Выбрать главу

Аб сваім настаўніцтве Канстанцін Міхайлавіч расказаў найменш, справядліва мяркуючы, што падзеі яго тагачаснага жыцця з большай ці меншай дакладнасцю адлюстраваліся ў лёсе літаратурнага героя.

Маёй цікавасці давялося здаволіцца некалькімі заўвагамі:

— Адно магу сказаць: узяў радкі не з кнігі. Іначай бы я іх дакладна запомніў. А то ж ёсць разыходжанні. Але няхай застанецца, як у мяне запісана. Нехта паправіў, перадаючы з рук у рукі. I някепска, як мне здаецца. А добра разважыўшы, падчапіць «валаамаву асліцу» я мог у Пецярбургу. Я туды ўжо зволены са школы ездзіў.

Гэта паездка абыдзена маўчаннем і ў аўтабіяграфіі і ў аўтабіяграфічных лістах. Нічога не ўспамянуў пра яе Канстанцін Міхайлавіч і пад час пасляваеннага гасцявання ў ленінградскіх пісьменнікаў.

Хіба што магла б расказаць аб той вандроўцы А.Г. Рамановіч (Зотава) — спадарожніца Канстанціна Міхайлавіча. Добры знаёмы Якуба Коласа, 83-гадовы пенсіянер I.К. Касяк, які скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і з 1899 года настаўнічаў у Ландварове, а зараз жыве ў Вільнюсе, успамінае аб многіх цікавых сустрэчах. Гэтыя ўспаміны, патрабуючы, бясспрэчна, дакументальнага пацверджання, заслугоўваюць быць прынятымі пад увагу пры распрацоўцы поўнай біяграфіі Я. Коласа.

I.К. Касяк запэўняе, нібыта Колас пражыў цэлы тыдзень у Вільні ў снежні 1905 года як дэлегат настаўніцкага з’езда, што адбываўся ў памяшканні чыгуначнага гуртка на цяперашняй вуліцы Камунараў. Ад гэтага часу і пачынаецца іх знаёмства. Больш таго, І. Касяк мяркуе, што віленскі з’езд здаволіў не ўсіх прысутных, і частка іх пазней зрабіла спробу ў Мікалаеўшчыне арганізаваць беларускі настаўніцкі саюз. Гэтая акалічнасць, уласна кажучы, і выклікала спачатку павышаную цікавасць улад, а затым і праследаванні Коласа.

Такім чынам, паездка Коласа ў Пецярбург, ды яшчэ разам з А.Г. Зотавай, якая, паводле слоў I. Касяка, была сакратаром віленскага настаўніцкага з’езда, пачынае набываць новае асвятленне. Не турысцкае падарожжа, як відаць, вабіла зволенага з пасады настаўніка, не было ў яго для гэтага магчымасцей, ён жыў, туляючыся ад паліцыі.

Колас мог і павінен быў шукаць сувязей і грамадскай падтрымкі свайму пачынанню і, натуральна, шукаў іх сярод перадавога асяроддзя, у горадзе з вялікім пад’ёмам рэвалюцыйнага руху.

Гэта, вядома, яшчэ не знаходка, нават не крок да яе. Але расказанае тут можа стаць пунктам, ад якога пачнуцца пошукі сведак і дакументаў.

Трохі гісторыі

Восень на Случчыне. Бандыты і сахарын. Мар’я Чарот. Героі аповесці «У палескай глушы» ў гасцях у чырвонаслабодскіх вучняў. Колас ратуе на экзамене. Мінскі педагагічны тэхнікум. Настаўнік методыкі мовы. Дзявочы луг. Колас і Надзейка. «Белавежская тыгра». Ці ўсе грахі можна дараваць?

— За маімі «Ростанямі», — сказаў аднойчы Канстанцін Міхайлавіч, — ты, мусіць, пакідаеш усю сваю работу на ростанях. Можа, я сам дачытаю да канца рукапіс, а ты вазьміся за новую кніжку.

Добрая ўвага чутна ў яго словах, і ўжо толькі праз адно гэта я не мог бы кінуць пачатай справы ў палавіне, хоць ён у нейкай меры і не памыляецца. Але над трылогіяй працавалася з асаблівым замілаваннем яшчэ і таму… I мімаволі давялося расказаць, як ён сваёю першай аповесцю дапамог стаць на дарогу…

…Восень у Чырвонай Слабадзе. Гэта новае імя даўнейшага мястэчка Вызна. Даволі шырокая пясчаная дарога, дзе вазы праязджаюць з рызыкай зачэрпаць у ступіцы пяску, лічыцца галоўнай вуліцай. Пасярэдзіне паселішча яна перакідаецца ў звычайную палескую грэблю: проста ў балота нагачана яловага галля.

Асабліва гразка на ўчастку ад будынка былога валаснога праўлення, цяпер сямігадовай школы, да рыначнага пляца. Там, на ўзгорку, вакол царквы, раскіданы дамочкі з урэзанымі ў пярэдняй сцяне дзвярыма, узятымі на жалезную завалу. Гэта дробныя крамкі. Яны толькі-толькі пачынаюць аджываць і даволі бойка гандлююць няхітрымі таварамі першай пары нэпа. На адной паліцы суседзяць шэрае цяжкое, як гліна, мыла, карамель са смакам крухмалу, у якой вязнуць зубы, бляшаначкі ваксы з бліскучым ботам на этыкетцы і наша вучнёўская спакуса — благенькія танныя папяросы.

Пасля Слуцка, дзе я пачынаў вучыцца, сумнавата. Адчуваецца блізкасць мяжы: яна праходзіць недзе кіламетраў за дзесяць, каля вёскі Рожан.

Ходзяць чуткі, што ў глушэйшыя сёлы заскакваюць падхарчаваныя за мяжой бандыты. Іх называюць «балахоўцамі», па прозвішчы Булак-Балаховіча, што не вельмі даўно тужыўся, намерваючыся скалаціць нейкае «беларускае войска».