Выбрать главу

Усё гэта перажываем і мы, прымяраючы прачытанае да сябе, думаючы кожны пра дзяўчо, якое пачынала здавацца любым, мяркуючы, а ці падобна хоць крышачку яна да Ядвісі.

Праз некаторы час мы весела смяёмся.

…Драўляная цэрквачка… Штурхаюцца і наступаюць адзін аднаму на ногі палешукі, падыходзячы да прычасця. Увальваецца мокры Мікіта, лаецца з папом і паварочваецца да яго спінаю, а той вяртае дзядзьку назад, перапрошвае, прычашчае і давяральна пытаецца не як строгі выканаўца абраду, а як рыбак у рыбака: «Ці злавіў жа хоць рыбы?»

Мы гатовы былі праседзець ноч навылёт, каб не выводзіў з салодкага захаплення загадчык школы, напамінаючы, што заўтра на раняшніх занятках «будзеце кляваць носам».

Моцна абавязаны я гэтаму чытанню! У жніўні 1924 года дзвесце дзяўчат і хлопцаў, у тым ліку і я, штурмавалі дзверы ў навуку, здавалі экзамен у адну з нешматлікіх тады навучальных устаноў сталіцы — педагагічны тэхнікум. Для пісьмовай работы нам прапанавалі некалькі тэм. Уздыхнулася лягчэй, сярод іх стаяла добра знаёмая «Вобраз Лабановіча»…

Паглыбіўшыся ў пісанне, а націскаць трэба было на ўсе застаўкі (пяць асоб прэтэндавала на адно месца), я не адразу пачуў настойлівы шэпт і, нарэшце, даволі моцны штурханец у бок.

— Глянь адно! — падміргнуў Янка, таксама выпускнік чырвонаслабодскай сямігодкі.

За настаўніцкім столікам сядзеў ужо іншы чалавек, не той, што даваў нам тэмы. У руках у яго быў нумар «Савецкай Беларусі».

Не паспеў я ізноў унурыцца ў паперу, як шэпт паўтарыўся.

— Колас! Мне старыя студэнты паказалі…

Відаць, бліжэй за ўсё перадае той воблік, што захавала памяць ад першага позірку, партрэт у раннім выданні «Сымона-музыкі». Худое, крыху хваравітае аблічча, сакратаўскі лоб, павялічаны дужаватаю на яго ўзрост лысінай, цёмныя пышнаватыя вусы і невялічкі шматок барады — эспаньёлка, быццам прылепленая пад ніжняй губою. Здавалася, далёкі ад нашых трывог і хваляванняў, ён нічога не заўважаў, апрача аркуша друкаванай паперы перад сабою. Што Колас працуе ў тэхнікуме, мы не ведалі. Ці не закліканы ён сюды ў якасці найвышэйшага кантролю над намі і над экзаменатарамі? Што ж будзе? Возьме ўсе гэтыя работы, зганіць і ўсіх чыста «парэжа».

З галавы даастатку выдзьмулася ўсё, што меўся напісаць. Ад стараннасці змакрэлі рукі, я стаўляў кляксы, бясконца крэсліў, быў блізкі да плачу. I ўжо глядзеў не ў сшытак, а толькі на яго, быццам просячы літасці.

I злітаванне прыйшло. Колас адклаў газету, устаў, зірнуў на панадворак цераз адчыненае акно і зрабіў да яго некалькі крокаў. Пасля прайшоўся паміж партамі.

— Толькі не трэба спяшацца! — пачуўся нягучны голас. — Добра падумайце, складзіце чарнавік. I ўважліва перапісвайце.

Чамусьці я адразу супакоіўся. За простым зваротам выразна прабівалася добразычлівасць і гучала яшчэ больш: «Не бойцеся, дзівакі! Я ж сам перажыў такую турботу, я ведаю, што творыцца ў вашай істоце. Зазірніце, калі хочаце, у кніжку: я нічога не бачу…»

Сам не ведаю як, з падглядам ці без падгляду, але работа напісалася добра, і толькі гэта адно паставіла маё прозвішча ў спіс прынятых, бо па матэматыцы я адказаў так дрэнна, што пачаў ужо збіраць клункі, каб вяртацца дамоў.

Канстанцін Міхайлавіч загаварыў. Ён жартліва ахалоджвае ўсхваляванасць юнацкай пары, што, раптоўна прыплыўшы, змушае на цікавыя, мусіць, толькі самому апавядальніку акалічнасці і падрабязнасці.

— А я і не ведаў, што ты, можна сказаць, ці не першы даследчык мае аповесці. Каюся, больш не буду сварыцца з такім заслужаным рэдактарам. Як гэта мы не пазнаёміліся тады? Ты ж ужо, напэўна, друкаваўся.

Запомніць усіх сваіх вучняў яму было не пад сілу. Раз ці два на год мы падыходзілі да класнага стала, і Колас стаўляў у заліковыя кніжкі «здавальняюча», амаль нічога не пытаючыся. Нам толькі здавалася, што ён помніць і ведае ўсіх, бо неяк па-хатняму цёпла і прытульна было на яго лекцыях, быццам вёў іх не настаўнік, а калі не бацька, дык нехта вельмі прыветлівы са старэйшых сваякоў. Дый Канстанцін Міхайлавіч ахвотна замяняў лекцыі чытаннем толькі што напісаных твораў. Затое мы вучылі методыку мовы найбольш старанна, каб не ашукаць і яго і саміх сябе. Ён ведаў гэта і таму падпісваў заліковыя кніжкі не вагаючыся, без асаблівага апытвання.

Я не мог забыцца пра літаратурны суд, на які студэнты прыцягнулі Лабановіча за яго грамадскія ўчынкі. Доўга тлела ў прыску памяці і яшчэ нешта, тады вельмі горкае…