Выбрать главу

Блізка дзевяці год мы бачыліся амаль штодня. Часцей за ўсё — адвячоркам, калі я канчаў работу дома ці ў рэдакцыі «Вожыка». Зайшоўшы ў двор, я, як і ўсе, хто ведаў гаспадаровы звычкі, адразу ж кіраваўся да лаўкі пад вязам. Цёплаю парою, калі не было нягоды, Канстанцін Міхайлавіч заўсёды сядзеў там. На гэтую частку сядзібы перад заходам свяціла сонца, ужо менш гарачае, дый праменне затрымлівалася ў густой лістоце дрэва. А сонца ён любіў.

— Мусіць, я з роду сланечнікаў. Хаджу за сонцам па дварэ: куды яно, туды і я.

Магчыма, прывязваў яго да аблюбаванага месца недавершаны замысел, пэўней сказаць, не аформлены ў радкі, не даросшы да замыслу вобраз.

— У Ташкенце ёсць добры парк, — расказваў Канстанцін Міхайлавіч. — Каля абсерваторыі. З нябожчыцай Мар’яй Дзмітраўнай мы там адпачывалі надвечар, хаваліся ад гарачыні. I вось што кінулася мне ў вочы: промні між лісця свяцілі зырка, не стрываць, як пражэктары. Я адышоўся, хацеў лепей разгледзецца, а зіхценне ўзяло і знікла. Справа была вось у чым. Сярод дрэў стаяў дамок. Святло, адбіўшыся ад даху, пранізвала лісце шмат ярчэй, як звычайна. А відно гэта было толькі з пэўнага пункту і адлегласці…

I цяпер яшчэ хочацца злавіць той малюнак у слова. Не даецца, выслізгвае спраміж пальцаў. Ніяк не знайду, да чаго прымацаваць яго, да якой жыццёвай з’явы. Разважаў так: ёсць сонца, аснова жыцця на зямлі, самы магутны з успрынятых нашым розумам твор сусвету. А выходзіць, яго бляск можа быць павялічаны просценькім збудаваннем чалавека. Мусіць, смешныя развагі, дзіцячыя. Але вобраз жыве. Я мог бы запісаць яго як прыгожы малюнак. Ці варта? Будзе пустая цацка. А на такое ў нас майстроў хапае…

Так, пад засенню лапушнога дрэва, падоўгу ўглядаўся ён у аднаму яму відочныя вобразы, услухваўся ў аднаму яму чутныя словы, паглыбляўся ў толькі яму вядомыя думкі.

…Бразгала ўваходная брамка. Ён прыкладаў далонь да капелюша: хто прыйшоў? I насустрач наведвальніку, за некалькі крокаў, ляцелі вельмі звычайныя, але ад гэтага ніяк не з меншай турботай і цікавасцю гучаўшыя пытанні: «Як здароў? Што чуваць на белым свеце?»

Звыклыя ветлыя словы кожны раз афарбоўваліся непаўторным у сваёй непасрэднасці пачуццём. I па гэтым можна было без памылкі адгадаць, ці чакалі цябе, пазнаць, што за дзень у яго сёння: творчы або прастойны.

У творчыя дні Канстанцін Міхайлавіч пакідаў свой пасад пад вязам хутка. Мы ішлі да яго ў пакой. Спярша паказваў найбольш цікавыя з дасланых лісты і рукапісы, раіўся аб іх лёсе, казаў, куды іх мяркуе накіраваць. Потым браў з-пад прэса чатыры-пяць свежых старонак, напісаных надзвычай разборліва, рукою, што не страціла да апошніх гадзін амаль юнацкае цвёрдасці.

Працёршы вялікім, як хустка, кавалкам замшы акуляры, пачынаў чытаць. Не спяшаўся, а калі даходзіў да апісанняў прыроды, якія лічыў удалымі, чытаў яшчэ павальней. I ўвесь час сачыў з-пад акуляраў, як успрымаюцца жартоўныя і напружаныя мясціны, ці не павісла ў паветры, не зачапіўшы слухача, вострае слоўца, трапны зварот.

Гэтак праводзілася першая праверка твора на чытачы.

Калі ён прыкмячаў, што ўвага развейваецца, зараз ж спыняўся:

— Нешта ты далёка лунаеш… Кепска?

Скончыўшы чытанне, хоць і не выказваў нецярплівасці, аднак было відаць, што чакае водгуку даволі напружана. Сказаць толькі «добра» значыла пакрыўдзіць. Адно гэтае слова важыла для яго столькі ж сама, як і проста кінутае «дрэнна». Калі напісана добра, скажы, што іменна, і абавязкова растлумач — чаму. Як быццам ён сам не ведаў цаны сваёй рабоце! Ведаў, і лепш за іншых, але ўсё ж чакаў слова ў пацвярджэнне свае пэўнасці.

I калі погляды не супадалі, ён з поспехам пераконваў слухача ў перавазе свае думкі. Варта было мне, не стрымаўшы радасці ад ягонай удачы і перабраўшы крыху меру ў захапленні, сказаць, што ў кнізе найлепшыя раздзелы, дзе зволеныя з пасад сябры сустракаюцца ў «прасторах», праводзяць рэпетыцыю допыту і разважваюцца танцам «зялёнага асла», як Канстанцін Міхайлавіч запярэчыў:

— А як жа «паніч, выганяй»?

I зараз жа давёў, што па каларыце, гушчыні фарбаў і цэльнасці куды вышэй малюнак, калі падкуплены Лабановічавай залатоўкай сельскі пастух з дваран, Лукаш Леўчанка, ляскае пугай і крычыць на світанні «выганяй», трывожачы і без таго кепскі сон пісара Васількевіча.

Адным словам, першы чытач і крытык трылогіі, чые ролі мне даводзілася сумяшчаць, трапляў у незайздроснае становішча. Перш чым вымавіць слова, трэба было з усіх бакоў узважыць яго. Добра, калі адразу ўдавалася сцісла перадаць непасрэднае ўражанне ад прачытанага. Але некаторыя рэчы патрабавалі папярэдняга роздуму, на іх трэба было глянуць яшчэ раз сваім вокам і толькі пасля меркаваць. Тады ў тоне размовы міжволі з’яўлялася няпэўнасць, і гэта непакоіла Канстанціна Міхайлавіча. Ён хмурнеў, пачынаў гартаць рукапіс, прыглядацца да кожнага слова, нібы адшукваючы, што засталося невыразным, не такім, як бачылася яму.