Выбрать главу

Напрыклад -- вочы беларускіх дзяўчат? Мы даўно пазбавіліся шкодных звычак, уключаючы моцныя пачуцьці. А вочы беларускіх дзяўчат так цэляць у душу, такімі кулямі спакусы і каханьня страляюць, што наш Прэзыдэнт можа не ўстояць. А моцнае хваляваньне можа стаць летальным…

-- Дарэчы, -- зноў уточыўся кіраўнік групы бясьпекі Прэзыдэнта, -- я ўжо даслаў у цэнтр сваю расшыфроўку Кнігі. Вонкава статыстыка нашых невяртальнікаў сьведчыць – большасьць закахалася ў беларускіх дзяўчат. Насамрэч душы тамтэйшых інфіцыруць іншых магічнымі флюідамі, якія трансфармуюць чужыя душы.

Я даслаў свае прапановы, каб на зямлю накіравалі двайніка нашага Прэзыдэнта. Навошта рызыкаваць? Бо гэтыя беларусы маюць адмысловы гумар. Нават хх сьмехавыя кулі могуць быць сьмяротнымі нашаму Прэзыдэнту. Бо ўжо некалькі тысячагодзьдзяў як мы пазбыліся такой лішняй звычкі, як сьмех. Ад сьмеху дарэчы памерлі некаторыя з нашых астранаўтаў.

Выслухаўшы ўсіх, камандзір вырашыў садзіцца. На гэты выпадак ускрылі сакрэтныя інструкцыі. Па інструкцыях на пасадку мусіў пайсці невялікі карабель, а камандаваньне станцыяй пераходзіла да кіраўніка группы бясьпекі.

Калі карабель з большай часткай экіпажа адышоў ад станцыі і пайшоў да зямлі на пасадку, усе адчулі нейкую салодкую прагу таямніц. Табло паказвала 2 гадзіны ночы 26 красавіка. Калі карабель увайшоў у верхнія пласты атмасферы, усе члены экіпажа пачулі нейкія галасы. Спачатку мова была незразумелай, але праз некалькі секунд яны разумелі кожнае пачуцьцё, што трапляла ў іх душы.

Праз некалькі месяцаў на пазасонечную планету прыйшла інфармацыя, што экіпаж касьмічнага дасьледчыка адмовіўся вяртацца на планету. Новы камандзір карабля ўскрыў чарговыя інструкцыі. Там было напісана, што трэба вяртацца на родную планету з вынікамі даследаваньня. Але новы камандзір прыняў рашэнне другі раз даследаваць «Кулю», і станцыя працягвала палёт вакол зямлі ў зоне яе прыцягненьня. Толькі кіраўнік групы бясьпекі Прэзыдэнта вылецеў дамоў.

Пасля вяртаньня ён зрабіў грунтоўны даклад, да якога прыклаў Кнігі.

-- Галоўнае, -- казаў кіраўнік, -- беларусы маюць касьмічную душу. Іхны Казімір Семяновіч з пад Дуброўна распрацаваў тэорыю ракетабудавання тады, калі нават простых машых не было. Напачатку ХХ стагоддзя беларус намаляваў адваротны бок Марса і так дакладна, як быццам там пабываў. Двое беларусаў у ХХ стагодзьдзі лёталі ў космас. Можа зараз яны засялілі нейкую планэту…

Прэзэдэнт спытаў:

-- Чаму хочаш у адстаўку?

Кіраўнік адказаў:

-- Хачу вярнуцца на зямлю дасьледчыкам.

-- Адстаўку не прымаю. Відаць… паляцім разам!

Прэзэдэнт пачаў рыхтавацца да палёту на зямлю. Падрыхтоўка галоўным чынам заключалася ў тым, што яго вучылі чалавечым пачуцьцям, трэніравалі сэрца і давалі кнігі пра каханьне. Іміджмейкеры радасна паціралі рукі, калі бачылі як Прэзыдэнт сьмяецца, чытаючы дурноты дзядзкі Рыгора, Прэзідэнтаў ЗША Дж.Буша і Лукашэнкі.

І яшчэ Прэзыдэнт пазасонечнай цывілізаціі праглядваў запісы выступу перад сваімі суродзічамі трох маладых астранаўтаў. Яны расказвалі пра жыцьцё на зямлі. Хрыс-малодшы – пра амерыканскае, а маладыя Вылівахаў сын ды Шчукінава ўнучка - пра беларускае. Іміджмейкеры казалі Прэзыдэнту, што калі атрымаецца зрабіць нешта падобнае -- будзе перамога ў выбарах. І маладыя беларусы сапраўды скаралі сэрцы мясцовых прыгажунь. А жонка начальніка Прэзыдэнтавай бясьпекі, закахаўшыся ў Выліваху, па начах трызніла.

Усе жанчыны пазасонечнай сістэмы вар’яцелі ад незвычайнага пачуцьця, што апанавала іх душы. Але па жаночых тварах амаль нічога нельга было зразумець. А ўначы вохі і ўздыхі кулямі лёталі над пазасонечнай бяздушнай цывілізацыяй і не давалі заснуць цнатлівым грамадзянам цывілізаванай планеты.

У такія бяссонныя ночы Прэзыдэнт пазасонечнай цывілізацыі чытаў гісторыю Беларусі. А яшчэ з прэзыдэнцага кабінета раз-пораз чуўся рогат, што прыводзіла прэзыдэнцкую ахову ў шок. Напачатку і прэзыдэнскі ўрач вельмі хваляваўся. Бо сьмех лічыўся жудаснай заразнай хваробай. Але Прэзыдэнт даў і ўрачу пачытаць «Кулю для Прэзыдэнта», што падарыў яму Лявонаў унук. І з габінэта даносіўся падвоены рогат.

Перад самым палётам на Зямлю кіраўнік аховы папярэдзіў Прэзыдэнта пазасонечнай цывілізацыі, што лепш не ляцець, рызыкуючы, бо пачуцьці беларусаў вельмі моцныя, яго сэрца можа не вытрымаць, і тады -- сьмерць.

Прэзэдэнт адказаў:

-- Ты выклаў не ўсё. Прывёў толькі адмоўнае. Рызыка, безумоўна, вялікая. Але! Мая канкурэнтка на выбарах Прэзыдэнта ў праграму ўключыла вяртаньне ў душы людзей каханьня. Сацыёлагі сьведчаць, што гэтая мара апанавала амаль усіх, і рэйтынг суперніцы імкліва расьце. Таму, калі пасьля прылёту на зямлю мяне апануе каханьне і прыйдзе Сьмерць, тады бязмежна ўзрастае верагоднасьць атрымаць чароўную кветку – Князёўну-папараці. Для мяне асабіста і для нашай цывілізацыі гэта можа стаць лёсавызначальным! Тады я змагу даць сваім выбаршчыкам і каханьне і няўміручасьць.