Выбрать главу

Нечаканы пасажыр дастаў такія ж квіткі з адной кішэні потым з сур’ёзным выглядам такія ж -- з другой, і яны зарагаталі.

-- Хрыстафер Паніка! – пазнаў Лявон. -- Вось дык сустрэча! Я вельмі рады!

-- Ён самы! – адказаў іншаземец у акулярах з маленькімі шкельцамі.

-- Якім лёсам!? – спытаў Лявон.

-- Еду на працу ў Мінск у Кансультатыўна Назіральную Группу ОБСЕ. Некалькі дзён быў дома – у ЗША. І вось зноў, як у вас кажуць, на працу.

Яны яшчэ крыху пагаманілі аб нязначным. І ўрэшце Хрыстафер спытаў:

-- А Вас, відаць, больш за ўсё цікавяць прэзыдэнты?

-- Вельмі! Я псіхоляг. Зьбіраюся пісаць кнігу пра ніх.

-- Тады раскажу табе пра тых, пра каго ні ў газэтах не напішуць, ні па тэлевізару не пакажуць.

Лявон засяродзіўся і Хрыстафер пачаў расказ.

Ад расказу пра народзіны Сьмерці Лявон зьніякавеў, забыўся, што сядзіць у цягніку. Не чуў нават грукату калёс. А Хрыстафер нястомна апавядаў:

«Адмыслова рыхтавала Кашчавая ажыўленага стода да бітваў.

Цяжкае дзяцінства яму наладзіла – без бацькі. Рос с пугай у руцэ і з марай усім адпомсьціць, усімі валодаць.

Дарослым на кожнай пасадзе трэніраваўся людзей ачмураць. Кіруючы саўгасам, упартым даводзіў кулаком у пысу. І як дзейнічала! Карацей усё рабіў як Першы Прэзыдэнт.

І вось нарэшце яна іспыт яму наладзіла адмысловы. Дала выступіць у тэлескрыні на ўсю краіну.

Той мовіў, і з гукаў яго голаса на экране ўзьнікалі пачвары ў чалавечым абліччы. Яны па-драпежніцку ценямі хадзілі вакол дамоў, і воклічы жаху скаланулі краіну.

І журналісты заклікалі народ да пільнасьці, як і ў часы Першага Прэзыдэнта:

“… мы живем в сатанинское время. Разрушительное наступление зла на нашем славянском поле как никогда сильно. Если мы не объединим свои силы, то это поле станет диким…

І бачыць народ на тэлеэкранах, што з Усходу каціцца лавіна вершнікаў з крывымі мечамі. Гэргэчуць, паветра сякуць і маладыя дрэўцы. Вось-вось дзетак пашынкуюць.

Наш герой у поле перад імі на кані выехаў, растраіўся на трох волатаў і папёр ворагаў. Сячэ іх, трупы кулямі складвае, а тыя, напалоханыя, вакол яго здальля скачуць і да вёсак і маленькіх гарадкоў прабіраюцца, да штурму рыхтуюцца.

Тры волаты зьліліся ў адным і ён імгненна на тэлеэкранах на тысячы памножыўся. І ў гарадкі і вёскі -- да народа, Прыгледзіліся людзі, бачаць, а іх абаронца на экранах дзеўкай абярнуўся Анастасіяй Слуцкай. Дзеўка позіркам спяпяліла нашэсьце. Людзі шчасьлівы, а збаўца папярэджвае, што вораг не зьгінуў, хоча ўраджай зьнішчыць.

І сапраўды ў маленькай тэлескрыні ўбачылі людзі як па ўсёй краіне з Захаду лятуць жукі каларадзкія да бульбы. Вось-вось усю бульбу зьядуць. Дзеўка зухаватым вясковым мужыком абярнулася, кліча народ на бітву за ўраджай, каб пугі бралі, набрыць секчы. Бачаць людзі, што Зух па-гаспадарску ў кожным гародчыку завіхаецца, жукоў ботамі трушчэліць. З хат павыскоквалі, ўсю бульбу пугамі пасеклі і зноў да экранаў. Бачаць, што жукі ў поле адпаўзьлі, НАТАўскімі жаўнерамі абярнуліся.

А Шклоўскі Ідал ужо з пагонамі і ў вялізнай маршальскай шапцы з брылём, што ў тэлеэкран неўлазіць, а ў кожнай кватэры паветра рэжа. І з тэлескрыні кліча людзей на вуліцы, крычыць пра небясьпеку. Бачаць людзі, што жукі-жаўнеры напалохаліся і рушылі ў неба па лесьвіцах, што са шрубалётаў ім ськінулі. А з-за хмар НАТАўскія самалёты-зьнішчальнікі ўжо лятуць бамбіць гароды.

Тут Ідал на экране з-за хлеўчука выляцеў ім насустрач, асядлаўшы ракету, бы вершнік. З вачэй як лупцане бліскавіцамі лазернымі па лятунах, дым -- да нябёсаў, крылы -- долу. Дзьмухнуў на іх, і ўзьнялася віхура да неба, і ўцягнула ў сябе жукоў, самалёты, шрубалёты зь лесьвіцамі. Зноў дзьмухнуў, і панесла тая віхура натаўскую навалу за акіян на амерыканскую радзіму, так, што там прыбрэжныя дамы зьнесла.

Бачаць людзі ў Шклоўскім Ідале – трох: Бога-Пяруна, Хрушчова, які чаравікам па трыбуне грукае, і вызваліцеля маршала Жукава, а той падсумоўвае: «Хто к нам прыдзёт каларадскія яйцы класьць, тот ад яіц і згіне!»

«Які мудры!” – захапляліся людзі.

А натхнёны Ідал з экрана кайданкамі трасе пагрозьліва і голасам Першага Прэзыдэнта прамаўляе:

“Бизнесмены – пиявки сосущие кровь”.

Людзі ж у сваіх хатах убачылі, як па падлозе з усіх шчылін паўзуць да іх крывасмокі-бізнесмены з тулавам як у п'яўкі і па сорак лап у кожнага. Людзі ногі падцягнулі і бачыцца ім, што бізнес-піяўкі па ножках крэсел паўзуць да цела народнага пруцца, каб кроў смактаць.

Лявон падцягнуў ногі і з прыкрасьцю паглядзеў на падлогу вагона -- там нікога.

Бачаць людзі на тэлеэкране, што Ідал самых тлустых спаймаў, кайданкі на ўсе лапы надзеў, і ў кожнай хаце выдых палёгкі – зьніклі крывасмокі.