Выбрать главу
ФУТАРАЛ ЧАСУ

Лявон думаў, што каб падабрацца бліжэй да спадужніка, трэба было б набыць здольнасьці рабіцца нябачным і вандраваць у часе. Як жа гэта зрабіць?

І ўспомніў пра бабульчын сшытак. Пайшоў у бібліятэку. Праз расчыненыя вокны ўварваўся вецер і насіўся ўздоўж кніжных паліцаў, імкнучыся паразгортваць кнігі, выведаўшы іх тайну, а яны, цесна сьціснуўшы старонкі вокладкамі тэчак, як сьцісквае калені цнатлівая дзяўчына, шэптам адмаўлялі яму. Лявон насьцярожыўся, быццам у паветры быў той, хто хацеў выведаць таямніцы спадчыны Лявонавага роду. За акном грукнула, і за сьпінай рыпнула дзвярына. Лявон уздрыгануў, абярнуўся – на парозе стаяў Сакрат і лагодна ўсьміхаўся, прамаўляючы:

-- Вось і прыйшла арабінавая ноч. Сёньня ўся нечысьць папрэ наверх на свой сход абіраць завадатара. Калі абьяднаюцца вакол аднаго на зямлі, тады іх моц у сто разоў памножыцца.

Пярун ужо сьцебануў па іх, папярэдзіў, што ўсё бачыць і не дазволіць ім на зямлі хаўрус наладзіць.

І бачыш як Падвей на іх дзьме... І так пачынаецца кожны год.

За акном зноў грукнула, і вецер наваліўся на вокны. Лявон супакоіўся і спытаў:

-- І кожны раз яму ўдаецца загнаць іх назад?

-- Не. Аслаблі нашыя багі. Усё часьцей бяда прыходзіць на нашыя землі, -- адказаў мудрэц.

-- А можа, гэта справа рук чужынцаў? Нашая ж нечысьць вялікага зла не робіць. А чужынцам Пярун -- ня Бог.

-- Можа, і так, а можа, старыя багі нам так помсьцяць і пра сябе нагадваюць, бо забывацца пра іх пачалі -- не тое, што нашыя продкі. Жывем кожны сам па сабе…

Селі.

-- Што ж бабуля падкажа,-- мармытаў Лявон, гартаючы яе сшытак. Да яго на калені ўскочыў чорны з белымі вусікамі каток, уладкаваўся і таксама глядзеў на старонкі, быццам чытаў.

Каток стаў заднімі лапкамі на Лявонавы калені, абняў яго за шыю, як той дзіцёнак, і пачаў лізаць шчокі і вусны. Лявон чмокнуў яго і ў роспачы, спытаў:

-- Што ж рабіць, каб навучыцца нябачным быць і ў будучыню трапіць? Так… Так… Як нябачным стаць напісана, а вось у будучыню як трапіць ні слова, ні поўслова.

Сакрат падышоў да вялізарнай басэтлі ў куце бібліятэкі:

-- Калі табе бабульчына спадчына не падыходзіць, вось табе бацькава. Станеш у футарал басэтлі і ўявіш мэлёдыю спыненага часу, куды хочаш трапіць, і футарал перанясе цябе туды.

-- Адкуль чароўны футарал?

Спытаў Лявон.

-- Твой бацька больш за ўсе на сьвеце, любіў майстраваць скрыпкі. Марыў зрабіць такую, каб яна чаравала каханую. Урэшце твой бацька зрабіў, але ня скрыпку -- басэтлю. І футарал для яе зрабіў. Калі граў жалобнае -- неба плакала сітнічкам, граў сьмешнае -- сьмяялася нават сонейка. Калі басэтля грала задуменнае, жалобнае ці скрушнае -- аціхалі птушкі, зьвяры і вецер. Калі граў, размаўляючы з басэтляй -- у прыродзе ўсё гаманіла і людзі дамаўляліся.

Басэтля пераўтварала ўсё навокал, ўладарыла жывым.

Але нядоўга чаравала басэтля. Яе аднойчы слухаў хлопец, які пакахаў дзяўчыну. Яе аддалі замуж за іншага і яны зьехалі кудысьці вельмі далёка. Ён, слухаючы басэтлю, трапіў да яе. Што та там крывавае адбылося. Пасьля вяртаньня хлопец памёр. Пасьля гэтага больш ніхто ня чуў басэтлю. Яна зьнікла з з зычыненай шафы. А замок не кранутым, зачыненым застаўся. Толькі Бог мог так узяць, ці чорт. А футарал застаўся.

Думалі на Хапуна, але ўсе казалі, што Хапун кляўся перад нашымі багамі, што не крануў тую басэтлю. Не, ня чорт браў. Чорт той бы і футарал прыхапіў. А Ўсявышні па-Боску падзяліў. Вось гэты футарал у спадчыну табе і дастаўся, і атрымліваецца, што не толькі ад бацькі... А душа, здольная сьпяваць мелодыі спыненага часу, табе дакладна бацька перадаў.

-- А адкуль даведаліся, што футарал ловіць час у пастку? – спытаў Лявон.

-- Ня проста ловіць, а злучае чалавека і яго спынены час. Робіць яго ўладаром часу.

Твой бацька некалькі раз спрабаваў. Казкі, якія ён табе, маленькаму расказваў, былі аповедамі з тых падарожжаў. Відаць нейкая чараўнічасьць ад тых казак у тваёй душы ўзьнікла.

А калі бацька стаў стары, нямоглы. Пры мне стаў у футарал, разьвітаўся і больш яго не бачылі.

-- Дык яго ж хавалі…

-- Пустую труну хавалі. Пра гэта толькі я і твая маці ведалі. Людзям сказалі, што яго ў бітве так зьнявечылі, што глядзець страшна…

Так што ў спадчыну табе бацька акрамя дома і зямлі пакінуў чароўны футарал, які можа цябе куды заўгодна па часе даставіць, а можа нават і да яго…

Лявон спрабаваў уявіць, як гэта можа быць і ня змог. “

Аж галава забалела ад пытаньняў і галоўнае задаў:

-- А як узгадаць мэлёдыю спыненага часу, калі там не бываў і тых песень не чуў?