небудзь на дарозе, слоўца пачуеш. Глядзіш, яно табе падказала добрую знаходку. А галоўнае — давай галаве спачын, каб грунтоўней абдумаць усё. Тады запішаш сваю прыдумку лёгка, не надужаючыся.

Калі Колас ствараў апошнюю кнігу трылогіі, мне даводзілася зусім зблізку назіраць, як менавіта гэтак, няўхільна, з дня ў дзень, пакрысе, але з зайздроснай настойлівасцю ажыццяўлялася выпрацаваная ім методыка пісання. Думаецца, што і сам Канстанцін Міхайлавіч не выключаўся з творчага працэсу, як і тыя пісьменнікі-«запойшчыкі», чыіх звычак у рабоце ён знадворна не прымаў.

Вельмі рэдка здаралася, каб яго працу магла перарваць якая-небудзь справа, нават самая неадкладная. Ён знаходзіў магчымасць управіцца з ёю ў найкарацейшы час, не адцягваючыся надоўга ад выспяваўшага ў думках. Горш было, калі апаноўвала стомленасць, падкрадалася нядужасць і ён не давяраў руцэ, сумняваўся, ці тое, што трэба, выходзіць з-пад пяра. Тады абвяшчаўся перапынак міжвольны.

— Іду на прафілактыку, — так называў ён кароткі адпачынак і лячэнне ў стацыянары. — Трэба ціск знізіць, рысоры праверыць.

I заўсёды ў гэты час нерваваўся, лаяў сябе «прагульшчыкам» і «дармаедам», а то і «старым карчом».

Канстанцін Міхайлавіч напаўжартліва, аднак з дамешкам горычы, пачынаў ушчуваць «Якуба Коласа» як асобу далёкую, амаль не знаёмую яму.

— Я ўжо дзесяць разоў казаў яму, — такія выгаворванні адбываліся і ў прысутнасці блізкіх сяброў, — Якуб, што ты сабе думаеш? Ты пісьменнік, а не можаш стаць над чалавечай хворасцю, не падолееш старэчага гультайства? Пішы, вось табе самыя лепшыя лекі. Не чакай, што заўтра падужэеш, не ў той бок яно, браце, хінецца. Увяз ты, як муха на ліпучцы. Ёсць у цябе крылы ці не? Рваніся і ляці…

Пад час такіх творчых «прастояў» Колас, куды б ні збіраўся: на пасяджэнне, на сустрэчу з чытачамі, у тую самую бальніцу — усюды абавязкова браў з сабою партфель. У ім хавалася крыху чыстай паперы і першым ляжаў аркуш з пачаткам новага раздзела кнігі. Гэта быў напамінак, дакор самому сабе: дзе б ты ні быў, як бы сябе ні адчуваў — пішы! Не знікала і не магла знікнуць надзея: зараз перарвецца бяздзейнасць. Хай усё будзе перад вачыма.