Выбрать главу

Умовіўшыся з Данілам Канстанцінавічам, што выкліканы доктар скажа, нібыта прыехаў сваім адумам, проста адведаць, вяртаюся ад хворага.

— Напрасіў паслаць у аптэку, зараз прынясуць…

Дапытлівыя вочы падымаюцца і глядзяць не міргаючы:

— А раніцою пакецікі тры ляжала, — выкрывае мяне Канстанцін Міхайлавіч. — Няўжо ў нашай хаце англійскую соль у гаршкі сыплюць… Не забыўся ты мае навукі, што хворым можна маніць…

Вочы з дакорам заплюшчваюцца.

Тым часам па сходах затупала некалькі пар ног. На парозе спаленькі з’яўляецца магутнейшая дакторская брыгада. Прафесары Д.А. Маркаў і Б.I. Трусевіч і ўрач, які бываў тут на правах «хатняга доктара», заўсёды вясёлы і бадзёры, хоць і сам цяжка хворы, выключнай спрактыкаванасці і светлай натуры чалавек С.О. Ліяранцэвіч.

Гэта здзівіла, а яшчэ больш напалохала Канстанціна Міхайлавіча. Яго пачало моцна калаціць, не пападаў зуб на зуб, расказаць пра балявыя адчуванні ён не мог.

Збянтэжыліся і дактары і ўсе, каму давялося быць пры ім у тыя цяжкія хвіліны. Аднак дыягназ быў пастаўлен хутка і рашэнне прынята безагаворачна: апендыцыт, неадкладнае шпіталізаванне.

Санітары, не зважаючы на энергічныя пратэсты: «Пайду сам», асцярожна палажылі яго на насілкі.

Вочы Канстанціна Міхайлавіча спыняюцца на партрэтах нябожчыкаў — жонкі і сына, на сціплай абстаноўцы свае спальні. Яшчэ адзін позірк на стол з недакончанай работай, кароткі наказ мне: «Дагледзь усё сам» — і насілкі ўжо на панадворку.

Машына «хуткай дапамогі» стаіць каля ягонага вяза. Хвілінная затрымка, нібыта для таго, каб даць яму магчымасць зірнуць на садок, на ўлюбёную лаўку, як заўсёды рабіў ён перад дарогай.

Знакам паклікаў мяне ў машыну.

Рушылі.

— Дай мне руку.

З нечаканай сілай сціснуў пальцы і не адпусціў:

— Кажы, дзе мы едзем.

Вось яно што! Ён адчуў небяспеку і спяшаецца развітацца, хоча перадаць людзям поціск аслабеўшай, але ўсё яшчэ дужай бацькоўскай рукі. I хоча адчуць цеплыню зваротнага поціску.

Упершыню са страшнай выразнасцю ўявілася цяжкае і непазбежнае, тое, што ніколі не дапускалася ў думкі… Зараз, так раптоўна і бязглузда, мы можам страціць яго. А здавалася — людзям такога моцнага крою і заводу зносу няма, як будынкам са смалістых старадрэвін. I ён ведае ўсё, і рыхтуецца на адыход, але не можа пайсці, не акінуўшы, калі не вокам, дык хоць думкаю, малады горад, лепшую частку невымернае сілы і прыгажосці свае краіны, мілую вуліцу, па якой хадзіў і ездзіў штодня…

— Чаму ж ты маўчыш? — чуецца нецярплівае пытанне.

Зазіраю ў высокае акенца машыны. Прымушаючы голас не дрыжаць, называю кварталы і буйнейшыя будынкі на праспекце. Ён паўтарае ўслед:

— Павярнулі ад Дома друку… Пэўна, электрычнасць ужо запалілі… Шэры дзень сёння, а трэба, каб газеты заўтра былі. Што? Політэхнічны інстытут? I хлопцы з дзяўчатамі выходзяць з брамы… Маладая пара ўносіць прыёмнік у пад’езд…

I тут Колас ажыўляецца:

— Скажы Данілу, каб майстра паклікаў. Мой прыёмнік нешта пачаў бубніць…

Можа, не да часу і недарэчы, але робіцца весялей. Ён дбае пра дом, хоча вярнуцца туды і слухаць ранічкаю, як прызвычаіўся за многа год, самыя першыя — шасцігадзінныя — «апошнія паведамленні»…

Так, так, дарагі дзядзька, дужы наш чалавек! Мацней супраціўляйся, думай пра жыццё, і пераадолеецца, сыдзе на сухі лес цёмная немарасць.

Гэтага я не магу сказаць, толькі думаю, адчуваючы, як саграваецца добрым спадзяваннем узнікшая думка.

I ён падмацоўвае маю надзею:

— А як там, хат не паменшала?

— Мусіць, паменшае зараз. Па ўсім відаць, яшчэ дзве сабраліся ў вырай.

— Дзе ж гэта?

— Недаязджаючы фізкультурнага інстытута…

«Вырай» і «хаты» — ягоныя слоўцы, якія стасуюцца да рэштак старога драўлянага аднапавярховага Мінска. Паўрастаўшыя ў зямлю, з падслепаватымі вокнамі і ўгнутымі дахамі («быццам катова спіна, калі яго палашчыш», як казаў Колас), хаціны дажывалі век на праспекце, няўхільна саступаючы месца прасторным карпусам.

Радуючыся, як дзіцёнак, Канстанцін Міхайлавіч сачыў за знікненнем мізэрных будыначкаў на прасцягу вуліцы ад Акадэміі навук да Камароўкі, дзе цяпер плошча яго імені. Спачатку ён налічваў там 71 хату, потым 49, неўзабаве засталося 24.

Часта нашы сустрэчы пачыналіся з пытання:

— Лічыў?

Пра што ідзе гаворка, было зразумела. Калі я прызнаваўся, што сёння не пацікавіўся лёсам хацін, ён дабрадушліва кпіў:

— Абыякавасць да росту сталіцы. А я лічыў. Цэлых тры падаліся ў вырай. Вось як выходзіць: стаяла адна хата, значыць, жыла адна, ад сілы дзве сям’і. А новы дом заняў той самы пляц, але туды можна ўсёй Балачанцы перабрацца.