Выбрать главу

А Сьмерць радавалася, што ўдаліся народзіны: падскоквала, віскатала. А калі крыху ўсцішылася, уклала ў сынка жыцьцё неўміручае з мэтаю сьмяротнаю. Бачыла, як пакутуе ад жыцця яе сынок, які, не паспеўшы нарадзіцца, ужо трызніць аб сьмерці. Прадчувала, што Шклоўскі Ідал ўсё вакол сябе зможа падпарадкаваць і да яе, Кашчавай, прывесьці. Толькі прадчуваньне шчасьця нараджала ў яе прагу болю. Не хапала ёй Лявонавага каханьня.

ЧАРКАВАНЬНЕ -- ЯК З ЛЮБІМЫМІ СЯБРАМІ РАЗВІТАНЬНЕ

А Лявон зьбіраўся ў будучыню, як на ўласнае пахаваньне. Рыхтаваўся згуляць у «Русскую рулетку» і думаў: «Як туды трапіць? На кані паскакаць, ці па рацэ плотам даплыць? А мо трэба напіцца ці праз зельле чароўне ў сон праваліцца?!»

І Выліваха вырашыў зладзіць вячэру, запрасіць сяброў ды параіцца. Да сябе ў родавы замак у Жэбеньцяі запрасіў усіх, каго добра ведаў. Нават аднаго старога, якога ўсе мелі за вар'ята, бо ён ўвесь час плёў нешта няўцямнае, а калі зь яго сьмяяліся, не крыўдаваў. Празвалі яго Сакратам. Стары калісьці сябраваў з бацькам, загадваў бацькавай бібліятэкай і сам пісаў нешта.

Сталы накрылі ў двары, бо на небе ні хмурынкі не было. Зладзілі драўляныя "козлы" і на іх паклалі негабляваныя дошкі. Сталы паставілі па старой завядзёнцы -- падковай.

Колькі гімнаў спета чаркаваньню! Колькі слоў перабрана і адкінута дзеля апісаньня гэтай слаўнай працы, сапраўднага мастацтва чалавечых зносінаў. Не дзеля п'янства ліхога, а дзеля ўзьнёсласьці душэўнай і ўрачыстасьці цялеснай бяруцца сапраўдныя мужыкі за чаркі і не апускаюць, пакуль не пераканаюцца, што мужыкі яны сапраўдныя, а не нейкія бязглуздыя істоты ў штанах. І не чмурам б'юць гарэлка і медавуха ў галовы, калі гэта сапраўдныя галовы, а думкі, як іскры, праменіць і вочы ад сьмецьця дзённай мітусьні прамывае, прасьвятляе пачуцьці. І бачыш прыгожае ясна-ясна, і часьцінкай гэтага прыгожага пачуваешся. І вой як жыць хораша, і дыхаць на поўныя грудзі, нават не дыхаць, а піць паветра, келіхамі, што з віроў паветраных над лугамі ўтвораны, ўцягваць у сябе жыцьцядайныя водары, прыхоўваючы дзеля вялікага, высакароднага.

Але ці толькі ў напоі шчасьце (аднаму, праўда, чаркі хапае, а другому - вядро якраз). Вадзіца гэта чароўная, празрыстая, бы сьляза, пякучая, як каханьне. Разумнаму -- здабытак, дурню -- ліха... А галоўнае, мабыць, што дом ёсьць, пакой сьветлы, а ў ім стол вялікі, а за сталом сябры, як сям'я, нават бліжэй, бо крывёю ў бітвах парадніліся, а ў вокнах -- лес, рака і поле. Такія родныя і чыстыя, бы ў лазьні памыліся -- так дожджык абмыў. І песьня гучыць, і п'яніць і цьвярэзіць! Хоць і выпіта нямала! І плячом плячо адчуваеш, і дыхаеш-сьпяваеш, як цалуеш і кахаеш! Як і сусед твой -- сябра. І зьвініць штосьці ў грудзях: не адзін ты на сьвеце гэтым. Такія ж, як ты,-- поплеч і поруч. Каравай адзін ламаюць і лёс дзеляць, плачуць і сьмяюцца разам... А дзьверы ў тым доме не зачыняюцца нанач. Няма ад каго хавацца, няма чаго хаваць. І, галоўнае, душа гаспадара, як дзьверы ў тым доме, таксама заўсёды наросхрыст. А калі на вуліцы зь сябрамі за сталом, дык дом твой, беларус, -- суцэльны свет, дах -- зорнае неба, што праменіць любоў і водар кветак.

Так думаў Выліваха, рассаджваючы сяброў, стол аглядаючы. І было тут на каго і на што паглядзець. Моцныя, гожыя ў паставе і ясныя тварам мужыкі -- бы гарэлка жытнёвая -- "хлеб надзённы", ці пшанічная -- "хлеб сьвяточны". А на іншыя твары глянеш, дык у каго твар, як анісаўка, у каго, як камяноўка, палыноўка ці цымонаўка, настойка на персікавых костачках. І твары гэтыя ў гарэлцы адпаведнай, як у люстры, бачныя. А кабеты і маладыя дзяўчаты -- як пяшчотнае і падманліва мяккае віно.

І, як вострая заморская прыправа, без якой страўнік на ежу і не адгукаецца, стары сябра габрэй Пэйцах насупраць Лявона. Сівыя пэйсы, вочы Хрыста, а на вуснах усьмешка гандляра, штукара, пакепніка. Ніколі за адным сталом ім сядзець не даводзілася, бо мяжа была каставая мацнейшая за мяжу паміж жыцьцём і сьмерцю. А тут селі. І кожны -- і Лявон, і стары габрэй перайшлі сваю мяжу, бо Выліваха зьбіраўся згуляць з Кашчавай і перамагчы, а ў гульні той незвычайнай і так можа стацца, што жарт мацней за кулю паляціць ці, як звыштрывалы шчыт, ад хаўрусьнікаў Сьмерці абароніць. А габрэйскі жарт Сьмерцьцю выпрабаваны. Селі разам -- значыць, сэнс у сёньняшняга сталаваньня адмысловы будзе. Сапраўдны беларус без сапраўднага габрэя -- што бульба без солі. Пакуты ад нядолі аднолькавыя, упартасьць у барацьбе за сваё роднае -- таксама. Таму і цягне Лявона да Пэйцаха, а Пэйцаха да Лявона.