Выбрать главу

А тое тупое і тлустае, якое пасьля першага ўдару асела на дно, зноў узьнялося, разагналася і дзёўбнула лёд. Ледзяное шкло пайшло павуціньнем-шчылінамі, раскрылася і праз шырокую прагаліну істота пачварная прадралася, выскачыла над лёдам з шумам:

Ш-ш-у-р-р-ш-ш! і зь дзікім рогатам, явіўшы Сьмерці-маці пакрытае мохам і слізьзю цела. Рогат той падхапіла рэха, і крумкачы, што зноў зьляцеліся адусюль, наладзілі хорам гімн сьмяротны на радасьць Кашчавай. У людзей немаўлятка нараджаецца з крыкам, бо на радасьць, на ўсё астатняе жыцьцё. А Сьмерць, наадварот – нарадзіла, уцягнуўшы ў сваё нутро і шморганьне каменя аб лёд і шоргат аб рэбры, і ўвогульле ўсе гукі ўцягнула!

Кароткі каменны слуп, ракетаю вылецеўшы з вады праз лёд, праз рэбры трапіў у жывот Кашчавай і расьпёр ейныя рэбры. Ад болю завыла Кашчавая жанчын вар’яткамі лаючы за тое, што радзіць імкнуцца праз гэткі невыносны, катавальны боль, і за тое, што яе – уладарніцу жыцьця, гаспадыню сьмерці на народзіны спакусілі.

Сабрала Кашчавая апошнія сілы і выпхнула ўніз праз шчыліну ў тазавай костцы каменнага стода, зараўла ад болю.

Ён бразнуўся на лёд паміж ног матухны-Сьмерці, застыў нерухома, як нябожчык. І тут не па-людзку, бо ў жываце Кашчавай удыхнуў атрутнага паветра. Цьвільлю ад яго пацягнула, балотам сьмярдзючым. Вось табе й сынок!

Уздыхнула з палёгкай матухна-Сьмерць і каля сыночка-ідалочка ўкленчыла. А той удыхнуў зімовага паветра і слупам выпрастаўся. Кашчавая сьхілілася над “дзіцём”, замілавалася і пацалавала яго, ляснуўшы зубамі аб каменныя вусны. Хукнула ў камень, і той увабраў сьмертаносны подых іскрынкай жыцьцёвай – стодам ляжыць! Рот разьзявіў! Паклікала яго: «І-і!-Да-а-л!» Той не азваўся.

Тады Кашчавая выразала з яго галавы кулю. І шаптала нешта над ёй, і рукамі разводзіла, і ў далонях круціла, і ў рот клала. Потым у вогнішчы паліла, пад лёдам вытрымлівала, ў зёлках купала, ветрам севярыла.

Урэшце зачаравала кулю так, што тая магла ў залежнасьці ад волі Кашчавай абарочвацца і стогам саломы, і кастылямі-мыліцамі, і зямным шарам. Да таго ж куля магла кулем стаць -- сховішчам чалавечых пачуцьцяў. І вядома ж «пуляю» слугаваць. І магла тая куля несьці атруту чалавечай душы: скукожваць страхам і ачмураць захапленьнем. Ды не ўсю уладу над куляю атрымала Кашчавая. Як маці валодае дзіцём да часу, так сапраўдным ўладаром Кулі была не яна…

Зачараваўшы Кулю, Кашчавая кланавала Ідала зь яго простай зьвіліны. Клоны пахавала да пэўнага часу ў лясах і балотах.

Пасьля гэтага Сьмерць памяньціла аб Ідалаву галаву касу, нарэзала ёй каменных валасоў. Ад шморганьня касы аб галаву з каменя сыпанулі іскры, і маланкі паляцелі па краіне, ідал затросься ад страху, бы ў эпілептычным прыпадку. Сьмерць кашчавай пяцярнёй супакоіла, пагладзіла яго па раскроеным чэрапе, перакiнула каменныя валасы цераз лысiну, закрыўшы дзірку на галаве з грукатам, i прашкрэбла жалезнай касой дэкаратыўнае прадзела над вухам. Замілавана гледзячы на свайго сынка, цмокнула яго ў зачос, даўшы яму назву "Касмыль жарсьці", і натхнёна сказала: "И это хорошо!" І далей замармытала словы усявышняга: ”I дам iм сэрца адзiнае, i дух новы пакладу ў iх, i вазьму з плоцi iхняй сэрца каменнае, i дам iм сэрца цялеснае, каб яны хадзiлi паводле запаведзяў Маiх i трымалiся пастановаў Маiх, i выконвалi iх; i будуць Маiм народам, а Я буду iхнiм Богам". (Езэк., 11:19-20).

Калі Сьмерць трапіла ў пастку Богавага жарту – закахалася, а пасля – нарадзіла, даўшы жыцьцё Шклоўскаму Ідалу, двойчы парушыла яна Боскую завядзёнку.

І чакалі яе за тое адмысловыя выпрабаваньні ды пакараньні.

...І шмат хто прачнуўся ў ноч сьвятога сьмяротнага сьвята -- Ідалаву ноч - у Будучай Беларусі, адчуў продкавы боль ад навальнічнага ўдару, але не да абразоў кінуўся, а, памятаючы бабульчын запавет, сутаргава схапіў нацельны крыж, рэліквію, што засталася ад бацькоў, і ўпэўнена пакрочыў да віроў серабранскіх, дзе, як людзі казалі, зноў нешта чорнае пад лёдам заварушылася. І Лявон у сьне паклаў крыж бацькавы, як продкі наканавалі, на лёд над вірамі, запячатаў воляй чалавечай і спадчынай Хрыстовай выхад ідалам сьмерцяносным.

А яшчэ Лявон разам з хлопцамі раскладваў крыжы з сухастою на лёдзе над вірамі і палілі крыжы тыя цэлую ноч, каб вогненны знак Божы нагадаў Сьмерці, што яна служка Божая, ды ідала настрашыў караю Ўсявышняга…

Калі Лявон крыжык у лёд запячатваў, была ноч яго сапраўднага жыцьця, а калі потым крыжы з сухастою паліў, быў у начы сваёй сапраўднай, але неверагодна далёкай будучыні, а насамрэч тыя падзеі былі адначасова. Лявонава ноч і тая, што на некалькі стагодзьдзяў наперад будзе, раптам саўпалі і Лявон са свайго сну ў будучую ноч трапіў і назад у свой сон вярнуўся. Відаць у тую ноч Боскія і д'ябальскія сілы дужыліся, за ўладу над часам, прасторай і душамі дэманструючы сваю моц на Лявоне.