Выбрать главу

Тут у небе палыхнула, і сьвятло разлілося па усёй краіне: зацьвіла Князёўна-папараці.

Яе цвет раскрыў усе палыновыя суквецьці. Іх водыр напоўніў душы і да шоргату кропель далучыліся галасы і па ўсёй краіне гучала: “Кахаю!” рэхам праносілася па барах – “ахаю!”, над рэкамі – “хаю!” і ўзлятала да неба - “аю!” І шчаслівы стогн А-А-А! Пралятаў над лугамі, абтрасаючы сітнічкавы кроплі з травы, наталяючы прагу зямлі.

Расквітнеў і Зорны Чoрнабыльнік. І галасы яго душаў упляліся ў чароўны хор кахаючых.

Хлопцы і дзяўчаты зноў скакалі праз вогнішчы. А агонь нябёсаў апраменьваў душы.

Лявона паклікаў сканер. На экране Лявон убачыў, што адно з вогнішчаў раскладзена проста на Лепшым азадку, заплаўленым у зямную кулю. Сканер паказаў, што з яе таксама ўзьняўся нейкі дымок і прагучалі словы ДуППы:

«Это была элегантная победа!»

А вакол таго вогнішча паселі беларускія Багі. Пярун расказваў, як спрабавалі завербаваць Хапуна, як ён параіўся з Пяруном і вырашылі, што Хапун войдзе ў змову з ідаламі, каб быць у курсе іхных задумак і ў адказны момант абароніць людзей. «Не было сярод беларускіх багоў здраднікаў і не будзе!» – падсумаваў Пярун і запалымяніў вогнішчам. Багі танчылі, як падлеткі, скакалі праз Пяруна, а той хапаў багоў рукамі-полымям. Багі заляцаліся, кахаліся, плавалі, лёталі, як і бывае ўсё і ў людзей.

Па шчоках Настачкі каціліся кропелькі, а вочы яе сьмяяліся.

Святы дождж -- сьлёзы Бога!

Усявышні плакаў ад шчасьця...

Лявон адчуваў, як Усявышні, акрапіўшы сьлёзным сітнічкам беларускую мару, з палёгкай уздыхнуў і увабраў у сябе Лявонаву і Настачкаву душы. Богаў удых вырваў беларусавы душы з рэшткаў кулявой саломы, асушыў іх ад слёз, і, пазбавіўшы зямнога цяжару, ўзняў да зорак, напоўніўшы імі сваю дыхаўку.

Лявон бачыў, як празрыстыя душы беларусаў лятуць да Князёўны папараці, ўтвараючы над краінай гіганскую празрыстую кулю. Залятаючы ў Князёўну папараці, падобную да гіганскай басэтлі, зямные душы злучаліся з душамі Зорнага Чорнабыльніка, і гулі разам, як пчолы. Потым, сьцішаныя, разам уздымаліся вышэй да Богавай дыхаўкі.

Не паспеў Лявон падумаць «што будзе з імі далей?”, як Бог, выдыхнуўшы, вярнуў асвечаныя душы гаспадарам. І Беларусы набылі часьцінкі Боскія душы, што ўмацавалі іх чалавечыя душы.

У небе над Беларуссю плылі белыя аблокі, расквечаныя чырвонымі маланкамі, але грому не было. Тое з усяго сьвету на боскае сьвята зляталіся буслы і несьлі свае дарункі.

КУЛЯ ДЛЯ ПРЭЗЫДЭНТА

У касьмічным разведцэнтры, што лётаў вакол зямлі, прачыталі кнігу. Пасьля некалькіх дзён апрацоўкі дадзеных, праверкі новых аб’ектаў камандзір карабля сабраў усіх кіраўнікоў груп на мазгавы штурм. Першым дакладваў кіраўнік дасьледчыкаў:

-- Мы праверылі прастору на зямлі, пад зямлёй, неба і бліжэйшы космас. Прыборы не зафіксавалі наяўнасьці такіх аб’ектаў, як “Бог”. Мы не маем ніякіх знакаў існаваньня такіх істот, як “Кашчавая (Сьмерць)” і “Князёўна папараці”. Нашы прыборы не змаглі зафіксаваць матэрыяльных часьцінак “Каханьня” - ні боскага, ні чалавечага, зямнога. Ні футарал ад басэтлі ні яго рэшткі таксама не знойдзены. Не знайшлі ніводнага сляда Пяруна, Хапуна, Хіхітуна, Цмока і Лёлі і інышх прывідаў. Шукалі таксама Воланда, Ката-Бегемота і такога гібрыда не знайшлі. Хоць катоў у зямлян шмат.

Знайшлі каменныя пэнісы на дне возера Сеніца, якое мясцовыя завуць х…ёвым. Але прыкметаў беларускага ЧаСа не зафіксавалі. І ў чарнобыльскім Саркафагу няма сьлядоў магічнай ночы. Не знайшлі мачулішча з беларускімі душамі.

Шклоўскі Ідал стаіць у музеі з гарматай на ганку па вуліцы Маркса, яго выява ў падручніках па гісторыі Беларусі за сёмы клас. Праўда яго там замаскіравалі назовам Магілёўскае Божышча.

Насупроць музея сапраўды жыве пісьменьнік Арлоў. Але Ідала ён не пільнуе, а наадварот за Арловым віжуюць ідалавы паслугачы.

Не ўбачылі мы ў палёце ніводнага кніжнага труналёта. Іх кніжкі ляжаць простымі трунамі ў бібліятэцы дома літаратараў.

Узровень радыяцыі беларусаў вельмі высокі. Нармальныя людзі мусілі б загінуць, а гэтыя жывуць. Можа таму беларусы жывуць, як бы ў іншым сьвеце і бачаць тое, што мы і нашыя прыборы не фіксуюць… І душы іхныя не спасьцігальныя. Шмат што жыве ў іхных душах, хаваецца там і мае сэнс толькі для ніх, узьдзейнічае толькі на ніх.

Мы не знайшлі “Зорны Чорнабыльнік”, а ягоных сьлядоў ў душах беларусаў безьліч. Можа зь іх ён і ўтвараеца ўначы раз угод.

Відаць у глыбіні іх душаў схаваны і дзермакрыж у якім кожны зь іх пакрысе хлябае сваё дзярмо. А дзермакрыж іхнага Лявона можа узьнёсься да Бога.