Слухай, што скажуць камяні, калі іх гойны настой будзе лашчыць. Для іх гэта найшчасьлівейшы час. А для нас -- часьцінка сакрэта боскага каханьня…якое лучыць душы зёлак, кветак і камянёў.
Ад цела свайго зараз цалкам адцурайся -- хай гартуюць яго. А душу расхіні, бо яна злучыцца з магутнымі душамі. Яны ўжо шэпчуць пра нешта. Ціха! Чуеш? што яны гавораць...
Выліваха глыбока ўдыхнуў, увабраў у грудзі горыч, і кроплі поту зьліліся ў танюткія ручайкі і пабеглі ўніз па целе, казычачы скуру. І зноў Выліваха спытаў:
-- А ці ёсьць сярод гэтых кветак папараць?
-- Можа, і ёсць. Можа, нават Князёўна папараці…
-- Як гэта? што за Князёўна?
-- Уладарніца чароўных кветак папараці.
-- Беларус, які перад тварам Сьмерці не толькі не палохаўся, а, надварот, закахаўся ў дзяўчыну ці ў жанчыну, -- адорваўся Богам Князёўнай папараці.
-- Князёўна папараці -- кветка мае сакрэт, якога людзі не ведаюць, а Сьмерць яго каму і адкрые, дык тут жа да сябе таго чалавека і возьме. Хавае Кашчавая сакрэт кветкі-чараўніцы.
-- А ты адкуль даведаўся?
-- Ад твайго бацькі.
-- У чым ён?
-- Кветка-чараўніца надзяляла абранца незвычайным зрокам. Мог ён
разгледзець у душы любога чалавека зародак каханьня і прывід сьмерці.
Князёўна папараці бараніла ад Сьмерці.
Стары лінуў на камяні, яны запыхкалі, зашапацелі. Старац казаў, а Лявону падалося, што камяні шэпчуць: «Так-х-так-х… ках-ханьне… ч-шаканьне…
Стары, адкінуў галаву, заплюшчыў вочы і прамаўляў ужо аднекуль з іншага свету:
-- Каханьне тое ўзносіць да чароўных зорак, ўзвышае чалавека да боскіх вяршынь, адольваючы зямныя страхі.
Князёўна дае ўладальніку разумець мову ідалаў.
І галоўнае Князёўна папараці робіць Боскага абраньніка ўладаром кулі.
--Якой? – спытаў Лявон.
-- Той, якая можа ягоны лёс вырашыць ці лёс ворага. Той, якая можа зьмяніць лёс народа.
Так што, можа, нехта з тутэйшых Сьмерць сустрэў і не спалохаўся, а закахаўся. Вось і далася тады кветка-чараўніца яму ў рукі. І падарыў ён тую кветку каханай, а яна занесла Боскі дарунак з зёлкамі, што назьбірала, у лазьню…
І тут Лявон прыгадаў бацькаў расказ, што калі Сьмерць бацьку да сябе забірала і да Ладзьдзі роспачы вяла, адбылося незвычайнае.
Сустрэлі яны вясковую прыгажуню. Сьмерць убачыла ў бацькавых вачах апошняе полымя каханьня, і такая зайздрасьць апаліла яе, такая нянавісьць да жыцьця й дзяўчыны, што яе белыя рэбры пад чорным балахонам імгненна разагрэліся, бы галінкі ў вогнішчы, абвугліліся, счарнелі.
Зачараваная бацькавым каханьнем, дзяўчына нырнула ў яго вочы, прытулілася да яго грудзей і жыцьцё ёй без каханага стала непатрэбным.
Сьмерць кінулася тады да бацькі, каб вырваць Князёўну папараці, але стрымалася, ведала, што кветку тую сілай не возьмеш. Засаромелася свайго чорнага выгляду.
Сьмерць роспачна загадала бацьку:
“-- Кветка...
Гервасій здзівіўся
-- Шыпшыну? Табе?
Смерць засмяялася:
-- Глядзі, Выліваха, пашкадуеш. Наўрад ці ты так трымаў бы сябе, каб ведаў, які падарунак я табе прызапасіла..”. (Ул. Караткевіч. Ладзьдзя роспачы).
А кветкай Лявонаў бацька адорыў вясковую прыгажуню.
Старац працягваў:
-- Ніхто і ніколі не бачыў, не сустракаў і не чуў пра таго чалавека, якому пашчасьціла знайсьці кветку папараці. І беларусы пачалі лічыць, што яна – з казкі. І кожны год сьвяткуючы ноч на Купалу і папараць-кветку шукаючы, быццам гульню гулялі.
Зноў Лявон лінуў вады на камяні, і яны адказалі стрэлам: «Так-х – так-х», гарачымі абдымкамі парай і шэптам: «Сак-хрэт…за-хфа-вфаць…п-фа-п-фа-раць…к-х-а-ха-ць»
Лявон спытаў:
-- А куды пасьля сьмерці бацькі Князёўна трапляе? Можа ды сыноў?
-- Можа...І гэты сакрэт ведаў твой бацька, але не пасьпеў мне сказаць.
-- Сядзелі моўчкі, думаючы аб лёсе Князёўны папараці. Падкідалі ў печ, слухаючы перашэпт камянёў і траваў.
Лявон спытаў:
-- А як даведацца, што годзе парыцца?
-- Зараз… Хадзем.
Яны выйшлі пад зоркі. Маладзенькі месяц назіраў за хаўрусьнікамі з-за хмаркі. Лявон глыбока ўдыхнуў:
-- Дыхаецца, бы крынічную вадзіцу п’еш!
-- Гэта-па першае.
-- А па другое? – перапытаў Лявон.
-- А чаго табе цяпер хочацца больш за ўсё?
-- Узьляцець.. ляцець, да зорак цягне…і вопратка не патрэбная і крылы адчуваю. Мне зоркі цяпер -- як родныя браты і сёстры.
-- Вось табе другая азнака. У табе зорная душа абудзілася.
-- Як зорная? А якія душы мы яшчэ маем? Я думаў толькі адну – чалавечую, што з Боскай знітавана…