I Коласу было радасна сярод гэтай неспакойнай, поўнай зразумелага задзёру і не да канца ўсвядомленых імкненняў маладое паводкі. Моладзі ўжо не пагражаў лёс ягонага малога музыкі. Вырваўшыся «на прасторы жыцця», яна па-гаспадарску бралася за работу, сцвярджала сябе ў вобразах шматлікіх Сцёпак і Алёнак.
Там жа ў тэхнікуме, на рабфаку, ва універсітэце браў ён у новага, паднятага савецкім ладам пакалення рысы для сваіх новых герояў.
Успамінаць добрым словам тыя гады ў Канстанціна Міхайлавіча было многа прычын.
I сярод іх адна…
Яна матэрыялізавалася ў аблічча такое тонкае, што, не прасвечвай на ім далікатны румянец, глядзеў бы не даючы веры: а ці не ажыло яно, высечанае некім са старажытных з найбялейшага каменю, і прыстыла да таксама дастойнай разца, зграбнай, як вытачанай, постаці. Калі, бывала, разыдзецца дзяўчына ў танцах, рабілася страшнавата: пераломіцца!
Мы звалі яе, скажам, Надзейка, а трэба было зваць іменем якой хочаш з міфалагічных красунь, каго называюць багінямі і каго вывеў чалавечы геній з небыцця, адабраў у так званых нябёс, каб абвясціць вечнымі ўзорамі земнага хараства. Аднак хоць і прасілася на язык, але менш за ўсё пасавала да яе параўнанне з мадоннай. Хіба што з багдановічаўскай, той, што адчулася паэту ў вясковай дзяўчынцы, поўнай «шырокаю радзімаю красою». Праўда, следам за палясоўшчыкам Тарасам мы гаварылі пра сваю таварышку:
Так і думалася. Каб Венера магла ўплесці ў валасы ясны каснічок, прыбрацца ў каляровы андарак, дык і закружылася б у завейным канцэрце студэнцкай самадзейнасці, акурат як наша Надзейка.
Але, трапіўшы на Парнас, дзядзька відавочна абеларушваў багіню і, дагаджаючы свайму палескаму густу, іранічна смакаваў іншыя падрабязнасці яе хараства:
Гэта не падыходзіла да нашай сяброўкі і рашуча адкідалася.
Вочы ў Надзейкі былі вясёлыя і ў аправе валасоў, бліскучых, нібы перавітых залацістым праменнем, сінелі, як сапраўдныя валошкі на ўскрайку залітае сонцам наспелай нівы. Дый усмешкі на капрызныя і без падмалёўкі яркія губкі было не пазычаць дзяўчыне. А з акрас і ўбораў мела яна ўсяго рудзенькі паўкажушак і чырвоную хустачку. Так хадзілі амаль усе.
I цяжка было не загубіцца сярод неагляднага кветніка тэхнікумскіх дзяўчат, хутчэй не кветніка, бо не траплялася там надзіманых руж і пышных півонь, а прырэчнага лугу, дзе з затонаў выглядаюць белыя гарлачыкі, а ў мураве шчодра рассыпаны рамонкі, званочкі і «ганначкі», як гавораць на дзікія браткі. Але паміж усяго гэтага вясновага паўнаквецця Ганначак, Алесек, Марылек і Волечак, такіх самых харошых рагатух, спявачак, танцорак да самазабыцця, адну яе, дзяўчыну крыху «ўзвей-вецер», адшукала і вылучыла Коласава вока.
Тут не можа быць і гаворкі аб нейкім запозненым памкненні сталага чалавека пабегчы наўздагон за маладой радасцю, што абмінула яго ў свой час, а зараз зноў мільгнула на даляглядзе. Гэта было любаванне, захапленне — здалёк! — хараством і дасканаласцю формаў, у якія, гады ў рады, адліваецца жывая істота. Таму ўсё абышлося без патайных сустрэч, любоўнага ліставання, без сарамлівага абмінання адзін аднаго на людзях.
Канстанцін Міхайлавіч затрымліваў яе пагаварыць на калідоры, жартаваў на лекцыях, а больш за ўсё размаўляў у вестыбюлі, дзе яна часцяком пакручвалася перад люстэркам, можа, і назнарок падпільноўваючы, калі пачнуць разыходзіцца настаўнікі.
Усе ведалі гэта і, галоўнае, бачылі. Падабаецца? Так, падабаецца. Але ж тут і блізка не патыхала ні танным заляцаннем, ні благім «раманам» вучаніцы з настаўнікам. Таму і ўсе ўспаміны яшчэ даражэйшыя.
Аблічча Канстанціна Міхайлавіча святлее.
— А Надзейку помніш? — і называе прозвішча. — Я многа думаў пра яе. I цяпер бачу… А не напісалася ніводнага радка. Вось, каб умеў, намаляваў бы.
Ён гаворыць, як несправядліва і крыўдна абыходзіцца час з найлепшымі тварэннямі прыроды. Хараство — мімалётнае, не замацуй яго на палатне ці ў радках — знікне без следу…
Аднойчы трапілі мне на вочы апублікаваныя за рубяжом, ледзь-ледзь змацаваныя рыфмай радкі. Яны і блізка не стаялі да верша, і калі цікавыя, дык толькі тым, што выйшлі з-пад пяра Булак-Балаховіча.
Як? Балаховіч і вершы? Балаховіч жа збіраў у свой час сумна вядомае «беларускае» войска, вадзіў бандыцкія шайкі на Палессі, значачы шляхі пагромамі, пажарамі і экзекуцыямі.
Так, так, усё правільна, тым не менш…
Дададзім яшчэ крыху з біяграфіі: сам сябе назваў генералам, потым адседжваўся за мяжой, яго прыграваў і падкармліваў Пілсудскі.