Выбрать главу

— Адкрытасць яшчэ нікому ніколі не пашкодзіла. Асабліва ў мастацтве. Бо яно ўжо сутнасцю сваёю выкрывае няпраўду. I калі мы кінем паказваць адны рэчы лепшымі, чым яны ёсць, а другія — горшымі? На літаратуру ад гэтага прыходзіць звод…

I раптам вярнуўся да пачатку гаворкі:

— «Пілавання дуба» не выкіну. Лыка, браток, не аддам.

Для растлумачэння гэтай прымаўкі знойдзецца час і месца пазней.

Выйшаўшы на сходы, ён доўга гаварыў на развітанне:

— Вось так. Таіцца можна толькі ад хворых, і цяжка хворых. Яны не павінны ведаць лішняга пра свой стан. А наогул — сячы манюку розгамі. Так сказаў бы мой Тукала, выкарыстаўшы для выпадку мудрасць Заратустры.

На гэтым скончыўся, калі можна так назваць, адзін з шматлікіх урокаў адкрытасці, якія, дарэчы сказаць, даваліся не аднаму мне. Хай сведкі і ўдзельнікі іх успамянуць самі.

Канстанцін Міхайлавіч перадаў рукапіс у часопіс амаль без змен. Затое, рыхтуючы трылогію да асобнага выдання, перайначыў заканчэнне, зрабіў багата ўставак, пашырыў усе эпізоды, звязаныя з настаўніцкім з’ездам, з астрожным побытам Лабановіча. Дый сам герой стаў выглядаць іначай. З’явіўся даволі значны ўнутраны маналог яго адразу пасля прыходу ў камеру суда, змястоўнейшыя сталі гаворкі з таварышамі па зняволенню.

Рабілася гэта ўпотай ад дактароў, калі Канстанцін Міхайлавіч быў на чарговай «прафілактыцы» ў стацыянары.

— У рукапісе правіць цяжка, — сказаў ён, даючы мне чытаць папраўленыя раздзелы. — Сваё вока бачыла, свая рука пісала. А друкаванае, як чужое: адразу відаць, дзе вытыркае, дзе закарочана.

Я спачатку быў збольшага падсеяў «Цені мінулага». Не ўлічыў, што гэта ўспаміны і я пісаў іх ад свайго імя. Зразумела, асцерагаўся, каб не перабраць меры, не высунуць сябе наперад як вялікага пакутніка. Сам-то я ведаю, што думаў і як перажываў першыя дні турмы. Вось і засталося гэта ў сабе, не перайшло ў твор. А Лабановіч жа — нешта іншае. Яму дадзена права і пахістацца і паразважаць. Я так і стараўся правіць цяпер.

Канстанцін Міхайлавіч пасядзеў моўчкі.

Паказаў двойчы перакрэсленую старонку, дзе расказвалася пра «пілаванне дуба». Прыжмурыўся на мяне, даючы зразумець, што не забыў нядаўнюю гаворку.

— Цяпер-то нейчая душа будзе давольна. Бачыш, усе мы не надта вялікія ахвотнікі правіць, хоць часамі хто толкам заўважае. Мне некалі Марыя Дзмітраўна гаварыла: трэба прыслухвацца, калі і малое дзіця запярэчыць.

Праз некалькі хвілін гучыць старое славянскае выслоўе:

— «Устамі младзенцаў глаголет ісціна».

Добрая ўсмешка асвятляе і ўздых і крыху перабольшаны смутак:

— Пайшло-такі маё лыка ў дзялёж.

«Лыка не аддам» узнікла і стала ўмоўным выразам для азначэння недатыкальнасці, нечым накшталт палінезійскага «табу» ці старапольскага «не пазвáлям», у часе выдання сямітомніка Якуба Коласа. Перад пачаткам гэтай работы Канстанцін Міхайлавіч паклікаў да сябе рэдактараў першых чатырох тамоў: П. Броўку, П. Глебку і мяне. Ён выказаў жаданне, каб мова пачатковых твораў па магчымасці падраўнялася да ўзроўню сучаснай.

Беручыся за падрыхтаваны да друку твор, Колас прыдумваў новыя варыянты сказаў, знаходзіў замену для слоў небеларускага паходжання, вызваляў рукапіс ад дыялектызмаў, падтрымліваючы амаль усе нашы прапановы ў гэтым кірунку. Аднак рашуча адстойваў ужыванне слоў: «громка», «трудна» і «крэпка». У адказ на пярэчанні расказаў, як два браты дзяліліся, разбіралі бацькаву спадчыну. Адзін вельмі памяркоўна пераступіў другому кабылу з жарабём, цялушку-выпустка, авечак і лепшы панарад. А дайшло да скрутка лазовай кары, што вісеў над страхою, узяў і ўпёрся: «Лыка маё, лыка не аддам».

З таго часу мы ведалі: вымавіў Канстанцін Міхайлавіч, хоць і з адценнем жарту, сваё запаветнае «Лыка, браткі, не аддам», значыць, усе доказы намарна, і не спадзявайся, што погляд яго можа змяніцца.

Праўда, да гэтай ахоўчай прымаўкі Колас амаль не звяртаўся. Хіба што лічаныя выпадкі ўспамянуцца за ўсе гады, калі мне даводзілася бачыць, як ён працуе над творамі, або так ці іначай браць удзел у іх рэдагаванні.

Што ж гэта была за работа?

На першую чаргу, па аб’ёму і працягласці, вылучаецца парадкаванне трылогіі «На ростанях» для першага асобнага выдання.

Выдавецкую прапанову перагледзець рукапіс перад здачай у набор Канстанцін Міхайлавіч спачатку сустрэў не вельмі прыхільна:

— А што тут рэдагаваць? Усё чытана-перачытана, слухана-пераслухана.

Так сапраўды і было. «Верхань» і «На крыжовых дарогах», абедзве заключныя часткі трылогіі, папярэдне, як расказвалася ўжо, былі правераны на слых, а перад друкаваннем у часопісе «Полымя» яшчэ дадаткова прачытваліся мною па раздзелах.