Выбрать главу

Аднойчы, праслухаўшы раздзелы трылогіі пра першыя часы бытавання Лабановіча ў турме, я паспрабаваў ухіліцца ад размовы. Было дзіўна: навошта пераносіць у мастацкі твор амаль дакладна ўсё тое, пра што расказвалася ў мемуарным нарысе «Цені мінулага», рэчы, ад якой так і патыхала дакументальнасцю.

Характэрныя, вельмі жыва напісаныя малюнкі астрожнага жыцця, арыштанцкіх забаў, здзекаў з «новенькіх» нейкім чынам засланялі постаць Лабановіча. А ён жа вось-вось прыйшоў з суда і, зразумела, не можа не разважаць: што адбылося? Чаму і, галоўнае, як яго асудзілі? Якім парадкам пакіруецца ягонае жыццё тут і ў далейшым, пасля вызвалення?

Цяпер герой ужо ў поўную меру можа асэнсаваць найбольшую і найгоршую сваю бяду: страчана воля, і на немалы час. Настрой у яго мусіць быць рэзка інакшы, чым у асуджаных разам таварышаў: яны пайшлі на суд з-за крат і за краты вярнуліся, а ён трапіў сюды ўпершыню.

Адным чынам, былі ўсе падставы чакаць новага перавароту ў душы Лабановіча, канчатковага ўзмужання і сталасці яго. Забавы ж крымінальнікаў, накшталт «пілавання дуба», здаваліся празмерна натуралістычнымі і калі маглі падавацца ў творы, дык хіба для таго, каб легчы дадатковым цяжарам на псіхіку героя.

Не ведаючы, што рабіць з узнікаўшымі думкамі, я маўчаў, балазе прыйшоў малодшы сын Канстанціна Міхайлавіча Міхась і пачаў расказваць пра стралковыя спаборніцтвы, у якіх ён браў удзел.

На нейкі час Канстанцін Міхайлавіч ажывіўся, ператварыўся з патрабавальнага літаратара ў добрага хатняга чалавека, «бацьку», «дзядзьку Якуба». Аднак я ўвесь час адчуваў на сабе дапытлівы позірк. А калі ўстаў, каб адвітацца, ён усё ж не вытрываў:

— Так проста я цябе не выпушчу… I што гэта за ліха? Пэўныя асобы, у тым ліку і я, карыстаюцца правам недатыкальнасці: што ні зрабі, усё добра. Нават калі рэч адно пад селядцы прыдатна. Дый тады высмакчуць з пальца кучу розных вартасцей. Бачу па табе — не ўпадабаў. I маўчыш. А мне круці галаву: недадаў ці перадаў што-небудзь. Давай умовімся, Максім: будзем гаварыць адзін аднаму толькі праўду. I не крыўдзіцца. Згодзен? А цяпер кажы ўсё, што думаў.

Зробленае пагадненне мала паляпшала маё становішча. Умова ўсё ж была аднабаковая: і без яе Колас, па праву першаадкрывальніка, пад чыім доглядам узгадавалася не адно пакаленне літаратараў, быў абавязаны гаварыць кожнаму проста ў вочы, чаго сапраўды варта яго работа.

Але хто з нас мог патыкацца з заўвагамі да яго, спадзеючыся на такую не зусім пэўную рэч, як асабісты густ? Як можна было з аднаго чытання, на слых, сцвярджаць свой погляд, абвяргаючы аўтарскі вопыт, дальнабачнасць, наўздзіўную чуласць да праўды, і асабліва мастацкай? Груз на шалях ляжаў відавочна няроўны! Але марудзіць з адказам было нельга…

Цярпліва выслухаўшы ўсё, Канстанцін Міхайлавіч заўважыў:

— А табе не здаецца, што пасля здзеку, учыненага ў судзе, здзек у камеры яшчэ мацней уразіць Лабановіча? Хіба ж гэта не праходзіць цераз духоўныя вочы героя, не стасуецца да яго разваг? Трэба памеркаваць. Я прыкідваў ужо, ці не вельмі павёў мяне ўбок матэрыял. Мы некалі гаварылі аб гэтым, чытаючы Гогаля. Толькі наконт натуралізму — памыляешся. Не можа не набыць верагоднасці твая выдумка, калі ёсць у ёй і жывая акалічнасць, хоць сабе і разнатуралістычная…

Канстанцін Міхайлавіч спыніў самога сябе:

— Чакай… Хіба ж тут ёсць выдумка? Я пісаў, як было. Можа, вымыслу і малавата…

Разрэзаў вялікую наліваную антонаўку, палавіну падаў мне.

— Не спяшайся… у мяне тут трохі «ад прастуды» ёсць. Прыхаваў ад Данілавага вока. Ён з дактарамі ў адну дудку іграе, парашкамі лечыць. А я, калі забаляць часам грудзі, усе сульфадзімізіны вераб’ям на дах высыпаю: хай дзяўбуць, каб не чхалі. Вазьму чарачку на ноч, і як рукою здыме…

Канстанцін Міхайлавіч наліў у паходную стопачку каньяку.

— Выбачай, я сабе няпоўную. Мы — з адной, як дзяды рабілі. Не хочацца гаспадыням фатыгі задаваць. Дый пачыналі мы размову сам-насам. Так будзем і канчаць. Каб нам заўсёды так гаварылася. Як сёння. Будзь здаровы!

Перадаў чарку мне.

— Трымай! Табе, відаць, і яшчэ адна накáпаецца.

Глядзеў вясёлымі вачыма і гаварыў: