Выбрать главу

Сямён Пятровіч раптам успомніў Мацвеевы словы там, на сходзе, дзе ён, суддзя, рабіў справаздачу аб рабоце суда. Мацвей не выступаў з прамовай, а толькі запытаў, чаму суддзя ніколі раней не рабіў такіх справаздач у іхнім калгасе. Сямён Пятровіч пачуў у ягонай рэпліцы папрок за тое, што ён, суддзя, яшчэ далекавата ад людзей...

— Вось з таго часу гэты лажок і называецца Марцінавым,-— памаўчаўшы, закончыў сваё апавяданне Мацвей, тузануў лейцамі, і зноў паляцелі ў вазок камякі снегу.

2

Толькі што суд скончыў разглядаць справу па абвінавачванню Марціна Куксы ў кражы грошай, толькі што зачыніліся дзверы кабінета за апошнім наведвальнікам, як у суседнім пакоі канцылярыі пачуліся знаёмыя цяжкія крокі. Дзверы насцеж адчыніліся, і пракурор, яшчэ не пераступіўшы парогу, накінуўся на Сямёна Пятровіча:

— Дык хто гэта даў табе права злачынцу з турмы выпускаць?

— А хто вам даў права на мяне крычаць?

Нейкі момант яны стаялі моўчкі, упіўшыся позіркамі адзін у аднаго. Потым пракурор неяк рэзка махнуў рукою і палез у кішэню за папяросамі. Сямён Пятровіч узяў са стала свой партабак, раскрыў яго і працягнуў пракурору. Той узяў папяросу, прыкурыў. Потым загаварыў ужо спакойна:

— Ну як можна было такога прайдоху выпускаць на волю?

— Ну, i за такую ж кражу нельга ў турму садзіць...

— За такую кражу, кажаш? А хіба яна ў яго першая?

У невялікім кабінеце суддзі стаяла духата. Сямён Пятровіч падышоў да акна, адчыніў фортачку. Там, на двары, гайдалася пабеленая інеем галінка ліпы. Яна нібы прасілася ва ўтульны, цёплы пакой, каб адтаяць і сваім пахам напомніць тую вясну, калі Сямён Пятровіч першы раз прышоў у гэты кабінет. Цудоўная тады была вясна: самастойная работа пасля шумлівых год студэнцтва, новыя людзі, новы клопат... Спачатку і пракурор на яго не крычаў, а толькі, відаць, па праву старэйшага, заўсёды настаўляў: «Слухай, хлопча, Паўла Рыгоравіча, вучыся. Жыццёвы шлях — гэта не асфальтавая шаша. На ім сустракаюцца і пяскі, і грэблі, і крутыя павароты. Бывае, загразнеш дзе-небудзь ці пад адхон звалішся». А цяпер бач як накінуўся! Напэўна таму, што Сямён Пятровіч яго не паслухаўся. А хіба ж можна было гэтага Куксу пазбаўляць волі? Правільна, раней яго судзілі за кражы. Але ж за адно і тое ж злачынства па некалькі разоў не караюць. А за шаснаццаць рублёў, якія ён украў цяпер, дастаткова і прымусовых работ. Калі гаварыць шчыра, дык і ў Сямёна Пятровіча не ляжала душа да гэтага чалавека. Добрая ён цаца... «Тыя грошы, кажа, так ляжалі, што іх бы кожны ўкраў». Ну, хіба гэта не нахабства? Але ж суддзя не павінен да ацэнкі зробленага злачынства адносіцца суб’ектыўна... Не, справу Куксы суд рашыў правільна. А калі пракурор не згодзен...

— Ну, чаго крычаць, Павел Рыгоравіч? Не згодны з прыгаворам — напішыце пратэст. Абласны суд нас рассудзіць.

— Пратэст будзе, — кінуў Павел Рыгоравіч, — гэта само сабой. А табе, Сямён Пятровіч, усё ж раю слухаць старэйшых,— i, наморшчыўшы выпуклы лоб, выйшаў.

На ліпавай галінцы аднекуль з’явіўся чырвонагруды снягір. Ён неяк зазыўна паціўкаў, i тады да яго прыляцеў другі, сеўшы побач. Іней дробнымі іскрынкамі пасыпаўся з галінкі; яна захісталася, і суддзя чамусьці раптам убачыў перад сабой лагодныя сінія вочы Веры.

«Мо на сходзе яе сустрэну?» — падумаў ён. Днямі яму выпадала быць на адкрытым партыйным сходзе ў калгасе «Перамога», дзе нядаўна рабіў справаздачу.

3

Цёпла было ў невялікім, чыстым пакойчыку. Двое хлапчукоў, схіліўшыся адзін да аднаго бялявымі галоўкамі, разглядвалі «Мурзілку» і ахвотна смяяліся. Тамара сядзела побач на канапе, вышывала мужу кашулю і час-ад-часу пазірала на іх. Раптам яна ўспомніла самую звычайную рэч, неабходную гаспадыні: на вячэру можа не хапіць хлеба.

— Вы пагуляйце, дзеткі, а я хутка вярнуся. Толькі да таты схаджу,—Тамара пачала апранацда.

— I тату прывядзі, і тату прывядзі... — наперабой зашчабяталі хлапчукі.

Як толькі Тамара пераступіла парог крамы, яна адразу пачула злосны мужаў голас:

— А чаго было надакучаць? Я ж не выжыў з розуму. Што абяцаў — памятаю.

— Надакучаць больш не буду. Падай мне, брат, вось гэтую кнігу, — i Мацвей Бяляк кіўком галавы паказаў на тоўсты сшытак, што вісеў на цвічку.

Андрэй перасмыкнуў плячыма і са злосцю кінуў сшытак на прылавак. Мацвей, не спяшаючыся, пачаў пісаць. А скончыўшы, зазначыў:

— Гэтая скарга, брат, за тое, што хлусіш...

Неяк раней Мацвей папрасіў Андрэя, каб той прывёз яму радыёлу. Крамнік паабяцаў, толькі намякнуў, каб конюх авансам напісаў яму за гэта падзяку. Мацвей узяў ужо быў ручку, але перадумаў.