-- Беларусы шмат душ маюць. Калі жарам нашы целы плавіла. Тады нашы кветкавыя душы абуджаліся, што з паганскімі багамі нас лучаць. Іх сваім каханьнем абуджалі з пары чароўныя зёлкі і камяні, зьліваючыся.
Калісьці беларусы былі кветкамі, семя якіх трапіла ад зорак. Нашы продкі-кветкі маглі хадзіць, лётаць і абарочвацца. Потым мы абярнуліся ў жывёл і набылі жывёльную душу. Пазьней нашы душы набылі крылы і палёт стаў сэнсам існаваньня для шмат каго. І гэта ўсё было дадзена нам, каб мы, стаўшы людзьмі, маглі выжыць у любых варунках. І ўсе заваёўнікі выбівалі і выпальвалі з беларусаў Богам дадзеныя душы.
-- А якія яны – люцкія душы? – Спытаў Лявон.
-- Ня ведаю. І, шчыра кажучы, ня ўпэўнены, што беларусы іх набудуць. Вось сяляне жывуць горш за скаціну. А паны, што шаблю ў гной на возе ўторкваюць, як гады на пузе перад магнатамі коўзаюцца, магнаты ж драпежнікамі адзін аднаму глоткі грызуць. Калі стомяцца, віно цэбрамі глыкчуць і дзевак гвалцяць. Ні ў кога людзкай душы не бачна.
Габрэі -- Богаабраны народ на зямлі. Іх Бог сорак год праз Майсея вадзіў па пустэльні, каб памер апошни габрэй з рабскай душою перад тым як увайсьці ў зямлю абетаваную. Беларусы – Богаабраны зорны народ. Нас Усявышні будзе сорак год насіць па касьмічнай пустэльне, каб, блукаючы паміж зорак, памёр апошні раб, апошні ідалапаклонец, і абудзіліся нашы касьмічныя душы і тады Бог заселіць беларусамі новую планету, бо на зямлі, нам відаць ня будзе месца…
-- Чаму?! Усклікнуў шакаваны Лявон.
Памятаеш, як у Новым запавеце сказана, што будзе другое Хрыстова Прышэсьце? І ўпадзе зорка Палын- Чорнабыльнік. На беларусаў яна трапіць… і смерцьцю атруціць ваду і зямлю, целы нашы і нашых дзетак…
А зараз што адчуваеш?
Лявон прыслухаўся да тахтаньня сэрца і адказаў:
-- Унутры бухкае ды ў такт вунь той зорачцы, што міргае, а яшчэ…-- Лявон зноў знерухомеў, -- чую быццам шэпт ад зорак ідзе, ці гэта лісьцё шапоча, а можа, трава, а можа, яны ўсе паміж сабой перашэптваюцца ціхенька, каб людзі не пачулі...
-- А я думаю, што нам зоркі нешта хочуць сказаць, але мы пакуль іх не разумеем, -- дадаў старац і падсумаваў:
-- Трэба нам яшчэ разок выпарыцца.
Яшчэ раз аддаўшыся гоману камянёў, ласкам гойнага жару і моцнаму дотыку бярвеньня, скочылі яны ў вялізарную бочку з ледзяной вадой. З яе куляй пераскочылі ў бочку з вадой цяплыні цела маці. Там для іх зямны час спыніўся. І толькі мігценьне зорак адлічвала зорны час.
Калі вярнуліся ў зямны час, старац спытаў:
-- Што адчуваеш, Лявон?
-- Як толькі на сьвет нарадзіўся! І, здаецца, разумею, пра што трава шапоча, пра што зоркі гавораць… Яны кажуць, як любяць адно аднаго і разам Бога; як цудоўна жыць!
Абмыліся. І тут Лявон зьдзівіўся:
-- Цела дыхае, быццам скуры няма! І душа дыхае, быццам цела няма! І яшчэ жару хоча…
Яны зноў залезьлі пад столь, прытуліліся да бярвеньняў, падкінулі ў печ, і жар ахінуў душу. Лявон прыслухаўся і павольна выдыхнуў:
-- А зараз хочацца нырнуць і плыць... у зорным сьвятле плыць!
-- Я ведаю. Хадзем.
Яны выйшлі да зорак. Раса, што пасерабрыла траву, укленьчыла Лявона. Ён далонямі набраў расы, абмыў твар, а потым лёг у траву.
-- Вось і плыві, -- сказаў старац, -- у гэтай расе -- сіла зямлі з сокаў траў і кветак і промні зорак, што жывуць у кожнай расінцы, як у доме – зоркавыя душы. Іх нарадзілі наша багіня ўрадлівасьці і Бог, які стварыў сусьвет. Зорныя душы – павадыры, што правядуць беларусаў да зорак.
Сіла зямлі не дасць зьбіць цябе з ног аніякім злыдням, а моц неба абудзіць у табе такую прагу палёту, што па жыцьці ніколі поўзаць не будзеш -- толькі лётаць. Раса гэтая колькі б ты ня піў, колькі б цябе ня чмурылі – цвярозым і бадзёрым захавае.
І Лявон даў нырца у срэбныя прамяні, і росная жывіца напойвалася яго целам покуль каціўся па траве. Скура гарэла. Трава пакідала парэзы, і праз іх скура піла расу – моц зямлі, гойнасьць травы і прыцягальнасьць зорак. Хмель зьнік. А на цёмны след на срэбранай траве ад Лявона накрыла нябачная цень ад чорнай постаці... Лявон як адчуў нешта, на ногі пружыністыя так ўскочыў, як да бойкі гатовы. Старац зіхацеў:
-- Вось і выпарыліся.
А Лявона расьпірала. Ён, узняўшы рукі да неба, крычаў:
-- Божа! Вялікі дзякуй табе за рай на зямлі! Калі мяне прыбярэш да сябе і будзеш доўга вагацца, куды зьмясьціць, дазволь пачакаць мне ў Пётравай парыльні!
І падумаў:
-- Калі пасьля патраплю ў пекла, любую спякоту вытрымаю. А калі – у рай… у Бібліі пра лазню нічога не сказана, а рай без парыльні для сапраўднага беларуса – недасканалы. Тады такую ж лазьню, як у Пятра, зраблю.