Выбрать главу

І вось у адну такую жудасную ноч пераўзышла Сьмерць саму сябе ў вар'яцкім вынаходстве. Калі звычайна адбірала яна ў людзей жыцьцё, высмоктвала радасьць і шчасьце, дык гэтым разам вырашыла даць жыцьцё. Але жыцьцё не звычайнае - з каханьнем, дзецьмі, сябрамі - а жыцьцё, якое ўсё гэта панішчыць. І абранца патрэбнага падшукала.

І сьціхлі мерцьвякі ў тую гадзіну, і яшчэ больш вылупілі набрынялыя вочы тапельцы, і прачнуліся ў страшэнным прадчуваньні сумленныя людзі, а набрыдзь усялякая, наадварот, сны гідкамярзотныя смакавала, калі выйшла на засьнежаны бераг Серабранкі, пад Шкловам, сама Сьмерць. Зьмяла сьнег з ільду сваім памялом, якім звычайна зьмятае кроў з ахвяры. Дзьмухнула гнілізной на лёд -- адшліфавала яго. Ня лёд зрабіўся, а шкло. У мёртвай цішыні месяц у галавах завіс, не варухнецца, натужыўся цягнуць нешта цяжкае, а рэчка серабром пераліваецца. Ні брэху сабачага, ні духу чалавечага над ракой. Ну, якія тут народзіны?! Але...

Штосьці цьмянае і вялікае цяжка варухнулася на дне. І яшчэ больш пругкую цішыню навесіла ў навакольлі. За сто вёрстаў адсюль прачнуўся ў халодным поце на гарачым чарэне Лявонаў дзядзька. Палясоўшчыкам столькі жыцьцяў выратаваў, што сярод вяскоўцаў мала не за сьвятога лічыўся. Усё жыцьцё царкву абыходзіў, а тут па бажніцы ў чырвоным куце вачыма павёў і нечакана забытую малітву ўспомніў. Упаў з грукатам на падлогу: "Божа, абарані, аслані..."

А Сьмерць, касу і памяло ўбок адклаўшы, рукі-косткі з берагу над вірам узьнесла, мармыча, вохкае, здалёк быццам і да жанчыны цяжарнае стала падобная, бо рэбры ў яе раздаліся, як жывот у цяжарнай, і ў крыжы разапнулася ўшыркі. Напружылася Кашчавая, ногі растапырыла і зноў замерла, як крумкач над падлам. І з ільду рэшткі сьнегу ўзьняліся віхураю і ў жывот Сьмерці ўцягнуліся. А унізе, на дне захвалявалася, заварушылася нешта цёмнае, вялізнае і няўклюднае. А на беразе зноў заенчыла, трызьніць, амаль па-бабску з прыдыхам хліпае. І нейкая жвавасьць пабегла пад ільдом. Бо і ў нелюдзяў цяжкія народзіны! Закульгала нешта на дне, пачало ўздымацца чорна-тлустым слупам і тут жа схавалася гэтае "нешта" у цёмных клубах ускалочанага глею. Крумкачы ўзьняліся з вершалін дрэў і з крумканьнем кінулся на лёд, як да нябожчыка. Як толькі чорныя целы затулілі цёмную пляму, што варушылася пад лёдам, нябачная віхура ўзьняла іх, закруціла і ўцягнула груганоў праз рэбры ў нутро Сьмерці, дзе яны зьніклі і толькі рэха карканьня з яе нутра даляцела і зноў -- цішыня. Але ўсьлед вырвалася вялізная істота з падлёднай хмары, завісла на імгненне і ўпэўнена пасунулася ўгору. Б-у-у-у-м! Здрыгануўся лёд, але вытрымаў. І ў гэты момант разваліла марознае неба маланка, і ляснуў пярун, як пастух бізуном. "Навальніца на голы лес! За што, божухна..."-- з такой думкай і памёр пад лаўкай Лявонаў дзядзька, якога празвалі сьвятым. І не ён адзін. Адышлі тае ночы ў нябыт многія. У час начнога роздуму, каханьня гарачага, спакойнага сну пасля працы. І зьдзіўляўся люд, бо памерлі людзі чыстыя душой, абранцы шчасьця і лёсу. Пра такіх звычайна кажуць: "Добры чалавек доўга не жыве. Бог да сябе самых лепшых бярэ".

У тую ноч відаць Бог не толькі забіраў лепшых, каб пазбавіць іх ад пакутаў, бо жыцьцё пачыналася ў тых краях нярадаснае, але громам і бліскавіцамі, можа, хацеў прыпыніць народзіны Сьмерці, напалохаць дзіця Кашчавай, каб яно на свет Божы не з'явілася, але Сьмерць у той момант як усё роўна з глузду зьехала. Зусім забылася, што ёй наканавана волю Бога на зямлі выконваць, а не ўласнае жыццё ладзіць. Толькі адно яе магло б спыніць: каб Бог загадаў Сьмерці ўсё жывое з зямлі прыбраць.

Усявышні не стаў гэтага рабіць: відаць, вырашыў паглядзець, што з усяго гэтага выйдзе. А можа, Усявышні ў гэты момант нават і сьмяяўся з д'яблавых вычварэньняў, разважаючы, прыкладна так: «Гэта ж трэба прыдумаць, каб духам сваім д'яблавым змусіць зацяжарыць Кашчавую, ды падштурхнуць яе да народзінаў пачварных, калі яна, не як жанчына, зь сябе нарадзіць мусіць, а ў сябе пачвару ўцягнуць! Гэта што ж атрымліваецца? Ён, д'ябал, зь мяне зьдзеквацца надумаў? Пародыю з зацяжарваньня Марыі маім сьвятым духам наладзіў?! Што ж, тады і я згуляю сваю ролю ў гэтым спэктаклі!»