Гэта яго не спыняла. Перабіраючы чарговы раздзел, які ўдавалася закончыць апрацоўкаю, Канстанцін Міхайлавіч гаварыў:
— Яшчэ воз гною вывезлі. Прастарней героям будзе.
I асабліва радаваўся, калі знаходзіў відавочную памылку або недагляд.
— «Ужо даўно звечарэла, але ў хатах усюды свяціліся агні». — Прачытаў і здзівіўся: — Як гэта я мог прапусціць? Супярэчнасць. Трэба змяніць першую палавіну сказа так: «ужо было позна».
Аднак, падумаўшы, закрэсліў «але» і напісаў зверху толькі «і».
Праз некаторы час, калі быў высветлены памер і характар рэдагавання, Канстанцін Міхайлавіч спланаваў работу іначай. Мы пачалі чытаць рукапіс асобна. Мне былі дадзены паўнамоцтвы правіць асобныя словы і выразы на ўзор таго, як гэта рабілася сумесна. Потым я звяраў аўтарскую праўку са сваёю, зводзіў усё ў адзін экземпляр.
Канчатковы тэкст пакідаўся на прагляд Канстанціну Міхайлавічу. Калі ён ухваляў работу, праўка замацоўвалася чарнілам і ўсё адпрацаванае перадавалася на машынку абавязкова самім аўтарам.
Ад таго часу захаваўся спіс слоў, якім я кіраваўся, працуючы над трылогіяй. Было дамоўлена пісаць: громка, крэпка, быстра, трудна («Лыка не аддам»); вачамі, дзвярамі і г. д. (замест «вачыма»); верханскі і да т. п. (без мяккага знака); Уладзімер (замест «Уладзімір»); поезд, надвор’е (калі добрае — «пагода»); задавальненне (у сэнсе «удовольствие»); зварачаць (замест «звяртаць» і «зварочваць»); пакуль (замест «покуль», «покі» — пакідаць у дыялогу); далі-бог (замест «яй-богу» і «даль-бог»); жаваранак (замест «жаўранак», і толькі ў мужчынскім родзе); статак (замест «стада»); жывёла, худоба (замест «скаціна»); напіс (без «д»); непрыметны (без «к»); дзервяны (скрозь замест «драўляны», «дзеравянны»; выключэнне: «драўляны крыж» і «драўляны горад»); хвіліна (замест «мінута»); пудзіла (замест «пудала»); лаўка (замест «парта»); вышэй, далей, ніжэй (з націскам на апошнім складзе); збянтэжыўся (замест «змяшаўся», «замяшаўся»); наглядчык (замест «надзірацель» і «назірач»); клунак (хоць у Насовіча і пішацца цераз «м»); Лабановіч Андрэй Пятровіч, Васількевіч Ганна Грыгор’еўна, Дуня (замест «Глафіра» ў трэцяй частцы).
Спіс гэты, вядома, далёка не поўны. Напісанне шмат якіх слоў устанаўлівалася пад час абмяркоўвання розных варыянтаў і змен, і натаваць іх патрэбы не было.
Да прыкладу, Колас ужываў слова «задаваленне» ў сэнсе рускага «удовольствие». «Здавальненне» гучала для яго як «удовлетворение».
Падмацоўваў свой погляд ён наступным чынам:
— Калі кажуць: «Еў або спяваў, пакуль здаволіўся», значыць, разумеюць — пакуль не наталіў голад ці не нацешыўся песняй. Іншая справа сказаць: «Мы задаволіліся малым». Адразу новае адценне чуецца. I не трэба збядняць мову, зводзіць яе абавязкова да абмежаванай колькасці слоў. Тое самае і ў адносінах да «звяртаць» і «зварочваць». Па-мойму, трэба пісаць «зварачаць увагу». «Зварочваць» — гэта з’ехаць з дарогі, а «звяртаць» — аддаваць каму-небудзь узятае ці пазычанае.
«Надпіс» для Коласа значыла напісанае зверху, над чым-небудзь, і таму ён адстойваў сваё ўлюбёнае «напіс», каб азначыць напісанае непасрэдна на паперы, на пліце. І зусім сур’ёзна прапанаваў Канстанцін Міхайлавіч замяніць «надпісам» не зусім мілагучнае, іншаземнага паходжання слова «шыльда».
Напачатку ён быў вырашыў трымацца насовічаўскага напісання слова «клунак» праз «м». Пасля раздумаў:
— Будзе блытацца з «клумам». Не трэба. Бо «клум» — гэта шум, неспакой, а дзе-нідзе і ў сэнсе «натоўп» ужываецца.
Прыхільнасць і любасць да асаблівасцей мовы, засвоеных у маленстве, была ў яго амаль неадольная. Нават у самых апошніх «Казках жыцця» забывалася рука і пісала «комін» і «жаваранак» з канчаткамі жаночага роду.
Канстанцін Міхайлавіч лавіў сябе на гэтым, ужо чытаючы перапісанае на машынцы.
— Ніяк не выкурыцца з мяне мікалаўшчынскі дух, — казаў ён, з неахвотаю беручыся за ручку, бо страшэнна не любіў памарак у белавіках.
Гасцініца «Масква». Заўтра павінен адкрыцца II з’езд пісьменнікаў. Канстанцін Міхайлавіч рыхтуецца выступаць. Прамова пачынае здавацца даўгаватай. Канстанцін Міхайлавіч мерыцца скарачаць. З’яўляюцца новыя думкі, і ў выніку вырастае старонка: аб крытыцы. С. Гарадзецкі запэўняе, што выступленне цікавае і на рэгламент аглядацца няма чаго. У прамове Колас спасылаецца на сваю трылогію. Ён усё яшчэ жыве нядаўна скончаным творам, чакае слова пра яго, добрай парады. Час падумаць і аб перакладзе.