Выбрать главу

Пасля таго, як Ксю паступіла, у кватэры засталіся толькі Света з маленькай Настаю. Тацяна хутка ацаніла сітуацыю і неўзабаве разам з дзецьмі (Аньцы трэба было ўжо ў школу) перабралася ў горад да мужавай пляменніцы. Ніхто больш не прыязджаў у вёску. Хата стаяла сіратлівая, запушчаная, двор зарастаў травою.

А Аляксей Дарафей так і працягваў жыць разам з маці і працаваць на станцыі. Ён — той, хто лічыў сябе часовым, сезонным, толькі адзін і застаўся пастаянным, на тым самым месцы, як укапаны.

Ён нечакана лёгка змірыўся з гэтым, перастаў думаць пра паступленні, ні на што не наракаў, ні аб чым не шкадаваў — проста жыў, як у вакууме, у нейкай духоўнай і фізічнай рэзервацыі, без імпэту, без мары, без асаблівага спадзявання на нешта, што магло б з ім здарыцца і змяніць яго жыццё.

Толькі калі-нікалі яму рабілася сорамна за тую веру ў сваю «абранасць», у «незвычайную будучыню». Якая лухта, з чаго ён узяў, што заслугоўвае большага?

Яго не цікавілі ні палітычныя, ні эканамічныя, ні сацыяльныя, ні нацыянальныя змены. Недзе ў вялікім свеце ўсё кіпела, бурліла, блыталася, разбураліся старыя дзяржавы і ўзнікалі новыя, ішло вялікае перасяленне народаў, умацоўваліся празрыстыя межы, лёгка падалі праржавелыя «жалезныя заслоны» і нетрывалыя «бетонныя сцены»… Усё абыходзіла яго бокам. Ён ведаў толькі шпалы, рэйкі, малаток ды кастыль. Фізічны час існаваў для яго хіба што ў пераменах года: за зімой прыходзіла вясна, за вясной — лета, ды яшчэ ў намінале купюр, якімі выплачвалі аванс, зарплату, прэміяльныя: спачатку лік ішоў на сотні, потым на тысячы, на мільёны — адсюль стваралася ілюзія руху жыцця, павышэння дабрабыту, нават кар’ернага росту.

Зрэшты, ён сам ужо быў брыгадзірам, меў падначаленых, ганяў іх, як некалі сваіх рабочых Рэвут, і таксама, як Рэвут, не скупіўся на моцныя слоўкі.

У матэрыяльным плане грэх было скардзіцца. Плацілі добра, Дарафей не піў, не курыў, плюс матчына пенсія. Так у яго з’явілася любіміца, «Кіа» — не новая, але і не дабітая, надзейная. Без машыны, як без рук, як колісь селяніну без каня. Рэйсавыя аўтобусы адмянілі, медпункт закрылі, аўталаўка не хадзіла, на працу туды і назад дабярыся: з гадамі лянота, ды і проста фізічна цяжка стала пехатой накручваць кіламетры. Пасля працы ці ў выхадныя Дарафей заязджаў у горад, закупляўся прадуктамі, лекамі для маці.

Маці хварэла на рэдкую немач: адсутнасць энергіі. У яе хапала сілы на якія паўгадзінкі раніцай, потым пераставалі слухацца рукі-ногі, яна клалася ў ложак і бяссільна плакала. Затое гэтыя каштоўныя паўгадзінкі яна выкарыстоўвала надзвычай ашчадна, на самае неабходнае, без чаго не абыдзецца сын, чаго ён сам не ўмее — на гатаванне ежы. Яна варыла, смажыла, пякла, каб хапіла на ўвесь дзень. Аляксей ніколі не быў галодны. Што да мыцця, яны купілі дарагую замежную пральную машыну.

Акрамя фізічнай хваробы, маці пакутавала духоўна. У тым, што ў сына, як ёй здавалася, не склаўся лёс, яна вінаваціла толькі сябе. Хіба такі добры, спакойны, працавіты чалавек, як яе сын, заслугоўвае такой долі — сядзелкаю быць пры ёй? Асабліва цяперашнім часам, калі ўсе дарогі адкрытыя? Гэта ж у міністры можна выйсці! Яна забрала сябе ў галаву, што ён і не жэніцца з-за яе. Якая дзяўчына пойдзе ў вёску, у хату, да хворай свякрухі? Трэба купляць кватэру, ці будаваць катэдж, распачынаць пераезды-пераборы, і ў любым выпадку яна, нямоглая, будзе лішняю. Не раз яна прасіла: здай мяне куды, у які дом састарэлых, цяпер гэта не сорамна, цяпер дзеці не глядзяць бацькоў, бацькі самі хочуць аслабаніць дзяцей.

— І табе, і мне лепш будзе…

Але сын злаваўся.

— Мне не кепска! — і маці бачыла, што ён не хлусіць, і плакала ўжо ад палёгкі, ад падзякі яму. Такіх сыноў пашукаць!

Вёсачка іхняя зусім занядбала, нават дачнікі чамусьці не хацелі тут сяліцца, можа, таму, што зямля запушчаная, і цяжка яе падымаць. Асабліва сумна было зімамі. Не радаваў кампутар з інтэрнэтам, ні плазменны тэлевізар з спадарожнікавай «талеркаю», не было каму званіць па дарагім мабільніку, не чыталася з планшэтніка — толькі кнігі памагалі, і не новыя, а абавязкова старыя, зашмальцаваныя, чытаныя-перачытаныя. Калі ўвечары адарвешся ад пажоўклых, засліненых на ражках старонак і глянеш у вакно — убачыш праз марозную шыбіну прысыпаную снегам паляніцу дроў, ды завіруху, якая пачынаецца на ноч, сваім ветрам закручвае снег у сумёты з грэбнямі зверху.

А вось улетку Жэнева хата, ператвораная ў дачу, ажывала, прыязджалі Жэневы дзеўкі, Валька з Анькаю, якіх Дарафей памятаў малымі. Цяпер гэта былі добрыя маладзіцы; абедзве замужам, у абедзвюх дочкі. Прыязджалі на машынах. Мужы ў двор не заходзілі, нічога не звязвала іх з гэтай старэнькай хаткай, з аселым у зямлю, струхлелым ганкам; іх не цікавіў ні агарод, ні пахілены плот; усё было ім тут чужое і ніякіх асацыяцый не выклікала. Яны не адыходзілі ад сваіх машын, мылі іх, праціралі, любаваліся імі, уключалі музыку — кожны сваю.