Выбрать главу

У пакоі на нейкі час стала ціха. Усе маўчалі, быццам прыслухоўваліся яшчэ да прыгожага звонкага голасу, што даносіў да сэрца тую чароўную паэзію маладосці.

— У цябе ёсць яго кніжка?— спытаў у бібліятэкаркі Мацвей. Вера моўчкі пакапалася ў шафе, дастала невялікую ў сіняй вокладцы кнігу і падала яе конюху. У гэты час старшыня калгаса паведаміў, што народ сабраўся i што можна пачынаць сход.

Пасля сходу моладзь засталася на танцы. Прыбралі крэслы. Баяніст зайграў вальс, і з усіх бакоў на круг пачалі выходзіць пары.

Сямён Пятровіч са старшынёй калгаса таксама затрымаліся ў клубе. Старшыня даваў нейкую гаспадарчую параду маладому брыгадзіру, а Сямён Пятровіч назіраў за кругам, i яму самому раптам захацелася патанцаваць. Калісьці на вечарах ён не стаяў вось так, як цяпер, у кутку. Але ж ён тады не быў суддзёй!

Шыракаплечы хлопец, што назваў за сталом імя Паўлюка Труса, запрасіў на вальс дзяўчыну, якая сядзела побач з бібліятэкаркай. Сямён Пятровіч, зірнуўшы ў той бок, нечакана сустрэўся вачыма з Верай. Яму здалося, што дзяўчына гуллівым позіркам запытала ў яго: «Танцаваць не жадаеце?» Нейкі момант у думках ён пераконваў сябе, што менавіта пра гэта і гаварыў позірк дзяўчыны. Потым, паправіўшы пінжак, Сямён Пятровіч рашуча падышоў да яе і, як бы нечага саромячыся, спытаў:

— Патанцаваць не жадаеце?

Вера ўсміхнулася яму вачыма, пакратала на плячах туга заплеценыя каштанавыя косы i паклала руку яму на плячо. Абое лёгка закружыліся ў плаўным танцы.

Сямён Пятровіч як бы не заўважыў спачатку, што баяніст скончыў граць. Толькі, калі ўжо ўсе разышліся з круга, ён спыніўся, убачыўшы зусім блізка перад сабою ўгрэты Верын твар і сінія-сінія, як часам бывае веснавое неба, вочы.

... Вось пра што ў тую марозную ноч пад скрып палазоў успамінаў суддзя. I не толькі Мацвей Бяляк, a і яшчэ адзін чалавек, уведаўшы гэтыя думкі, сурова насупіў бы выпуклы маршчыністы лоб і сказаў бы дакорліва: «Калі б ты, хлопча, так кожную судовую справу абдумваў, дык, напэўна, менш памыляўся б. Вось так».

Месяц, здаецца, узняўся вышэй і свяціў ярчэй. Вараны ўпарта махаў галавою, прыбаўляючы кроку. Мацвей прыціснуў нагою лейцы, доўга круціў адубелымі, непаслухмянымі пальцамі цыгарку, потым глыбока зацягнуўся дымам і нейкім скрыпучым, мабыць, ад холаду, голасам загаварыў:

— Да Марцінавага логу пад’язджаем.

Суддзя маўчаў. А Бяляк, ужо не зважаючы на такую абыякавасць свайго суседа, прадаўжаў:

— Калісь, я хлапчуком яшчэ быў тады, здарыўся ў нашай вёсцы жудасны выпадак. Марцін той асілак быў. Прыгожы, стройны... Служыў парабкам у вясковага кулака Турмаза. Любілі вяскоўцы Марціна: вясёлы быў хлопец i душу меў. А мы, хлапчукі, дык так і бегалі за ім чарадой. Бывала, у вясновы ціхі вечар на прызбе аблепім яго з усіх бакоў і сядзім, як анямелыя. Старэйшыя хлопцы толькі цыгаркамі бліскаюць. А ён расказвае казкі. Заседжваліся да пеўняў. А то другі раз песні спявае. I тады яму падцягвалі ўсе: хто ўмеў і хто не ўмеў. Цудоўны быў Марцін! I вось аднойчы ўлетку Марцін знік з вёскі. Турмаз хваляваўся: гарачая пара, а парабка нібы чэрці схапілі. А праз некалькі дзён вось у гэтым лажку пад гнілым мосцікам знайшоў я знявечанага Марціна. Пасвіў каня і знайшоў. Ніколі я пад той мосцік не лазіў, а то нешта раптам пацягнула мяне туды. Цела Марціна было прыкапана, і толькі стаптаны знаёмы чаравік тырчэў з зямлі. Страшная навіна маланкай абляцела наваколле. У лажок збегліся людзі, прыехалі паліцэйскія чыноўнікі і пракурор.

Мацвей, раз-по-раз зацягваючыся дымам, змоўк, і Сямён Пятровіч нецярпліва папрасіў:

— Ну, а далей?

Бяляк кінуў на снег цыгарку і прадаўжаў:

— На месцы здарэння знайшлі фінскі нож з чорнай адмыслова вытачанай дубовай ручкай. Тою фінкай старэйшы Турмазаў сын не раз круціў перад носам у вясковых хлопцаў. I тады многія прыгадалі, што незадоўга да забойства ўладальнік фінкі i яго малодшы брат п’яныя пагражалі Марціну: калі ён не ўступіць дзяўчыну, якую кахаў, малодшаму Турмазу, то не жыць яму на свеце. Абое Турмазавы сыны былі адразу ж арыштаваны. Але праз колькі дзён яны зноў разгульвалі па вёсцы, а ў Турмазавым статку вяскоўцы недалічыліся дзвюх лепшых кароў. Перад судом малодшы Турмаз прыходзіў да нас і паабяцаў маці пяць пудоў пшаніцы, каб толькі я сказаў на судзе, што фінку тую ўкраў у яго я і, пасвячы каня, згубіў потым пад мастом. Доўга ўпрошваў, а потым і прыгразіў: «У мяне, кажа, i на цябе знойдзецца фінка». На судзе я ўсё гэта выклаў, але абаіх Турмазаў усё адно апраўдалі. Вось якія суддзі тады былі...