Смех такі ў зале, што пісьменніка не чуваць. Калі трохі жанчынкі ўгаманіліся, прамакнулі хто насоўкай, хто ражком халаціка слёзы на вейках і шчоках, пісьменнік Пісулькін у заключэнне сказаў:
– Бачу, мой герой вам дужа спадабаўся. Дзякуй. Скажу больш...
Але адна дробненькая жанчынка перапыніла яго:
– Дык, цікава, куды ж карову ён завёў, Пятрок ваш?
– А нікуды. Папужаў жонку. Убачыла яна ў акенца, што пацёгся ён з рагуляй, кумельгам кінулася ўслед, учапілася за хвост: не пушчу-у! А Пятрок сваё трындзіць: «Гэць адсюль! Табе дом застаецца, парсюк, куры, агарод... А нам з Марусяй і карова добра будзе». Бачыць жонка: справа прымае сур’ёзны абарот, Маруся з каровай каго хочаш возьме, любога п’янтоса, бо сама такая – міма роту не пранясе. Прап’юць, канечне ж, карову разам, а тады яна выспятка Петраку: каціся, ты мне больш не трэба такі... без каровы. Падумала жонка, павагалася, ды і саступіла – пусціла ў хату. Дамоў нават сама несла чамадан з трантамі мужа і з высока ўзнятай галавой вяла за ражок вяроўчыны карову.
Ніколі яшчэ ў сваім жыцці не меў Пісулькін такога поспеху на сустрэчах з чытачамі. Апладысменты, словы ўдзячнасці, поціск рук. Толькі адзін дзяцюк не дасядзеў да канца – даў цягу.
... Вечарам Пісулькін завітаў у тую ж сталоўку – падсілкавацца. Жанчына, што стаяла на раздачы, прыветна ўсміхнулася – як старому знаёмаму – і ціха, быццам саромеючыся, спыталася:
– Прабачце... Вы заўсёды так робіце?
Пісулькін крышачку здзівіўся, павёў плечуком: не разумею.
– Спярша разведаеце ўсё, а потым пішаце і нам пра нас чытаеце?
– Не разумею, – цяпер ужо ўслых дзівіўся Пісулькін. – А што, прабачце, здарылася?
– Як што? Вы ж пра нашага Петрака напісалі. Пра грузчыка. Цюцелька ў цюцельку. Чамадан таксама жонка выкідвала за парог. І карову вёў за вяроўку да другой жанчыны. Яе, дарэчы, таксама Марусяй зваць. І п’яніца яна...
– Вось як! – шчыра ўсміхнуўся пісьменнік. – Бывае, бывае... Супадзенне... Павінны зразумець... Так, так...
Сама ж жанчына і выручыла зусім разгубіўшагася пісьменніка:
– Хоць вы ж сёння да нас прыехалі... Калі б маглі паспець? Супадзенне, відаць, і сапраўды. Гэтыя Петракі ўсюды ёсць. Але за тое, што яму добры прачуханец адпісалі, я вам крышачку больш мясца пакладу. Ешце на здароўе. А за прачуханец яшчэ раз дзякуй. Мо паразумнее, паразіт? Я ж, таварыш пісьменнік, жонка Петрака, каб яму безікі павылазілі, булькачу акаяннаму!
ЗНАЙШЛІ ВЫЙСЦЕ
Сінічкін у апошні час дужа налёг на чарку. Жонка не магла ніяк даць яму рады. Прачуханцы і іншыя метады перавыхавання не дапамагалі. Што ж рабіць? Як быць? Гіне чалавек! Жанчына паскардзілася бацькам. Тыя параілі: трэба купіць аўтамашыну. Глядзіш, і паразумнее Сінічкін. За руль жа не сядзеш пасля чаркі. Сінічкіна ўхапілася за ідэю, пададзеную бацькамі, тым больш, што тыя паабяцалі дапамагчы грашыма. Грошай наскрэблі ўсяго на «Запарожац». Хоць так. На курсы Сінічкіны рашылі пайсці разам. Гэта ж добра, разважалі, калі ў сям’і два шафёры. Ці мала што? Тым больш, што будавалі планы ў перспектыве набыць іншамарку і падарожнічаць па краіне і нават замежжы.
Атрымалі вадзіцельскія пасведчанні. Набылі «Запарожац». Назаўтра Сінічкін, як і планавалася, накіраваўся на працу ў салоне «Запарожца». Жонка, праводзячы яго, памахала рукой і праслязілася:
– Нарэшце ты стаў чалавекам, Сінічкін!
З работы Сінічкін затрымліваўся. Здавалася б, раней, чым заўсёды, павінен быць дома, а яго, небаракі, няма. Кабета пачала хвалявацца. І калі затрэнькаў тэлефон, яна апантана ўхапілася за трубку:
– Алё! Слухаю! Хто гэта?
Званіў муж. Ён бадзёра прасіў жонку, каб тая тэрмінова прыехала да яго. І растлумачыў – чаму:
– Тут, разумееш, выпілі патрошкі. Ну, у Сідорчыка дзень нараджэння ў цёшчы. А за руль жа, галуба, у нецвярозым стане я сесці не магу. Прыедзь, забяры мяне разам з «Запарожцам».
Сінічкінай нічога не заставалася, як паспяшацца на выручку.
АРТЫСТ
Мірончык працуе акцёрам. Ролі, праўда, яму адводзяць не галоўныя, але заняты ў спектаклях даволі часта. На афішах у пераліку прозвішчаў пасля « у спектаклі таксама заняты» – фігурыруе і ён. Больш за ўсіх ганарыцца Лізавета, што яе зяць не пастух-абібок які-небудзь там зачуханы, а артыст! Тэлевізар з гэтае нагоды не выключаецца – усё меціць Лізавета зяцька на экране ўбачыць у спектаклі альбо кінафільме, але нешта не відаць. І яшчэ ў старой склалася ўражанне, што калі яе зяць артыст, то, значыць, усё можа рабіць. Нават хляўчук згарбузаваць. У кіно ж артысты тыя чым толькі не займаюцца. Таму, калі на чарговыя выхадныя зяць наведаўся да цёшчы ( за бульбай і салам), атрымаў нарад: