Выбрать главу

— Не, тады і напішу, калі прывязеш.

З таго часу Бяляк пачаў амаль кожны дзень заходзіць у краму. Прыдзе, а радыёлы няма. Тым часам дачуўся ён, што калі-ні-калі Андрэй адпускае сякія-такія рэчы з-пад прылаўка. Сказаў пра гэта яму, але той толькі хітра і насмешліва прыжмурыўся:

— Абяцанага, дзядзька Мацвей, тры гады чакаюць.

Так і пайшоў Мацвей з крамы зноў з пустымі рукамі. Увечары таго дня, ідучы дадому, Андрэй пачуў яшчэ здалёк, што з Мацвеевай хаты даносяцца вясёлыя прыпеўкі Варонежскага хору. Аказваецца, Бяляк у той жа дзень з калгаснай машынай пад’ехаў у горад і купіў радыёлу. Няхай жа ведае гэты хлус Андрэй, што ён, калгасны конюх Мацвей Бяляк, абыйдзецца i без яго ласкі.

Можа б на гэтым усё i скончылася, каб Мацвей, зайшоўшы выпадкова ў краму, сам не пераканаўся, што Андрэй гандлюе з-пад прылаўка. Вось тады ён і патрабаваў у крамніка кнігу скаргаў.

Усяго гэтага Тамара, вядома, не ведала, і цяпер, нічога не разумеючы, паглядала то на мужа, то на Мацвея.

— Добра, я гэтага не забуду, — пагрозліва працадзіў Андрэй праз зубы. А той яму спакойна:

— Ну чаго фанабэрышся, Андрэй. Што заслужыў, тое і атрымлівай.

— Як можна, Андруша, грубіяніць старэйшаму чалавеку? — папракнула мужа Тамара, калі Мацвей выйшаў.

— Цябе яшчэ тут не хапала!— на Андрэевым твары з’явіліся барвовыя плямы. Тамара нічога не адказала, толькі вусны яе задрыжалі і скрывіліся ў тужлівай усмешцы. Купіўшы хлеба, яна хуценька выйшла з магазіна.

... Павячэраўшы, Андрэй доўга сядзеў за сталом у задуменні, падпёршы галаву рукою. Затым раптам злосна плюнуў на падлогу і пачаў:

— От напаскудзіў той стары пень! Каб не гэтая скарга, прэмію б атрымаў. План жа перавыканаў!..

— Дык таму ты і зажурыўся так? Кінь, Андруша, абыйдземся i без гэтай прэміі. Што ў нас ужо нястача такая, ці што?

Бач, багатырка знайшлася. Ці табе лішняя капейка муляла б? — Андрэй устаў і прайшоўся па пакоі. — Гэта за адзін раз столькі спальваеш? — ён кіўком галавы паказаў на бярэмак дроў, што ляжалі каля печы.

— А што? Дроў жа хопіць...

— А калі і застануцца, хіба ад гэтага будзе горш? — буркнуў Андрэй.

У пакоі, не зважаючы на гамонку дарослых, шумліва, бестурботна забаўляліся дзеці, а на двары працяжна, глуха скавытаў вецер.

4

Стары абшарпаны «газік», чмыхаючы маторам, нервова падскокваў па вузлаватых карэннях старых бяроз, што абступалі гарбаты шлях з абодвух бакоў, а ў лагчынах з разлёту ўрэзваўся ў лужыны, раскідваючы далёка ў бакі брудныя пырскі. Аднекуль, ні то з-пад калёс, ні то з-пад сядзення, чуўся грукат нейкага непрыладжанага як след жаляззя. Ці то ад таго грукату, ці мо ад сваіх непрыемных думак, пракурор Павел Рыгоравіч Самусь крывіўся, але прасіў шафера:

— Гані, брат...

Падруліўшы да заспенскай крамы, «газік» гучна «стрэліў» і заглух. Каля крамы мітусіліся людзі, работнікі міліцыі, быў тут і сам Андрэй Арэшка.

Малады лейтэнант прапанаваў пачаць агляд з разбітага акна i паімкнуўся быў нават пайсці туды, але Павел Рыгоравіч крануў яго за руку і паказаў вачыма кудысьці на дол каля падмурка.

— Бачыш?

Лейтэнант прыгледзеўся і сумеўся.

— Вінават, таварыш пракурор, не заўважыў.

Павел Рыгоравіч асцярожна падышоў да падмурка і, прысеўшы, доўга і ўважліва разглядаў след абцаса на сухім пяску. Ззаду, з правага боку, след меў невялічкую выемку паўкруглай формы. Пашукаўшы позіркам наўкола і нічога больш не знайшоўшы, пракурор зафатаграфаваў след, затым акуратна зняў з яго гіпсавы злепак і паклаў у партфель. Толькі пасля гэтага пачалі аглядаць акно.

На адным абломку шкла, што тырчэў у раме, пракурор заўважыў адбіткі пальцаў. Доўга аглядалі дзверы, замкі, увесь будынак крамы. Але нічога больш так і не знайшлі. Склаўшы пратакол агляду, Павел Рыгоравіч доўга распытваў Андрэя, ці не падазрае ён каго-небудзь у кражы. Той нічога не мог сказаць, але прыпомніў, што ўчора вечарам у краму заглянуў Кукса, нечага пакруціўся каля прылаўка і, ні слова не сказаўшы, выйшаў.

Позна вяртаўся Павел Рыгоравіч дадому. Ад чаднага дыму, што пранікаў праз шчыліны самаробнай кабіны «газіка», ад стомленасці, ад цяжкіх неадступных думак зусім разбалелася галава. Хацеў бы цяпер Павел Рыгоравіч пасядзець, ні аб чым не думаючы, адпачыць ад гэтых штодзённых клопатаў. Дык жа не выпадае. Ці ж у пракурора можа быць такая мінута, каб ён аб чым-небудзь не турбаваўся, аб нечым не ламаў галавы? Вось хаця б сёння... Цэлы дзень біўся, як рыба аб лёд, ды хіба ж гэта ўжо ўсё? Колькі яшчэ над гэтай справай прыдзецца пасядзець... А пападзе ў тыя хлапечыя рукі — хто ведае, ці ўтрымаюць яны яе і як павядуць...