Не разгубіўся Лявон, хоць і напалохаўся. Мармытаў: “Каб хоць не звар'яцець!» Убачыў Лявон тое месца, якое ў жанчын падчас Вылівахавай песты распускалася, як маладзенькая ружа. А тут -- выперла лабковая костка зь бліскуча-белага тазавага касцяка адшліфаванага фаласамі Лявонавых продкаў, зробленых з пескавіка, а замест "ружы" жудасна зьзяла чорная дзірка-няўтульніца, з якой цягнула сьцюдзённым скразьняком.
Ён скамянеў, уявіўшы, як прыйдзецца яму ўсё сваё ў будучым бясконцае жыцьцё шаравацца аб гэтую костку і націраць крывавыя мазалі аб касьцякі свідравіны, што даўно пазбавілася жаноцкага цяпла. І яшчэ невядома, ці будзе Сьмерці асалода з таго...
А калі?.. Калі будзе так, што ён, Лявон, ужо пусты і зьняможаны, адкінецца на ложку, а яна галодная, спрадвеку без жывога мужыка на сабе, незадаволеная і разьятраная, што не можа адчуць радасьці здаровага жаночага шчасьця, накінецца на яго... Калі Сьмерць з жудасным стогнам "Еще! Еще!" схопіць у сваю Кашчавую пяцярню яго зьнясіленую і спустошаную плоць, якую пакінулі семя і кроў, зацісьне яе ў халодных як лёд фалангах і пачне шморгаць туды-сюды, як пустую казіную цыцку, каб дамагчыся пругкасьці, адчуць халоднымі косткамі гарачыню і пульсацыю жыцьця, ды паказытаць сваё сэксуальнае бяздоньне гарачым жыцьцёвым семем...
Гонар і сымбаль моцы Лявона, пра які марыла шмат жанчын, гледзячы на яго нос, ад відовішча сьмяротнай дзіркі і ўяўленьня пра аргазменныя канвульсіі бразготнага шкілета Кашчавай скукожыўся і зрабіўся падобны на пысак маленькага мышаняці, якое высунулася з норкі.
Вось тут і зразумеў Лявон, што азначае "свабода альбо вечныя пакуты", "перамога альбо Сьмерць". Спытаў:
-- Калі пачнём “гульню”?
-- Я цябе паклічу… -- Злосна адказала Сьмерць.
-- А дзе гуляць будзем?
-- Там дзе спыняць Час!
-- Як гэта? Хто спыніць?
-- Тыя, хто паскарае Час, і тыя, хто марудзіць яго хаду, вяртаючы Час назад. Калі іх сілы зраўняюцца, прастора разломіцца і ўтворыць пастку. І ў яе Час трапіць і спыніцца.
-- Дык гэта ж сьмерць! – жахнуўся Лявон – Гэта час твайго панаваньня!
-- Памыляешся… – задуменна сказала Кашчавая. – Раней і я так думала… А цяпер… Спынены Час – гэта каханьне…Гэта Час уладараньня такіх як ты! А я спадзяюся, што ён стане нашым часам…
Яны моўчкі стаялі, уяўляючы спынены час. Першай загаварыла Кашчавая:
Ад вынікаў гульні будзе залежыць далейшы накірунак хады часу, і лёсы людзкія…
І ведай, што ў нас будзе не адна гульня, а цэлы турнір. Бо для беларусаў час спыняўся шмат калі…
Калі б пра гэтую дамову даведаліся кіраўнікі дзяржавы, ці выбітныя князі-ваяры, яны б абурыліся, кажучы: «Чаму лёс наш і нашых дзетак будзе вызначаць гэты бабздыр і піяка?! Ён жа замест змаганьня прапьець ўсю краіну! Ён увесь народ за ноч з каханкамі аддасьць дзьяблу і душу сваю таксама!» І пасадзілі б Выліваху за краты, каб не рызыкаваць краінай. Пасьля гэтага б сойм склікалі і дэбаты вялі б некалькі месяцаў пра тое, каму абарону ўзначаліць адзінаму гэтак сказаць кандыдату...
А калі б пра Вылівахаву дамову са Сьмерцю даведаліся лідэры сучаснай апазыцыі, вох і ляманту было б: «Хто ён такі!? Хто яму даверыў!? Хто за ім стаіць, якая партыя!? Толькі хаўрус піякаў, бабздыраў ды іхных каханак! Мы гэтае пытаньне разгледзім на каардынацыйнай радзе! У нас для гістарычнай гульні ёсць палітыкі «новай хвалі» з гістарычнай самасьвядомасьцю і адказнасьцю!» І хуценька напісалі б заяўкі на грант па змаганьню са Сьмерцю ў сотню фондаў. І чакалі б з год, апісваючы на старонках газэтаў, які вораг страшны і як яны будуць з ворагам змагацца.
Але, як заўжды бывае, ні выбітных князёў ні вядомых апазыцыянераў не было падчас дамовы. А калі паразважаць – можа, й на лепшае. Бо падчас гістарычных бітваў лёс перамогі й вырашаюць такія, як Лявон зь ягонымі сябрамі. Яны імгненна вырашаюць і хутка дзейнічаюць.
Сьмерці пасля размовы зь Лявонам яшчэ больш карціла авалодаць сакрэтам каханьня.
Запусьцiла яна па краіне ладзьдзi роспачы. Плылі ладзьдзі ў паветры над людзьмі нябачнымі прывідамі да закаханых, усіх ачмураючы. Толькі закаханыя бачылі ладзьдзю, калі ўточвалася яна паміж імі. Закаханым ладзьдзі здаваліся чароўнымі сховішчамі іх шчасьця, што вязуць проста да кветкі-папараці. Верылі, што любы з падарожжа хутка вернецца, грошы вялікія прывязе і долю лепшую. Так траплялі адораныя Боскім пачуцьцём ў сьмяротную пастку. І несьлі тыя ладзьдзі здабычу на спатканьне да Сьмерці. А закаханыя, ўцяміўшы, што да Сьмерці плывуць, ужо не маглі з пасткі вырвацца, іх душы пакідалі роспач і адчай, ён туманавымі сьцежкамі сьцяліўся за імі. А ў люстры неба цені ладзьдзёвыя плылі хмарамі, зь якіх сьлёзы імжой краіну накрывалі.