На пытаньне госьця пра качку Лявон адказаў рэзка, як адрэзаў:
-- Такіх качак ніколі ў мяне не было і не будзе! А вось іншыя птушкі, дык калі ласка, частуйцеся! -- Пад гэтыя словы на сярэдзіну "падковы" вынесьлі вялізны пірог. Лявон загадаў наліць гасьцям і сказаў тост: "Каб вы, госьцейкі дарагія, напіліся ды не пабіліся!” Як толькі чаркі ў гасьцей паказалі дно, Выліваха падміргнуў служку, той разрэзаў пірог, і адтуль з крыкам вылецеў певень, засьпяваў, ускочыў на стол, пабег уздоўж. Спыняўся каля тых хто паклаў ўжо галаву ў талерку, біў іх па галаве крыламі, дзёўб у патыліцу. Пасьля некалькіх удараў заснулы прадзіраў вочы, махаў рукамі, праганяў пеўня пад рогат гасьцей.
Вэрхал падняўся неверагодны. А адзін знаўца трапна зазначыў:
-- Гэта шклоўскі певень! Іх спецыяльна на гэта муштруюць!
Калі певень разбудзіў паснулых, Выліваха загадаў:
-- На патэльню пеўня! І падаць абражаным на сатысфакцыю!
І зноў рогат, і нават пакрыўджаныя кінуліся абдымаць і цалаваць Выліваху. А Сакрат толькі ўсьміхаецца. Быццам і няма яго за сталом. Спажывае гарэлачку, як верабей п'е, а есьць толькі вачыма. Паглядзеў на яго Выліваха і адчуў, што за сталом толькі ён ды стары аднолькава ўсё разумеюць і адчуваюць. І так не вельмі вясёлы быў Выліваха, а тут успомніў пра нешта сваё, патаемнае... параўнаў сябе з качкай на стале на баляваньні ў Сьмерці... страшна.
І сябры -- іх Бог на зямлі на тое і стварыў -- смутак Лявонаў зьмецілі, прыціхлі, а гэтага Сымонка якраз і чакаў, дзеля стоенай цішыні жыў. І прачнулася скрыпачка, і ўжо не відаць было, дзе яна, а дзе рукі хлапчука, ці яго душа. Падрыжалі струны хрыпам са сну і праз хвілю гук ўзьвіўся жаўручком і рассыпаўся па душах чароўнымі смыкамі, якія абудзілі ў кожным сэрцы сваю патаемную скрыпачку. А жаўрукі са струн шчыравалі, заліваліся. Уверх, як па сонечным праменьчыку узьляталі, весялосьцю захліпаліся. Госьці ў абдымкі адзін аднаму кінуліся, сьлёз радасьці не хавалі, сьпяваць спрабавалі. Калі жаўрук уніз камянем падаў, -- журбою, тугою ўмываўся. І жах людзей браў. Першабытны, халодны, сьлізкі. Хоць Дабро і Зло хатамі вокны ў вокны жывуць, хоць няма бяз гора і радасьці музыкі сапраўднай, аднак ці лягчэй ад гэтага душы чалавечай. Але ўсё роўна ні песню не кідалі, ні абдымкаў моцных (усё ж такі гора сябры лягчэй дзеляць, чым радасьць). А тугу і смутак сапраўдны сябар толькі сабе пакідае.
Апусьціў Сымон чароўныя руку са смыкам, скрыпачцы даў падзівіцца на людзей, а душам -- супакоіцца. Уздыхнулі: хто з палёгкай, хто з сумам. Каторы раз здзівіўся Выліваха, як з гэтага кавалка драўлянага і з жылаў грубых такая моц па душах шыбае. Чаруе. Нават калі гук аціх, чаруе душу.
-- Вось такое, пане-дабрадзею, чаркаваньне...-- кінуў хтосьці, як разьвітаўся.
І ў гэты момант (іншага не прыгадаць было) падышоў да Лявона Сакрат. Супакоіў паглядам, рукой руку падхапіў і загаварыў, вачэй не адводзячы.
-- Што здарылася, сынок?
Лявон павагаўся:
-- Пра будучыню думаю, шаноўны, як туды трапіць.
Хваляць Лявона сябры за незвычайны жарт і кпяць:
-- Відаць, карціць кветкі на сваю магілу ўскласьці?
-- Не! Ён сасьніў прыгажуню з будучыні і закахаўся!
Лявон адбіваўся:
Мне, сапраўды, туды трэба! Там лёс нашчадкаў будзе вырашацца…
-- І ты, Лявон, лічыш, што нашчадкі дурнейшыя за нас?
-- Скажы, Лявон, шчыра. Відаць, дазнаўся, што ў будучыні такія напоі ёсць, што нетолькі галаву хмеляць, а і цела малодзяць так, што дзяўчаты да цябе як пчолы на кветнік!
-- А можа там напой вечнай маладосьці прыдумалі і каханьнем адорваць навучыліся!
-- Ну, і жартаўнік ты, Лявон! Але нас чаму не паважаеш, калі ў нашым часе кідаеш?
-- Ды не, сябры шаноўныя! Вы мне і ў будучыні былі б дарункам боскім, але ж і сам пакуль не ведаю, як туды праскочыць, што з сабою ці часам зрабіць, каб у будучыні пабыць. А можа гэта пастка сьмяротная? Тады навошта ўсім гінуць? І калі так, тады адпомсьціце за мяне...
І яшчэ голас:
-- Мудра робіш, Лявон, можа ў будучыні ад ідала і ўцячэш…
-- Якога ідала? – зьдзіўлена спытаў Выліваха.
-- А вось якога… ты свайго прапрадзеда і прапрабабку ведаеш?
-- А як жа!
-- Дык вось, твая прапрабабка аднойчы ідалу тырчак адбіла, а прапрадзед твой таго ідала ў рэчку ськінуў.
-- Чуў пра гэта, як і аб тым, што яны ў яме пазнаёміліся, а калі іх выпусьцілі, ажаніліся. Але не верыў – думаў, што гэта міт.