Выбрать главу

— Вельмі многа ты сьмяешся, — прамармытаў Крушо. — У другога сэрца аблівалася-б сьлязьмі ў такі дзень.

— Я рад, што вырабіўся з турмы.

— Толькі ад гэтага? — Жандар паціснуў плячыма.

— Хіба-ж гэтага мала? — пярэчыў А-Чо.

— Значыцца, ты радуешся не таму, што табе адсякуць галаву?

А-Чо паглядзеў на яго ашаломлены і сказаў:

— Ды я-ж варочаюся ў Ацімаоно, каб працаваць на плянтацыі ў Шэмера? Хіба-ж вы вязіце мяне не ў Ацімаоно?

Крушо задумаўся і пакруціў свае доўгія вусы.

— Так, так, — сказаў ён нарэшце, сьцябаючы бізуном па сьпіне мула. — Дык ты, значыцца, ня ведаеш?

— Чаго? — А-Чо адчуў блізкую трывогу. — Хіба Шэмер не дазволіць мне больш працаваць у яго?

— Заўтра — не.

Тут Крушо рассыпаўся шчырым сьмехам. Атрымаўся ўдалы жарт.

— Заўтра ты ўжо ня будзеш магчы працаваць. Хіба-ж можа працаваць чалавек з адцятай галавою, га? — Ён штурхнуў кітайца ў бок і хіхікнуў.

А-Чо маўчаў, пакуль мулы не адмералі добрых сем кілёмэтраў. Потым ён запытаўся:

— А хіба Шэмер хоча адцяць мне галаву?

Крушо зірнуў яму ў твар і кіўнуў.

— Гэта памылка, — сказаў А-Чо сур’ёзна. — Я — А-Чо. Шаноўны судзьдзя пастанавіў, каб я прабыў дваццаць год у Новай Каледоніі.

Жандар засьмяяўся. Пацешная штука, ён, гэты кітаяшка, спрабуе выкруціцца ад шыбеніцы. Мулы прабеглі неахвотным трушком праз какосавы лясок і тры кілёмэтры каля блішчастага мора, калі А-Чо зноў загаварыў.

— Кажу вам, што я не А-Чоў. Шаноўны судзьдзя загадаў адцяць ня мне галаву.

— Не палохайся, — сказаў Крушо, — пацяшаючы кітайца. — Такім спосабам памерці лёгка. — Ён пстрыкнуў пальцамі.—Гэта скора: хлоп! — і гатова. Зусім ня тое, што целяпацца на вяроўцы, курчыцца і пяць хвілін грымасьнічаць. Тут усяроўна як кураня сякераю: адсячэш галаву і канцы. Таксама з чалавекам. Раз—і гатова. Нават не баліць. Ты і падумаць не пасьпееш, што баліць. Галава адскочыць, і табе няма чым думаць. Вельмі спрытна прыдумалі. Хацеў-бы я гэтак памерці—скора, вельмі скора. Табе пашанцавала: ты добра памрэш. Ты мог-бы захварэць на чуму і пачаў-бы марудна развальвацца па кавалачках: сьпярша палец за пальцам на руцэ, ад малога да вялікага, потым пальцы на назе. Я ведаў яшчэ чалавека, якога апарылі кіпнем. Ён паміраў два дні. Пакутныя крыкі яго чуваць былі за кілёмэтр. А то — ах, як гэта лёгка! Чык! Нож перарэжа табе горла, — гатова. Можа нож і паказлыча крыху, так сабе, прыемна. Хто яго ведае? Ніхто не варочаўся пасьля сьмерці, не казаў…

Апошнія словы здаліся яму вельмі сьмешнымі, і твар яго расплыўся ад рогату. Вясёласьць яго была ня зусім шчырай, але ён лічыў за свой людзкі абавязак разьвесяліць кітаяшку.

— Кажу-ж вам, што я А-Чо, — упіраўся той. — Я не хачу, каб мне адсякалі галаву.

Крушо нахмурыўся. Кітаяшка ўжо вельмі пачаў набіраць сабе ў галаву.

— Я-ж не А-Чоў…—пачаў А-Чо.

— Ну, добра, — перапыніў яго жандар. Ен надзьмуўся і стараўся выглядаць сярдзітым.

— Кажу вам, што я не… — паспрабаваў зноў А-Чо.

— Заткні ляпу! — крыкнуў Крушо.

Доўга ехалі яны моўчкі. Ад Палеіці да Ацімаоно было сто сорак кілёмэтраў, і яны мінулі траха не паўдарогі, перш чым кітаец зноў асьмеліўся загаварыць.

— Я бачыў, што вы былі на судзе, калі шаноўны судзьдзя разглядаў нашу справу, — пачаў ён. — Вельмі прыемна. Памятайце: ён-жа, А-Чоў, быў высокага росту. Праўда! А зірнеце на мяне. — Ён устаў і Крушо ўбачыў, што А-Чо нізенькага росту. І ў той-жа час успомніў: сапраўды А-Чоў быў высокага росту. На твар яны падобны. Але-ж адрозьніць высокі рост ад нізенькага ён мог. І ён зразумеў, што поплеч з ім сядзіць ня той чалавек. Ён так раптоўна спыніў мулаў, што дышла выскачыла ўперад і ўзьняло хамуты.

— Вы бачыце, гэта памылка, — сказаў А-Чо з шчасьлівай усьмешкай.

Крушо думаў. Ён ужо шкадаваў, што спыніўся. Пра памылку судзьдзі ён ня ведаў і не разумеў, у чым тут справа, але ён ведаў, што кітайца яму даручылі завесьці ў Ацімаоно, і ён павінен завесьці яго туды. Што яму да таго, што вышла памылка і адсякуць галаву другому? Гэта-ж кітаяшка, а што такое кітаец? Апрача таго, магчыма, што гэта і не памылка. Ён ня ведае, што думала начальства. Яны лепш ведаюць сваю справу. Хто ён такі, каб разважаць за іх? Аднаго разу, вельмі даўно, ён паспрабаваў разважаць за начальства, але сэржант сказаў яму: «Крушо, ты дурань! Чым скарэй ты гэта зразумееш, тым лепш. Табе зусім ня трэба думаць. Ты павінен толькі слухацца. А думаць будзе, хто лепшы за цябе». Ён паморшчыўся, нібы ад болю, калі ўспомніў гэтае здарэньне. Таксама і цяпер. Калі ён вернецца ў Палеіці, дык гэтым затрымае пакараньне ў Ацімаоно і будзе мець вымову ад сэржанта, які чакае арыштанта. І ў Палеіці яму будзе строгая вымова, калі ён памыліцца.