Выбрать главу

— Дзядзька Антось? З ім мы рыбу лавілі, хадзілі на паляванне, па сена ездзілі, прысы секлі. Меў ён да дзяцей ласку і падыход, можа, праз тое, што застаўся бабылём. Любіў пасмяяцца, умеў пажартаваць і пакпіць.

Ростам быў невысокі, ніжэйшы за мяне. Нос — як упор у гэбліку, а пад носам — добрыя пышныя вусы. Валасы каштанавыя, даўгія, крыху хвалістыя, вочкі невялічкія, карыя.

Працавіты чалавек!

Мы з ім пад адной коўдрай спалі. Бывала, ён просіць: «Пачухай мяне!» Я цёр яму спіну зрэбнаю каструбаватай кашуляю. Ён толькі сцепаецца ад задавалення і ўсё падахвочвае: «О, добра! О-то-то-то!»

Вольнаю хвілінаю ў зімовыя вечары дзядзька Антось дурэў і забаўляўся з намі. Быў у яго ўлюбёны вершык:

Ішоў чамборык Цераз панскі дворык, Знайшоў малаток і тапорык. Рог ці качан?

Калі мы адказвалі: «Качан!», дзядзька працягваў:

Я кажу: качан, Ты кажаш: качан, Я зноў пачаў: Ішоў чамборык Цераз панскі дворык, Знайшоў малаток і тапорык. Рог ці качан?

Як толькі хто-небудзь абзываўся: «Рог!», дзядзька адразу ж падхопліваў:

Ідзі за парог!

Даводзілася ісці ў халодныя і цёмныя сені, бо захоплены гульнёй дзядзька строга патрабаваў прытрымлівацца правілаў: не выйдзеш — сам выставіць. Стане пад дзвярыма і пачынае:

Прыбег чамборык На родны дворык, Прасіў маму і тату…

Той, хто быў у сенцах, мусіў адказваць:

Пусціце ў хату!

Дзядзька азіраў усіх прысутных і пытаўся:

Чамборык дрыжыць, Пусціць ці хай назад бяжыць?

Тут ужо ўсё залежала ад нашага настрою. Мы маглі крыкнуць: «Назад!» Тады дзядзька рабіў журботную міну, нахіляўся да дзвярэй і, прыклаўшы далоні да вуснаў, громкім шэптам абвяшчаў:

Ідзі назад, Табе дом не рад.

Іншая справа была, калі мы схіляліся да літасці.

Найчасцей маці, баючыся, каб выгнаны за дзверы не застудзіўся, патрабавала: «Пусціць». Дзядзькаў голас лагоднеў, ён прачыняў дзверы:

Сказалі: пусціць, Хай на печы сядзіць.

Амнісціраваны падаваўся за комін, а гульня працягвалася да таго часу, пакуль мы ўсе не перабіраліся на печ. Апошні ўзлазіў туды дзядзька. Кожны раз мы распытвалі ў яго, хто такі гэты таямнічы чамборык? I амаль заўсёды дзядзька тлумачыў па-рознаму. Сёння чамборык быў корань расліны, выварыўшы яго, можна выдубіць аўчыны на кажух. Цераз тыдзень корань рабіўся чалавекам, які ўмее віць з канапель моцныя павады (чамбары) да аброцей. А яшчэ праз нейкі час чамборык ператвараўся ў сам гэты повад.

I мне вельмі падабалася апошняе: повад ажыў, адвязаўся ад аброці і, худы, даўгалыгі, на тонкіх нагах, пайшоў з тапаром шукаць бацькавай хаты. Гэта было і цікава і трохі страшна. А дзядзька падбаўляў страху, расказваючы на печы розныя дзівосы, пасля чаго ўжо нікога з нас нельга было выбавіць з хаты ні просьбаю, ні паскам.

«Жылі ў адным сяле дзед і баба, — дзядзька часцей за ўсё пачынаў так. — Былі яны абое старыя, часта сварыліся, і дзед усё гразіў бабе: „Ты мяне ў магілу ўгоніш, але ж і я табе спакою не дам“.

Нейк пад восень памірае дзед. I што ты думаеш, як пачалі яго адпяваць, дык ён расплюшчыў адно вока і міргнуў на бабу. Тады ўсе зразумелі, што ён з нячыстай сілай знаецца.

Прыйшлі людзі з могілак, памянулі нябожчыка і збіраюцца разыходзіцца, а баба плача, галосіць, каб хто застаўся з ёю ноч перабыць. Падахвоцілася адна маладзіца, засталася. Толькі палеглі яны — чуюць, нехта шворыцца пад акном. Маладзіца зірк — аж стаіць дзед і губамі шаволіць: „Ідзі дамоў, а я задушу сваю бабу. А не пойдзеш — тое самае і табе будзе“. Запалілі яны грамнічныя свечкі перад абразамі і моляцца. А дзед стаіць за акном і зубамі скрыгіча. Сяк-так дабылі да раніцы, і мусіла баба перабірацца да дачкі ў другую вёску.

Хата стаяла забітая, пакуль не атаўбаваўся ў ёй прышлы салдат. „Я, кажа, самога фельдфебеля ў войску не баяўся, а што мне той ваш дзед“. Лёг салдат спаць — чуе: ноччу нехта шыняля з яго цягне. Стаіць каля лавы стары і гаворыць: „Аддай шыняля, а то цяпер зіма, холадна голаму ў зямлі ляжаць“. Пачалі тузацца: салдат цягне сабе, дзед сабе. На шчасце, заспяваў певень, і дзед знік без следу.

На заўтрашнюю ноч салдат падрыхтаваўся сустрэць госця. Завастрыў асінавы кол і паклаў каля сябе, а ў куток насыпаў галак мелу і на кожнай крыж вугалем намаляваў. Не паспеў змружыць ён вочы — з’явіўся дзед, зноў за шыняля хапаецца. А салдат — хоп галку мелу ды яму ў грудзі. Застагнаў дзед, кінуўся да прыпечка, дзярэ кіпцямі цэглу — ды ў салдата, ды ў салдата. Так і шпурляюцца: салдат галкаю, а дзед цаглінаю. Усе вокны павысаджвалі, сівер дзьме, а салдату горача. Нарэшце падхваціўся ён ды як жарне дзеду галкаю паміж вачэй. Той пахіснуўся і наўцёкі, а салдат дагнаў ды калом паміж крыл. Псюрыў яго да самай магілы, а там убіў кала ў грудзі… I ціха стала ў сяле».