Лявон пільна паглядзеў на сяброўку, потым на зоркі і раптам сам, дзівуючыся свайму адкрыцьцю сказаў:
-- Відаць, зоркі -- гэта душы беларусаў, якія не змаглі зберагчы любоў на зямлі, ці сваіх каханых. Вось і ўзьляцелі на неба і адтуль праменяць каханьне. Ты паглядзі на неба, колькі закаханых душ! -– усё абсыпана! Беларусы, відаць, самыя закаханыя людзі... І самыя няшчасныя, бо каханьню няўтульна на нашай зямлі, яно пакідае нас і жыве ў небе.
-- Каб гэта ўзяць ды вярнуць усё зорнае каханьне беларусаў на зямлю! Сапраўдны рай у краіне настаў бы! Кветнік каханьня.
-- А давай пашукаем паміж зорак месца для нашых душ!
-- Давай...
Яны ўглядзеліся ў зорнае неба. Іх позіркі, быццам крыламі, пераносілі іх з зоркі на зорку, нібы пчолак, -- з кветкі на кветку. Урэшце яны заляцелі ў чароўны сон -- брата каханьня.
Зоркі абярнуліся кветкамі. Бязмежны луг кветак - закаханых душаў прыняў іх мяккім дываном, і ўладарны голас аднекуль прарочыў:
“...памнажаючы памножу семя ваша, як зоркi нябесныя, i ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам семенi вашаму, i будуць валодаць ёю вечна”.
Абудзіў Лявона дзявочы голасочак-званочак:
-- О, Божачка! Які ж ты цуд стварыў! У кроплі расы сапраўднага беларуса пасадзіў! Барані яго, Божа, не дай гэтаму цуду зьнікнуць! А мне яго ніколі не забыць!
Лявон адкрыў вочы і падскочыў. Перад ім стаяла прыгажуня-прывід, якая ўпершыню зьявілася перад ім, калі Кашчавая прапанавала згуляць у рускую рулетку. Ён асьцярожна, каб не напалохаць, працягнуў да яе руку, памацаў валасы – спраўджваючы ці не сон. Упэўніўся – сапраўдная.
Яна сарамліва вочы долу апусьціла, а зь іх -- прамяні, а па іх хлопчык на азадачку сьлізгануў яму пад ногі. Узьняў рукі ўгору і кажа: «Тата! Тата! Уздымі! – хачу вунь тую!
Лявон працягнуў рукі хлопчыку і зірнуў уверх, а там сапраўды на блакіце неба зорка.
А дзяўчына вачыма прабегла з хлопчыка да зоркі паўз Лявонаў твар і позіркам ўзьнесла хлопчыка вышэй той зоркі. Толькі сьмех званочкам адтуль даляцеў і аціх.
Лявон агледзеўся. Вакол дрэвы. Каля лаўкі -- футарал ад басэтлі. Удалечыні – стары ходзіць паміж дрэвамі.
-- Дзе мы? -- Спытаў у дзяўчыны.
-- Пад Варшавай.
-- А ты мясцовая?
-- Не. Я з Беларусі. Клічуць мяне Настачка. Маці памерла, бацька зьнік, і ўсе кажуць, што яго слугі прэзыдэнскія забілі. Мяне бацькоўскія сябры забралі да сябе. Тут я звычайна зранку малюю расу. У кожнай кропельцы ёсць сонейка і божая кароўка, чароўнае казачнае вока і возера ў лясной глушы, зямная куля і мой дом на ёй.
Лявон угледзеўся ў расінкі і ў тон дзяўчыне сказаў:
-- А я бачу сьлёзы смалістай сасны і кроплі бярозавага соку -- "капеж" вясны. Павуцінку, як лёсу сьцяжынку, над якой ляціць празрыстым матыльком нечая душа.
-- А я часьцей за ўсё ў расе і дом свой бачу і бацьку, які глядзіць праз вакно. А тут раптам Вы… Я спачатку Вас у росных кульках убачыла, а потым ужо так…
Дзівачка шчырым беларусам захапілася, душа да воблакаў птушкаю ўзьляцела, сэрца закалацілася так, што зямля пад нагамі скаланулася, нібы ад землятрусу -- так прыходзіць сапраўднае каханьне да беларусаў.
Калісьці жарсьцю, як сілкамі, Выліваха імкнуўся ўтрымаць каханьне, зрабіць яго сваёй уласнасьцю. Але цяпер дявочая цнатлівасьць стала найвышэйшай каштоўнасьцю для Лявона.
Праз некалькі дзён Настачка ведала пра Лявона ўсё. Аднойчы ўзяла яго руку, асьцярожна замацавала на ёй бранзалет з гадзіньнікам і патлумачыла:
-- У ім партатыўны кампутар са сканэрам -- ён уштукаваны ў гадзіннік. Сканэр можа ў мазгах ідалаў чытаць.
-- Адкуль гэта? – зьдзівіўся Лявон.
-- Нашы хлопцы з Беларусі, што тут жывуць, зрабілі. Калі даведаліся пра цябе, вырашылі падарыць.
Лявон зьбіраўся ў загадкавую краіну і слухаў парады Сакрата:
-- Памятай, Лявон, што змагацца ты можаш толькі словамі і пачуцьцямі. Больш ніякай зброі табе ня дадзена ў будучыні. Ды яшчэ вера Богу.
Настачка дадала:
-- А Бог ёсьць любоў. Памятай, Лявон, што ты ў мяне адзіны. І калі стане цяжка, узгадай мае словы.
Кніга другая
Стрэл шклоўскага ідала
Лявон зьбіраўся ехаць у Мінск адзін у спальным купэ на двух пасажыраў. У купэ ўладкаваў рэчы, паклаў гадзіньнік на столік і ўключыў сканер.
Вагон крануўся і дзьверы купэ адчыніліся.
-- Добры дзень! – Бадзёра павітаўся пасажыр.
Агаломшаны Лявон спытаў:
-- Вы маеце сюды квіток? Я купіў білеты на ўсё купэ…