Асабліва пакутуе ўся наша эліта -- нечысьць. Чорт -- дык якімі толькі чарцякамі не абкладаў тую істоту! Тлусты Цмок і той разварушыўся і да мяне запоўз, каб я і за яго папрасіў. І жалезная баба і злыдні – усе цябе прасілі. Бо мы хоць шкоду робім, але ж да сьмерці не даводзім, мы не зьдзекуемся з людзей, бо ўсе ж мы -- тутэйшыя... А праз гэтага хрыпатага зь дзіркай у галаве і роду невядомага на нас людзі усе беды сьпісваюць. А мы з-за гэтага прыхадня сваю сілу страцілі і такое адчуваньне, што паміраем. Час для нас быццам спыніўся!
Марня паслала мяне да Купальскага дзядка, а той і расказаў пра цябе, Лявон.
-- Што расказаў?
-- Сказаў дзядок, што не даваў табе папараць-кветку, што кветкі, якімі ён, Купальскі дзядок, адорвае, не маюць той моцы, што ты маеш. Ён сказаў, што ты Князёўнай папараці валодаеш, яна табе слугуе, а ён такой кветкі нават не бачыў.
-- І што з гэтага?
-- Ты можаш усё наладзіць. А я хачу табе дапамагчы, каб зноў усё было, як было. Каб мяне ніхто не штурхаў і не кідаў. Каб праца ў нашых багоў была. І каб людзі паміралі не ад жахлівай Сьмерці, а ад рогату!
Разьбярыся ты, Лявон, што там да чаго, ды навядзі парадак. Гэта не толькі маё жаданьне: і Лады й Дзявоі. А Лёля казала, што калі ты пазбавіш нас ад вырадка, тады каханьне тваё набудзе бязмежную моц, бо твая душа зможа ўзнаўляць каханьне беларусаў, якіх заўчасна прыбрала Сьмерць, і перадаваць гэтае каханьне тым, каго выратуеш.
-- А чаму багі самі не прыйшлі?
-- Яны побач. Ахоўваюць нашу сустрэчу, нават пад зямлёй. Аб ёй ніхто не мусіць ведаць, і каб ніхто не перашкодзіў. Нават нячысьцікі адмовіліся свайго прэзыдэнта абіраць, і Пяруном памірыліся. Бачыш, як усё аціхла…
І ўсе вырашылі, што я, Хіхатун, табе больш за ўсіх дапамагу, калі побач буду. А на шчасьце і посьпех я за вашымі плячыма паплакаў.
У будучыню вырашылі скіравацца ўтрох. Госьці даўно пайшлі дамоў. Перад тым, як зайсьці ў футарал Лявон аддаў усе распараджэньні на той час, покуль яго не будзе, і з надзеяй сказаў:
-- Можа там бацьку сустрэну…
-- А можа кулю! – адказаў стары.
-- Толькі б не дулю… -- ўточыў Хіхатун.
Праз вакно Лявон агледзеў свой двор. Зірнуў на верхаліны ялін, што плотам аддзялялі яго зямлю ад уладаньняў дружбака Вайжбуна. Над верхалінамі ўздымаўся дым, якога ні разу Лявон адтуль не бачыў. Хваляваньне стрымлівала падарожжа – ці не здарылася што з сябрам? Пачуў стрэлы, воклічы, лямант.
Памкнуўся да дзвярэй, каб з ганка, паглядзець: можа скача хто з весткай, як у пакой заскочылі незнаёмыя людзі. Лявон абурана крыкнуў, але стрэл у столь заглушыў яго крык. Удар у грудзі зьбіў на падлогу. На яго навалілася некалькі чалавек, прыціснулі да падлогі, дыхнулі водырам кіслай капусты з цыбуляй, рукі зьвязалі, потым паднялі і пасадзілі ў крэсла. Побач пасадзілі зьвязанага старога і толькі Хіхатун ціхенька стаяў у кутку ля футарала басэтлі і цікаваў. Бачыў як за Лявонавай і дзедавай сьпінамі сталі гатовыя да гвалту ўзброеныя людзі.
Да Лявона падыйшоў шляхецкага выгляду чалавек, засунуў у похвы шаблю і, прыціснуўшы руку да сэрца, ветліва сказаў:
-- Прашу прабачэньня, васпане! Даруйце мне гвалт, але інакш не мог выканаць загад. – Сказаўшы, сеў.
-- Што хочаце? – Узвіўся Лявон з крэсла, але некалькі чалавек ззаду наваліліся на плечы і ўціснулі ў крэсла.
-- Каб ноч дома пабыў.
-- Чаму?
-- Ня ведаю. Толькі загад такі, каб Вас да раніцы дома затрымаць, а ўсіх, хто да Вас прыйдзе, прапускаць і нікога не выпускаць.
-- Чый загад? – Усклікнуў Лявон і падумаў пра Кашчавую, што можа такім чынам нанесла першы ўдар у гульні ў рускую рулетку.
-- Загад Радзівіла Пане каханку.
-- Зусім звар’яцеў мечнік! А да ветру дазволіў выпускаць?
-- Выбачайце, васпане, дазволена, але, калі да ветру пойдзеце і зьбяжыце, тады мне не будзе праз што да ветру хадзіць – адсекчы абяцаў. Таму да ветру я вас зьвязаным вадзіць буду і сам штаны здымаць…
-- Можа і сраку падціраць?!
-- Так! Толькі каб да раніцы са двара ні нагой!
Лявон зарагатаў. Потым усталявалася цішыня.
З двара даляцеў тупат каня. Вершнік шпарка забег на ганак, загрукаталі дзверы:
-- Вашмосць Выліваха! Адчыніце! Бяда!
Радзівілаў паслугач жэстам указаў хаўрусьнікам стаць за дзьверы, і калі тыя сталі, адчыніў дзверы.
Госьць шпарка ўвайшоў і яго скруцілі, звязалі рукі і пасадзілі за стол.