Пасля аднаго са студэнцкіх спектакляў Колас прыйшоў у аўдыторыю і з парога запытаў:
— Хто гэта ўчора іграў хлопца? Хораша выходзіла… Як быццам сапраўды цалавацца не ўмее.
Усе галовы павярнуліся да мяне. Мае вушы загарэліся. Чырванець падстаў хапала. Акцёр, нават самадзейны, быў з мяне незайздросны. Да таго ж у пары са мною іграла дзяўчына. Хоць і часта я праводзіў яе дадому, але ніяк не асмельваўся на тое, што мусіў выканаць перад поўнай залай. Аднак выканаў калоцячыся, бо не спыніла дрыжыкаў і паўшклянка партвейну, які «для храбрасці» мне прынёс за кулісы Паўлюк Трус.
А Колас адразу пацэліў у балючае месца… Бунтавалася і самалюбства. Пасля пастаноўкі мы з хлопцамі чыталі вершы. На мой погляд, яны былі сама менш выдатнымі. I вось маеш! Колас зусім не прыкмеціў іх. Мусіць, хоча падкрэсліць, што пішу яшчэ бездапаможней, чым вымаўляў ролю са сцэны.
Гэта хваляванне магло быць зразумелым толькі самому. Таварышы прынялі Коласаву пахвалу як нешта належнае і віншавалі мяне. Ды ён і ў думках не трымаў пакрыўдзіць непаўналетняга вершапісца, хоць, мусіць, даволі насцярожана ставіўся да пачынаючых «зорак» праз неразумнае маладнякоўскае задзіранне са «старымі» і змушаны быў адбівацца кплівымі фельетонамі ў адрас задзірак. Рабіў гэта ў артыкулах і выступленнях і Цішка Гартны. Змітрок Бядуля ўратаваўся ад нападаў, перабраўшыся ў «Маладняк». А Янка Купала ўсе выбрыкі і нетактоўнасці пераходжваў моўчкі.
Коласу было нялёгка. Яго, прысутнага ў зале, не запрасілі ў прэзідыум першага з’езда «Маладняка». Прабавалі кампраметаваць, дакаралі «застарэласцю формы». А ён пісаў, выкладаў, выступаў, ведаючы, што працаю пераможа…
I цяпер жа не ведаюць спачынку гэтыя дужыя рукі. Ён выстаўляе іх супраць сонца, седзячы на балконе пры сваім кабінеце. Грэе… Пачынаюць ныць уначы…
Але не горыч перажытага ўладае ім цяпер. Выслухвае смешныя прыгоды з студэнцкага жыцця-быцця, як мы ліквідавалі непісьменнасць у чырвонаармейскіх часцях, як хлопцы рабілі паходы на «Юраўку», так скарочана іменаваўся дзявочы інтэрнат на Юраўскай вуліцы, прыгадвае тое-сёе сам і заўважае:
— Па-мойму, дзяўчат вучылася там болей, чым хлопцаў. Цэлая касыначнае царства… І што ж далей?
Мімаволі ён выкрывае сябе. Можа, і не так хочацца яму слухаць, як добра ўспамінаць тую, здавалася б, недалёкую пару, тую прысадзістую двухпавярховую тэхнікумскую камянічку, што з дасвецця, у перапынках паміж двума званкамі, гула, рагатала, спрачалася. I раптоўна аціхала: рукі хапаліся за канспекты — пабольш запомніць, пабольш прыгарнуць у думкі. А вечарамі ў парадзеўшых аўдыторыях чыталі, малявалі, рыхтавалі насценныя і вусныя газеты, пісалі вершы.
Тут былі найлепшыя — на студэнцкі ўзровень, быць пэўна! — знаўцы гісторыі, матэматыкі, педагогікі і, перш за ўсё, літаратуры, дакладней сказаць, паэзіі. Яны ведалі на памяць не толькі Купалу, Коласа і Багдановіча, не толькі тых, што перад імі праторвалі дарогу ў беларускае слова, а і ўсіх, хто сёння гаварыў на поўную сілу, як Чарот і Крапіва, не мінаючы ўвагаю пачаткоўцаў, падымаўшых голас у гэтых жа мілых сценах. Моладзь прыхільна ставілася да «сваіх» паэтаў і, хоць смяялася, знаходзячы падабенства іх мудрагельных радкоў да высмеянага Коласам у фельетоне «Трыумф», «п’яны вецер носам клёвае, а з стрэх віснуць смаркачы», але ў нейкай меры і ганарылася, калі ў свежым нумары часопіса з’яўляўся твор «нашага». Бо «наш» разам еў нішчымнаватую кашу ў падвальнай сталоўцы, жыў у цесным пакоі агульнага памяшкання, выбіраў бульбу на прыгараднай тэхнікумскай ферме, даваў практычныя лекцыі ў паказальнай школе.
I паэтам было лёгка расці, і выскаквалі яны, сапраўды, як грыбы ў цёплую восень. Можна без памылкі сказаць: кожны пяты студэнт нешта пісаў; прынамсі, так было на маім курсе. Пісалі дзяўчаты і хлопцы: драмы і апавяданні, мовазнаўчыя доследы і юнкораўскія допісы. Іншая справа, што не з усіх шматлікіх намаганняў выраслі паэтычныя імёны, такія добрыя, як Трус. Пачыналі пісаць прыкладна на адным узроўні, і першыя вершы цяперашняга акадэміка, а тады дваццацігадовага студэнта з немалым папярэднім стажам работы ў сельсавеце, друкаваліся з дадаткам «піянер» да прозвішча. Гэта, вядома, было больш абумоўлена характарам часопіса, чым якасцю твораў, а яны, напэўна, не на шмат перасягалі зрыфмаваныя радкі сапраўдных піянераў.
Не ўсе пачаткоўцы, тэхнікумскія і маладнякоўскія, сталі пісьменнікамі. Але затое колькі Коласавых вучняў выйшла на заслужаных і незаслужаных, тым не менш добрых настаўнікаў, дырэктараў школ і інстытутаў, загадчыкаў кафедраў, колькі іх працуе на адказных дзяржаўных пасадах!